news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


19 Траўня 2004
 
“Дапамажыце стаць палітычным уцекачом”
 
Валянцін Жданко, Менск
 
Што штурхае беларусаў да эміграцыі і чаму многія ў Беларусі эмігранцкіх памкненьняў сваіх суграмадзянаў не падтрымліваюць? Як перасяліцца за мяжу? Ці праўда, што некаторыя партыі дапамагаюць беларусам атрымаць на Захадзе статус палітычнага ўцекача? Такія і падобныя да такіх пытаньні часта гучаць у лістах нашых слухачоў. Сёньняшнюю размову пачну зь некалькіх допісаў на гэтую тэму. Ліст ад Анатоля Семяновіча зь Менску. Слухач піша:

“Мне 44 гады. Памятаю, у дзяцінстве дзядзьку, якому было 45, я называў дзедам — такім старэнькім ён мне здаваўся. Значыць, узрост у мяне ўжо паважаны. Нядаўна сустрэўся з таварышам, у якога сябар два гады таму зьехаў у Таронта (у Канаду). Ён — праграміст, яна — цырульніца. Абодва працуюць. Паўгоду таму ўсяліліся ва ўласны дом з маленькім зялёным участкам. Дзьве машыны, два кампутары (у тым ліку ў дачкі).

А ў мяне сыну толькі трэці год пайшоў: раней я ня мог ажаніцца, бо ня меў кватэры. Але ўрэшце ўсё ж разам з родзічамі на кватэру я назьбіраў. Мару пра ўласны дом, дзе бы і лужок быў, і трава, і кветкі. Жонка таксама марыць пра ўласны аўтамабіль, кампутар. Але найперш трэба добрая пральная машына, печ СВЧ... Вось цяпер адклаў я ўбок пісьмо і ўзяўся абедзьвюма рукамі за галаву. Так, я — таксама праграміст. Маю за месяц 500 тысяч. Жонка пакуль не працуе. Калі я змагу зарабіць на ўсё неабходнае, што пералічыў вышэй? Ды ніколі. А нам жа і ў водпуск хацелася б выехаць — у Крым ці ў Турцыю. Я ўсьведамляю, што нармальныя мае жаданьні ня могуць збыцца. Тут я не змагу дасягнуць гэтага. І ўсё ж зьяжджаць зь Беларусі не хачу. Тут жылі мае дзяды і прадзеды. Тут мае карані. Чаму ўсё так несправядліва?”

Не пагаджуся з вамі, спадар Семяновіч. Вашыя жаданьні могуць збыцца тут, у Беларусі. Хоць для гэтага патрэбныя вялікія намаганьні і вялікая праца — напэўна, значна большыя, чым у тых эмігрантаў, пра якіх вам распавялі. Эмігранцкі хлеб не салодкі, і зусім не такі прывабны, як часам здаецца здалёк. Разьвітаньне з радзімай — дужа высокая цана за больш высокія, чым у Беларусі, жыцьцёвыя стандарты. Да таго ж, толькі наіўныя людзі думаюць, што, варта вырвацца на Захад — і там ужо цябе чакаюць і высокааплатная праца, і ўладкаваны побыт. Насамрэч, новыя эмігранты сутыкаюцца зь вельмі складанымі выпрабаваньнямі, і ня ўсім удаецца іх пераадолець.

На падобную тэму напісаў свой ліст і Алег Восіпаў са Слуцкага раёну. Ён зьвяртаецца на Свабоду з наступным пытаньнем:

“Ведаю, што многія зь Беларусі добра ўладкаваліся ў Нямеччыне, Бельгіі, Швэцыі, Францыі, Галяндыі, ЗША, атрымаўшы там статус палітычных уцекачоў. У дасьведчаных людзей я даведаўся, што каб атрымаць палітычны прытулак, трэба мець на руках доказы таго, што цябе перасьледавалі за твае палітычныя перакананьні — білі дубінкамі на мітынгах, кідалі ў турму, судзілі. Але ў маім пасёлку мітынгаў не было з часу савецкай улады, калі праводзілі дэманстрацыю 7 лістапада. А каб зьезьдзіць на мітынг у Менск, трэба патраціць амаль усю маю мізэрную зарплату. Парайце, што зрабіць, як вырвацца з гэтага запаведніка, дзе немагчыма нармальна жыць і зарабляць на жыцьцё? У якую партыю можна зьвярнуцца, каб дапамаглі стаць палітычным уцекачом і хутка ўладкавацца на Захадзе?”

Палітычныя партыі, спадар Восіпаў, не займаюцца падрыхтоўкай палітычных уцекачоў, а ніводная заходняя краіна не дае прытулку асобам, якія выдаюць сябе за неабгрунтавана пакрыўджаных уладай толькі дзеля таго, каб перасяліцца са сваёй краіны ў больш спрыяльныя эканамічныя умовы. Шлях, якім вы мяркуеце трапіць на Захад — гэта шлях ашуканства, падману. І калі гэты падман будзе выкрыты, вы рызыкуеце панесьці сур’ёзную адказнасьць — прытым, ня толькі маральную.

Зразумела, няма нічога заганнага ў тым, што вы хочаце стаць эмігрантам, перасяліцца ў больш спрыяльныя ўмовы. Але ў такім разе трэба адразу казаць пра свае сапраўдныя намеры і шукаць краіну, якая мела бы патрэбу ў вашых працоўных паслугах. А не выдаваць сябе за палітычнага ўцекача, хоць насамрэч палітычнай дзейнасьцю вы не займаліся і асноўныя вашыя інтарэсы, відавочна, далёкія ад палітыкі і абароны грамадзянскіх правоў сваіх суайчыньнікаў.

Ліст ад Мікалая Слуцкага зь Менску. Ён піша:

“Цяпер, калі набліжаюцца выбары (а магчыма, і рэфэрэндум) так важна, каб людзі ведалі праўду пра становішча ў краіне. У адным са сваіх папярэдніх лістоў я на падставе аналізу дзеяньняў Лукашэнкі і лічбаў незалежных сацыёлягаў даказваў, што большасьць нашага народу супраць дыктатуры, што ўлада Лукашэнкі абапіраецца не на падтрымку народу, а на гвалт і запалохваньне. Нэгатыўнае стаўленьне большасьці беларусаў да ўлады Лукашэнкі, а таксама адносіны да рэжыму з боку суседніх краінаў ставяць уладу Лукашэнкі пад пагрозу. Усьведамленьне гэтага можа паўплываць на сяброў выбарчых камісіяў і на чыноўнікаў, а таксама падбадзёрыць народ.

Яшчэ адна важная заўвага. Ніяк мы ня можам зразумець, чаму Радыё Свабода, паведамляючы пра акцыі, якія плянуе апазыцыя, не абвяшчае дакладнага часу гэтых мерапрыемстваў, тым самым зьмяншаючы колькасьць удзельнікаў акцыяў. Вашае апраўданьне гэтага не вытрымлівае крытыкі: мы ж просім дакладнай інфармацыі, а вы і прызнаеце, што інфармаваньне — галоўная функцыя Свабоды”.

Сапраўды, спадар Слуцкі, распаўсюджваньне грамадзка значнай аб’ектыўнай і поўнай інфармацыі — адна з галоўных функцыяў Свабоды. Але паведамленьне тэхнічных дэталяў масавых акцыяў (месца збору, дакладны час пачатку, маршруты руху) — гэта арганізацыйная партыйная дзейнасьць, палітычная рэкляма. І займацца ёй павінны тыя партыі і рухі, якія заклікаюць людзей да вулічных акцыяў, нясуць адказнасьць за гэтыя акцыі і зарабляюць на гэтым свой палітычны капітал. Радыё Свабода падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека, але не вядзе прапагандысцкай дзейнасьці й не абслугоўвае палітычных партыяў і рухаў.

Ліст ад Міколы Літвінчыка зь Бярозы. Слухач піша:

“Вельмі сумна, што Беларуская Свабода далучылася да шальмаваньня беларускай апазыцыі, падаючы ў эфір званкі Лукашэнкавых прапагандыстаў. Відаць, на каго Бог, на таго і людзі. Вось і нядаўна, 9 мая, вы далі трыбуну расейцу, які на расейскай мове вёў прапаганду супраць нацыянальна сьвядомых беларусаў. Казаў, што Беларусь у Эўропе — гэта бяда для беларусаў, а вось з Расеяй быў рай. Гэта калі беларускіх сялян загналі ў калгасы, спойвалі ў забягалаўках ды гнаілі ў Сібіры.

10 мая зноў гучыць голас супраць апазыцыі — маўляў, слабая яна, мала выводзіць людзей пад дубінкі амонаўцаў з сабакамі. Трэба замяніць кіраўнікоў партый. Відаць, быў бы задаволены, калі бы партыі ўзначалілі зімоўскія ды замяталіны. Чаму Свабода дае месца хлусьні служак калянізатараў-занявольнікаў? Лепш бы аддалі гэты час на перадачу беларускай народнай альбо патрыятычнай песьні”.

Напэўна, спадар Літвінчык, для вас ня ёсьць сакрэтам тое, што многія ў беларускім грамадзтве не падзяляюць вашых поглядаў на апазыцыю, беларуска-расейскія стасункі і палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Зусім магчыма, што рацыю маеце вы, а ня вашы палітычныя апанэнты. Але дзеля таго, каб чалавек зрабіў асэнсаваны, узважаны выбар, ён павінен ведаць поўную, усебаковую інфармацыю на гэтую тэму, выслухаць розныя пункты гледжаньня. Данесьці да слухачоў такую інфармацыю, падаць разнастайныя погляды і меркаваньні — і ёсьць галоўнай задачай Радыё Свабода. Ня дужа шмат даверу тым мэдыям, у якіх на ўсе падзеі і праблемы — толькі адзін пункт гледжаньня, а тыя, хто зь ім не пагаджаецца — аб’яўляюцца ворагамі, двурушнікамі і зламысьнікамі.

На заканчэньне — ліст ад Віктара Шульгі зь Мёраў. Слухач піша:

“Нядаўна назіраў па тэлевізары адну з нарадаў Аляксандра Лукашэнкі зь “вэртыкальшчыкамі”. Падчас размовы нейкі старшыня калгасу ў чымсьці не пагадзіўся з прэзыдэнтам і пачаў настойліва адстойваць сваю пазыцыю. Зь цікавасьцю я чакаў, як павядзе сябе кіраўнік дзяржавы ў такой сытуацыі. А скончылася ўсё тым, што Лукашэнка перапыніў старшыню калгасу сваім даўгім маналёгам, падчас якога прыгразіў таму праверкай справаў у калгасе. Старшыня сумеўся, сьціх і болей ужо не адважваўся падаваць голасу. Вось пасьля гэтага выпадку я зразумеў, што болей ня буду галасаваць за гэтага прэзыдэнта”.

Пярэчыць прэзыдэнту, аспрэчваць ягоную пазыцыю, задаваць непрыемныя пытаньні — удзельнікі такіх нарадаў (ды і ўвогуле любыя чыноўнікі) ужо даўно не адважваюцца. Да пэўнага часу такія пытаньні і заўвагі маглі рабіць падчас рэдкіх прэсавых канфэрэнцыяў журналісты тых выданьняў, якія не падпарадкаваныя дзяржаве. Але ўжо некалькі год такіх журналістаў не дапускаюць ні на прэсавыя канфэрэнцыі, ні ўвогуле на сустрэчы і нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Ня думаю, што такая практыка на карысьць самому Аляксандру Лукашэнку, ягонай палітычнай будучыні і іміджу ў вачах беларусаў. Непрыемныя пытаньні ўсё роўна будуць зададзеныя, і рана ці позна на іх давядзецца адказваць.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сьцяпан Зух са Смаргоні, Аляксандар Літвінчык зь вёскі Дзешкавічы Зэльвенскага раёну, Віктар Бута зь Менску, Інэса Сьцебурака зь Вялейкі, Алесь Шустоўскі з Барысава, Віталь Гусеў з Магілёва, Барыс Япішка зь вёскі Залядыньне Іванаўскага (Янаўскага) раёну, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну і Ўладзімер Качурка зь мястэчка Радунь Воранаўскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.