|
Янка Брыль: “Калі б беларусу загадалі быць беларусам, які б гэта быў выдатны беларус!” |
Паваротка за Нёманам, і дарога неўзабаве пачынае кружляць у пагудастых сасновых барах. Зьбіцца зь яе не дае рака, якая раз-пораз паказваецца з правага боку між высушаных ліпеньскай сьпёкай паплавоў. Дарога вузее, як праехацца возам, і неўпрыкмет падкрадаецца да зацішнай лясной вёсачкі Крынічнае, дзе зь вясны да восені вось ужо больш за дваццаць гадоў жыве Янка Брыль, які нядаўна адзначыў сваё 85-годзьдзе. Да яго роднай вёскі Загоры адсюль напрасткі 12 кілямэтраў. З прыгадкі мясьцінаў, дзе пісьменьнік прыйшоў на сьвет, і пачалася нашая гутарка.
|
|
|
Міхась Скобла, Менск |
|
(Міхась Скобла: ) “Іван Антонавіч, нядаўна давялося ехаць паўз вашу Загору ў кірунку мястэчка Турэц. Уся дарога — нібы пад наглядам старой местачковай царквы. Падумалася, што вы, ходзячы па той дарозе ў Турэцкую школу, мусілі адчуваць на сабе ўплыў, прысутнасьць храма. Ці была рэлігійнай ваша сям’я?”
(Янка Брыль: ) “Бацьку я амаль ня памятаю — ён памёр, калі мне было шэсьць гадоў. Гадаваўся я пры маме — меншанькі, па ліку дзясяты ў сям’і, можна сказаць, любімчык. Мама была рэлігійная, набожная.
А адзін з маіх братоў, Ігнат, старэйшы за мяне на сямнаццаць гадоў, ён быў праваслаўным сьвятаром. І яго ўплыў, вядома ж, быў. Я толькі не магу зразумець, хто на каго больш уплываў — ці мама на яго, ці ён на маму. А мама й малілася, і спавядалася. Я памятаю, як яна неяк вярнулася з Турца, з абедні, села й кажа: “Во, хоць ачалавечысься, як у царкву сходзіш”.
Мама была непісьменная, але начытаная, як ні дзіўна гэта гучыць. Яна прымушала дзяцей чытаць ёй услых. Усё ж такі ў нашай сям’і былі два чалавекі з вышэйшай асьветай. А сёстры паканчалі царкоўна-прыходзкую школу.
Так што ўплыў на мяне быў — і маці, і брата. Пасьля вайны ўжо я зь ім перапісваўся — жыў ён на Ўрале. Ігнат ня быў, груба кажучы, папом-тарбахватам, ён быў ідэйным. Ён верыў, ён пакутаваў за веру, прайшоў як сьвятар і тайгу, і Беламорканал.
І толькі пасьля вайны, вярнуўшыся з пэдагагічнай работы на сьвятарскую, ён завочна закончыў Ленінградзкую духоўную сэмінарыю і памёр у сане протаярэя. Яго ідэалам з маленства быў Алёша Карамазаў Дастаеўскага. І я памятаю, як брат пісаў мне: “Достоевский — это писатель, а вы, инженеришки человеческих душ, мелко плаваете”.
(Скобла: ) “І вы не крыўдавалі на брата за гэткае прыніжэньне вас як пісьменьніка?”
(Брыль: ) “Ды не, я зь ім хіба паспрачацца мог. Прытым я сам быў закаханы ў Алёшу Карамазава. Памятаеш той эпізод, дзе Алёша пацалаваў зямлю? Я “Братоў Карамазавых” прачытаў вельмі рана, прытым па-польску. Аднойчы ішоў з суседняй вёскі позьняй парой і таксама паўтарыў учынак Карамазава. Хай гэта было наіўна, але — і сьвятасьцю маленства.
Так што злавацца на брата я ня мог. Бо на той час я ўжо ведаў, што такое “инженеры” і “инженеришки” чалавечых душ. Лухты ж я таксама многа чытаў — і літаратурнай, і нелітаратурнай, але абавязковай. Так што спрэчкі ў нас з братам былі на роўных”.
(Скобла: ) “Прожил жизнь — расскажи” — вядомае выказваньне Льва Талстога. Вы дзесьці прыгадвалі, што нават у чатырнаццатым выданьні вашага раману “Птушкі і гнёзды”, які шмат у чым аўтабіяграфічны, рэдактары не давалі вам “расказаць жыцьцё”, рабілі купюры. Ці часта цэнзары знаходзілі крамолу ў вашых творах?”
(Брыль: ) “Нават зачаста. З мае першай кніжкі апавяданьняў дырэктарам выдавецтва М.Клімковічам было зьнята некалькі рэчаў — з цэнзурных меркаваньняў. Асабліва шмат “рэзалі” мае запісы. Калі выходзіў мой чатырохтомавік у 1967-1968 гг., мяне паклікалі ў выдавецтва й паказалі ці ня тушшу замазаныя, павыкрэсьліваныя, каб я ня мог вярнуць, цэлыя старонкі запісаў.
Тое самае адбывалася з “Птушкамі й гнёздамі”. Прычым, у адным выданьні мне ўдавалася сёе-тое праціснуць, а ў другім — не. І толькі ў трохтомавіку 1993 г. раман пайшоў у тым выглядзе, у якім я яго напісаў”.
(Скобла: ) “А што з раману выкідалася?”
(Брыль: ) “Я не павінен быў гаварыць, што былі два віды палону. Была вялікая розьніца, як утрымліваліся ў палоне грамадзяне Польшчы й савецкія салдаты. Бо СССР, як вядома, не падпісаў Жэнэўскае пагадненьне. Знаходзячыся як салдат польскага войска ў нямецкім палоне, я аднойчы трапіў у савецкае консульства ў Бэрліне. Рэч у тым, што немцы, рыхтуючыся да вайны з СССР, вызвалялі лягеры ад палонных, захопленых падчас вайны з Польшчай.
4 чэрвеня 1941 г. я быў вызвалены й пераведзены на завод пад нагляд паліцыі. Там мы запаўнялі анкеты для вяртаньня дахаты. А анкеты поштай жа не пашлеш — мы па чарзе мусілі вазіць іх у Бэрлін. І вось апошняя чарга прыпала мне — я быў у консульстве 21 чэрвеня, за дзень да вайны. Я глядзеў на партрэт Сталіна на сьцяне й думаў — Божа, куды я вяртаюся, і што там са мной будзе?! Усё гэта адбываецца й з героем рамана Алесем Руневічам. І кожнага разу сцэна ў консульстве выкідалася цэнзарамі”.
(Скобла: ) “Вы былі знаёмыя зь першымі асобамі Беларусі. Хто з высокага начальства сапраўды цікавіўся беларускай літаратурай, чытаў яе і меў уяўленьне пра яе ня толькі з цытатаў, што рабілі памочнікі?”
(Брыль: ) “Тут хочацца гаварыць перш за ўсё пра Пятра Міронавіча Машэрава, які чытаў і мог перадаць праз кагосьці, што “я вас прачытаў”. Я хачу прыгадаць адзін выпадак.
Цяпер зыгзагамі машыны з зацемненымі вокнамі лятаюць, каб хаця хто не зачапіў… А тады я падымаюся па менскай вуліцы Маркса, а Машэраў ідзе насустрач. Следам за ім, праз крокаў дзесяць, адзін, спартовага выгляду, малады чалавек. Калі мяне Машэраў спыніў, і мы загаварылі, той, ззаду, зрабіў выгляд, што закурвае. А Машэраў кажа: “Я тваю апошнюю рэч прачытаў і ня вельмі зразумеў. Цяпер перачытаў — нядрэнна”.
І гэта гаворыць Першы сакратар ЦК КПБ пісьменьніку! Пра што гэта сьведчыць? Пра сапраўдную інтэлігентнасьць дзяржаўнага дзеяча. Ён гэтым вызначаўся. У мяне нават захавалася фота, зробленае нашым вядомым фоталетапісцам Валодзем Круком: мы з Машэравым у фае Купалаўскага тэатру. Што ён мне гаварыў? Ён гаварыў мне пра кнігу “Я з вогненнай вёскі” літаральна наступнае: “Ды вы самі ня ведаеце, што вы зрабілі!” Ён мог перадаць, што “прачытаў у “Полымі” пераклады польскіх партызанскіх апавяданьняў — вось як трэба пісаць пра нас, пра партызанаў!”
Ціхан Якаўлевіч Кісялёў быў таксама вельмі інтэлігентным, вельмі беларускім чалавекам. Ён таксама чытаў. Уявіце сабе такі факт: будучы ўжо безнадзейна і цяжкахворым на рак, ён з маскоўскай больніцы папрасіў, каб юбілей Максіма Танка адклалі на некалькі дзён, каб самому папрысутнічаць.
Нядаўна Сяргей Законьнікаў, які тады працаваў у ЦК, апублікаваў успамін пра тое, як з Масквы, з больніцы, Кісялёў прасіў яго перадаць прывітаньні цэламу шэрагу пісьменьнікаў. Мне было вельмі прыемна, і, думаю, кожнаму з нас. Вось такія кіраўнікі патрэбныя. Інтэлігентныя”.
(Скобла: ) “У дзёньніках Канстанціна Сіманава ёсьць згадка пра тое, як вас чытаў сам таварыш Сталін…”
(Брыль: ) “Там трошкі ня так было. Сталін не называў мяне. Калі разглядалася пытаньне пра маю аповесьць на камітэце па прэміях, ён спытаў у Сіманава: “А что, это действительно талантливо или просто на нужную тему?” І калі яму сказалі, што — сапраўды таленавіта, ён прамовіў: “Ну тогда другое дело, пусть идёт”. Сталін жа ў нейкай ступені й сам быў літаратарам. Адзіны яму плюс, што ён не друкаваў уласных вершаў. Уяўляеш, як халуі завылі б ад захапленьня, каб ён іх надрукаваў!”
(Скобла: ) “Шматгадовая дружба між пісьменьнікамі — даволі рэдкая зьява. Як вам удалося сябраваць каля 30 гадоў з Уладзімерам Караткевічам, каля паўвека — з Анатолем Вялюгіным і Ўладзімерам Калесьнікам?”
(Брыль: ) “Успамінаецца, як Іван Мележ, задумлівы, збоку гледзячы, нават нібы сумны, сказаў мне аднойчы: “Я табе зайздрошчу — у цябе столькі сяброў!” І сапраўды, я лічу сябе шчасьлівым чалавекам з гэтай прычыны. На жаль, пра ўсіх сваіх сяброў я, мабыць, і напісаць не змагу.
Мне нядаўна спадабаліся словы Салжаніцына: “Пером за жизнью не поспеешь”. Вось я перажыў Максіма Танка, зь якім мы сябравалі з 1944 году. Каб ён перажыў мяне, то я ня ведаў бы, што ён пісаў пра мяне ў дзёньніках, якія шчырыя сяброўскія словы. Я плаваў з Танкам вакол Эўропы ў адной каюце. Каюта вялікая, люкс, у адным баку ён мармыча свае вершы (а ў яго была такая звычка пры пісаньні), а ў другім — я вяду дзёньнікавыя запісы. І я цяпер з гонарам гавару, што тады быў напісаны славуты Танкаў верш ”Аve Maria”.
Я назаву імёны найбліжэйшых сяброў: малавядомы, але вельмі таленавіты паэт Валянцін Таўлай, вельмі багаты душою й інтэлектам паэт Анатоль Вялюгін. Мы яго называлі даведачным бюро — калі табе трэба нешта даведацца зь беларускай і ўвогуле з сусьветнай літаратуры, патэлефануй Вялюгіну, ён табе скажа. Вялюгін быў апекуном маладых, выдатным рэдактарам. Мы зь ім сябравалі зь лета 1945 году.
Тое самае ў мяне было зь Піменам Панчанкам, з Уладзімерам Калесьнікам. З апошнім падружыў мяне брат, яны абодва мастакі, хадзілі разам на этуды.
З Калесьнікам у мяне была ня проста дружба, а перадача дружбы, як эстафэта. Ён мяне падружыў са сваімі сябрамі: выдатным мовазнаўцам і эсэістам Фёдарам Янкоўскім, з пэдагогам Міхасём Петрыкевічам, з Уладзімерам Ягоўдзікам — выдатным пісьменьнікам і энэргічным рэдактарам адразу двух дзіцячых часопісаў — “Бярозкі” й “Лесавіка”, які ён сам заснаваў.
Алесь Адамовіч калі вучыўся на сцэнарных курсах у Маскве, падружыўся сам і пазьней падружыў мяне з расейскім літаратарам Валянцінам Аскоцкім, малдаўскім празаікам Іонам Друцэ, украінскім паэтам Іванам Драчом. А калі ўжо ўспамінаць Адамовіча і Калесьніка, то з нашай дружбы нарадзілася кніга “Я з вогненнай вёскі”. Мы ўтрох аб'езьдзілі ўсю Беларусь, мы ўтрох і запісвалі ўспаміны тых, хто ацалеў падчас паленьня беларускіх вёсак, і плакалі, і маўчалі, усё было перажыта намі разам. І як гэта замацоўвае дружбу!
Здорава гэта — дружыць! Шкада, што дружбаў у нас пакуль малавата. Мы чамусьці на дробязі разьменьваемся, мурзаемся ў жыцьцёвай бядоце, забываючы пра тое, што дружба дапамагае жыць”.
(Скобла: ) “Перад сваім наступным пытаньнем я прыгадаю словы паэта А.Фета: “Если бы даже последний сапожник издавал журнал, названный словом из трёх букв, которое обычно пишут на заборе, то и тогда я согласился бы печататься в этом журнале. Поэзия очищчает”.
Вы забралі свае творы з “Полымя” ад М.Мятліцкага. Гэта азначае, што “ачышчацца” палымянскія чытачы будуць стэнаграмамі выступаў А.Лукашэнкі, прозай І.Шамякіна ды вершамі самога Мятліцкага. Умоўна кажучы: ёсьць сумленнасьць, этыка й эстэтыка ў творах Брыля й ёсьць нахабства нячыстай на рукі кампаніі, якой творы гэтыя мо найперш і неабходныя — чыталі б і лепшалі. А вы забралі…”
(Брыль: ) “У наш час мае ўсё-такі вялікае значэньне — дзе друкавацца. Я не ўяўляю сябе ў органе друку, які мне па сваёй накіраванасьці не адпавядае. Пішу я мала, і мне неабыякава, дзе мае творы пабачаць сьвет.
Калі я атрымаў “касьцянаўскі” нумар “Полымя”, мне было прыкра, што там надрукаваліся Ўладзімер Конан, Янка Сіпакоў, Уладзімер Казьбярук. Маглі б яны надрукавацца й дзе ў іншым месцы. Фет нам тут не дарадца. “Сапожник…” Дзе ў той час і які “сапожник” мог выдаваць часопісы?..
Я забраў свае падрыхтаваныя да друку запісы 2001 году з “Полымя” і зь “Нёмана”, для якога іх пераклаў Валянцін Тарас. Мне была агідная сама думка, што ізноў вяртаецца цэнзура. Ня дай Божа пакарыцца гэтаму й друкавацца, як у той прыказцы — каза рагатая, паўбоку абадратыя, пашматана нешта, нешта павыкідана. Мы за апошнія дванаццаць гадоў адвыклі ад дурнога палітычнага рэдагаваньня, ад цэнзуры. Вяртацца да гэтага я не магу”.
(Скобла: ) “Сёньня многія нашыя суайчыньнікі, пераважна добрыя спэцыялісты, выяжджаюць за мяжу — іх зманьваюць высокімі заробкамі, дабрабытам. А ці не прапаноўвалі падобнае пісьменьнікам, з умовай, што яны будуць пісаць не па-беларуску?”
(Брыль: ) “Палякі мне ні разу не падказвалі пісаць па-польску. Хоць у Польшчы я свой чалавек — і празь веданьне польскай мовы, і праз тое, што ў 1939 годзе ваяваў супраць немцаў у складзе Войска Польскага. Нешта падобнае мне даводзілася чуць ад нашых усходніх суседзяў. Аднойчы адна старая габрэйка з шапіка, убачыўшы маю кніжачку, што выйшла ў бібліятэчцы “Огонька” з партрэтам на вокладцы, зьдзівілася: “Такой мужчина и пишет не по-русски! Почему?”
А ў адной з замежных паездак адна высокаадукаваная дама, доктар мэдыцыны, дарэчы , унучка скульптара Канёнкава, спыталася: “Иван Антонович, а вы сразу по-русски не можете писать?” У яе такое ўяўленьне, што я пішу па-беларуску, бо ў мяне ступень разьвітасьці ня тая, бо я, мабыць, яшчэ “приготовишка”, па-расейску кажучы. Але гэта факт не з маёй біяграфіі, а зь яе.
Уся “возня” з гэтак званым аб’яднаньнем Беларусі й Расеі — гэта незразумела й непрымальна. Я ня мысьлю сябе без Талстога, Чэхава, Пушкіна, Гогаля, без украінцаў, латышоў, літоўцаў. Але ж мне ніхто не перашкаджае быць самастойным беларусам і любіць сваіх суседзяў не ўпарадку падначаленасьці, а як свабодны свабоднага, як шчасьлівы шчасьлівага. Дай Божа да гэтага дажыць!”
(Скобла: ) “У № 3-4 сёлетняга часопіса “Полымя” былі апублікаваныя вашыя згадкі пра Віктара Астаф’ева, зь якім вы сябравалі. У дні разьвітаньня зь ім па ОРТ быў паказаны тэлефільм, зьняты падчас падарожжа Астаф’ева па родных мясьцінах — па Енісеі, на цеплаходзе. Па ўсім адчувалася, што ён расчараваны: і зьмененым ляндшафтам, і людзьмі. А якое адчуваньне ў вас, калі вы наведваеце свае Мір, Турэц, Загору?”
(Брыль: ) “Ад Крынічнага, дзе мы з табой гаворым, да Загоры недалёка, і я там часам бываю. У нашых вёсках страшэнная спустошанасьць, там амаль няма мужчынаў. Зямлю трэба ўрабляць, а няма каму. Сёньняшнія аўралы, бітвы за ўраджай раней былі не патрэбныя, бо былі людзі, закаханыя ў зямлю, у працу, і ўсё рабілася зь вялікай жыцьцёвай патрэбы, а не зь меркаваньняў палітыканскага характару.
Я іду па сваёй вёсцы й бачу, наколькі тут не хапае людзей. Старэнькія жанчыны жывуць адным клопатам — хто ім дапаможа згараць соткі ды яшчэ хто ім набавіць пэнсію рублі на два. Але ж гэта ня выйсьце. Нешта трэба мяняць карэнным чынам, каб адрадзіць вёску.
У Крынічным я жыву з 1978-га — з траўня па кастрычнік кожны год. І самоты тут хапае, і цішыні. Часам нават здаецца, што залішне. Я ўспамінаю, як гаварыў Рамэн Ралян: “Уединение важно в меру”. Тут добра думаецца, працуецца. Адгэтуль я раблю выпады па раёне, сустракаюся са сваімі людзьмі.
Гадоў дваццаць таму, у дажджлівы дзень лежачы на сенавале, я заняўся падлікам: колькі чалавек былі б радыя, калі б я прыйшоў да іх госьцем. І набраўся я на два месяцы штодзённага гасьцяваньня. А цяпер ужо бывае — няма да каго зайсьці.
Цяпер спыніўся ад непаладак азотна-тукавы камбінат, дык зьявіліся жаўранкі й жабы — ужо радасьць вялікая. Тут недалёка хутарок, і на слупе ў бусьлянцы — двое дарослых буслоў і ажно пяцёра бусьлянятак. Значыць, ім ёсьць што есьці, ёсьць куды ляцець. У іх тут быў пленум нейкі ці манэўры перад адлётам у вырай. І адзін малады замарыўся й сеў на мой домік. І я так быў рады і ўдзячны яму — гэты домік стаіць ужо дваццаць гадоў, і ўпершыню на яго сеў бусел. Як быццам блаславіў дом на далейшае маё тут жыцьцё”.
(Скобла: ) “І апошняе пытаньне. Быць беларусам не забаронена. Гэтага дастаткова для разьвіцьця і ўмацаваньня нацыі?”
(Брыль: ) “На вялікі жаль, не. А вось калі б беларусу загадалі быць беларусам, які б гэта быў выдатны беларус!”
|
|
|
|
|