news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"
    Партрэт на Свабодзе

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



5 Траўня 2002
 
Зьміцер Завадзкі. Чалавек з тэлекамэрай
 
Алег Грузьдзіловіч, Менск
 
Эпіграфам да сёньняшняй перадачы мы выбралі радкі зь верша Рыгора Барадуліна “Бацьку”. Верш чытае сын Зьмітра Завадзкага Юра:

Калі ў крыўдзе мне сябры гразіліся падчас бацькамі,
тады хацелася наўзрыд заплакаць шчырымі сьлязамі.
Ня плакаў я – усім на злосьць, бо ў хаце быў адзін – мужчына.
Ня йшоў ты... Маці маладосьць глыбей заворвалі маршчыны.
Паверыць цяжка мне таму, што больш ня прыйдзеш ты дадому,
А шапку я заўжды здыму перад магілай невядомай.


Калегі Зьмітра Завадзкага кажуць, што яго як прафэсіянала вызначала трапнасьць дэталяў у тэлерэпартажах. Аднаго разу любоў да красамоўнай дэталі і падвяла аператара Завадзкага. У ліпені 1997 году разам з Паўлам Шараметам яны зрабілі сюжэт пра тое, як дрэнна ахоўваецца беларуска-літоўская мяжа.

Літаральна праз тры дні пасьля выхаду рэпартажу ў эфір іх арыштавалі і кінулі ў гарадзенскую турму. Праз паўгоду будзе суд, на якім судзьдзі прызнаюць, што Шарамет і Завадзкі двойчы парушылі мяжу. Першы раз, калі прайшлі ў Літву, каб зьняць зь літоўскага боку зачыненую будку памежнікаў, другі – калі вярталіся ў Беларусь.

Доказам быў замок на будцы, які Дзіма зьняў буйным плянам. Дваццаць крокаў у замежжа і столькі ж назад каштавалі абодвум тры месяцы турмы. Зь іх Завадзкаму належыць 40 дзён. Яго адпусьцілі раней за Шарамета, бо ўгаварылі напісаць ліст да Лукашэнкі.

Потым афіцыйная прапаганда заявіць, што Завадзкі павініўся, і Лукашэнка яму дараваў. Але ў гэтым ёсьць падставы сумнявацца.

Згадвае журналіст Павал Шарамет:

(Шарамет: ) "Дзіма напісаў гэты ліст, але ў ім ён толькі прасіў, каб яму меру стрыманьня зьмянілі. Ён ня каяўся, не прасіў літасьці. На наступны дзень я зь ім сустрэўся, калі яго прывялі на вочную стаўку. На ўсё жыцьцё я запомніў ягоны твар, бо тады зразумеў выраз пра твар: “чорны, як зямля”. Гэтак ён перажываў, быў абураны тым, што яго прынудзілі напісаць гэты ліст, выкарысталі яго і падманулі”.

Паводле Паўла Шарамета, заданьне спэцслужбаў дамагчыся ад Завадзкага ліста да Лукашэнкі выканаў журналіст Інтэрфаксу Сяргей Заяц. Шарамет спасылаецца на тое, што Зайца некалькі разоў прапускалі ў турму на сустрэчы з Завадзкім, тады як іншым прадстаўнікам мэдыяў уваход туды быў забаронены. Але чаму сам Зьміцер паддаўся на гэтыя ўгаворы, застаецца незразумелым. Акрамя яго сьвятло на гэтую гісторыю мог бы праліць таксама Сяргей Заяц, але ад інтэрвію ён ўхіліўся. Пры гэтым заявіўшы, што Зьміцер на яго ня крыўдзіўся.

Пра тую турэмную эпапею ў іх ёсьць ня толькі сур'ёзныя ўспаміны. Вельмі шкада, што наступны расповед Шарамета ня можа аздобіць смачнымі дэталямі сам Зьміцер Завадзкі, які і быў асноўным героем гэтай гісторыі…

(Шарамет: ) "У турме былі і жаночыя камэры, і калі выводзілі на прагулкі, то магчыма было неяк пабачыцца з жанчынамі. І дзяўчыны гэтыя, розныя наркаманкі ды іншыя, яны вельмі закахаліся ў Завадзкага, спадабалася ім, як ён сьпяваў на прагулках і ўвогуле. А ягоная камэра была насупраць жаночай. І калі жанчыны ўведалі, што ў Завадзкага пры канцы жніўня дзень народзінаў, то яны зрабілі яму такі падарунак. Там удзень адчынялі так званую кармушку ў дзьвярах. Гэта такое невялікае акенца. І вось дамовіліся, што ў пэўны час Завадзкі будзе глядзець ў шчылінку, а ў іх будзе адчыненая кармушка.

І гэтыя дзяўчыны, там, наркаманкі, забойцы ды зладзейкі, сапраўды падыходзілі да кармушкі і рабілі стрыптыз. Адмыслова дзеля Завадзкага".

А вось як Павал Шарамет успамінае пра пачатак іх сумеснай працы на ОРТ:

(Шарамет: ) “Мы ведалі, што Лукашэнка быў вельмі абураны тым, што Завадзкі перайшоў да нас. Было на адной нарадзе, калі Лукашэнка рабіў чарговую справаздачу на гадзіну альбо дзве, гаварыў, а сам уважліва сочыць за тым, як Дзіма па залі перасоўваецца. Гаварыў, гаварыў, і раптам спыняецца і кажа : "Дзьмітры, на каго ты працуеш, я не зразумеў?"

Потым быў яшчэ момант, калі ўжо парлямэнт разагналі. Натоўп журналістаў стаіць, я пытаньні задаю Лукашэнку – адно, другое, трэцяе. І тут раптам у нас касэта скончылася. Ён убачыў, што ў Завадзкага скончылася касэта, сам спыніўся і чакае, пакуль Дзіма заменіць касэту. А потым сказаў: "Дзьмітры, ты калі ў мяне працаваў, быў хутчэйшы".

Як для фатаграфічнай паперы патрэбны час, каб на белай пустэчы ўзьнік малюнак рэчаіснасьці, гэтак і пляменьнік вядомага рэжысэра-дакумэнталіста Валера Басава Зьміцер Завадзкі, якога сваяк фактычна прыладкаваў на БТ, не адразу замацаваўся і стаў майстрам. Але вучыўся Зьміцер вельмі хутка, за лічаныя месяцы ён выйшаў на першыя ролі сярод апэратараў БТ. І тут ужо дзядзька быў ні пры чым, дапамагло тое, што заклалі ў хлопца яшчэ ў дзяцінстве. Згадвае сястра Завадзкага Алена:

(Алена: ) "Дзед па бацьку падараваў яму фотаапарат нямецкі, трафейны. Фотакарткі атрымліваліся такія маленькія, вялікія немагчыма было зрабіць. Ён з таго фотаапарата і пачаў здымаць. Здымаў паўсюль. Дома, на лецішчы. Пасадзіць нас, за намі прасьціну павесіць, ці што іншае для фону прыдумае, і здымае. Падабалася яму гэтая справа. Ён і сыну свайму Юру купіў добры фотаапарат і той зараз ім пасьпяхова карыстаецца, у яго таксама выдатна атрымліваецца".

На Беларускім тэлебачаньні Завадзкі адпрацаваў 6 гадоў, зь якіх апошні быў для яго самым удалым. Бо Дзіма стаў як бы асабістым апэратарам Лукашэнкі, яго бралі асьвятляць візыты і даручалі здымаць тыя сюжэты, зь якіх складаўся імідж прэзыдэнта. Спакойны, на працы нават флегматычны, Дзіма вытрымліваў маруднасьць любых афіцыйных мерапрыемстваў, нават жонцы Сьвятлане ён ня скардзіўся, што здымкі былі позьнімі, ці наадварот – адбываліся ўраньні, а вось што да сьмешных назіраньняў, дык тут сваю маладую натуру ён стрымаць ня мог.

Сьвятлана Завадзкая распавядае.

(Завадзкая: ) "Там ёсьць такі далікатны ракурс, пра які Дзіма распавядаў: зьнізу. Бо бывалі выпадкі, калі Лукашэнка сядзеў у крэсле, а ў яго ж такія вялікія рукі, і калі ён іх трымае вось тут, на каленях насупраць камэры, то атрымліваецца дрэнна. Такім чынам, не дазвалялі здымаць зьнізу. Потым, не дазвалялася, калі здымаеш, а дзьме вецер і... падымае ягоную... гэтыя валасы зачасаныя. Ня дай Бог апэратар яго ў гэты момант здымае! Трэба было дэманстрацыйна адвесьці ў іншы бок камэру, прычым менавіта паказаць яму, што не здымаеш, пакуль там яму паправяць... ягоную прычоску..."

Аднойчы Дзіму як прэзыдэнцкага апэратара нават апранулі за дзяржаўны кошт. Гэта здарылася, калі Аляксандар Лукашэнка выправіўся ў вандроўку ў Сочы, і Дзіму ўзялі, нават не папярэдзіўшы. Ён не пасьпеў сабраць рэчы, і потым кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў асабіста езьдзіў па сочынскіх крамах, каб набыць апэратару спартовы строй і красоўкі "Адзідас". Але нездарма ж яшчэ з савецкіх часоў была такая жартоўная прымаўка: "Кто носит кросы "Адидас", тот завтра Родину прадаст".

З БТ Дзіма сыйшоў. Не ўтрымалі ані замежныя камандыроўкі, ані статус асабістага апэратара прэзыдэнта. Толькі Сьвятлана перакананая, што нікому ён ня здрадзіў.

Мы гутарым у кватэры Завадзкіх, на кухні з блакітнымі шпалерамі, якія падбіраў і клеіў Дзіма. Сьвятлана згадвае:

(Завадзкая: ) "Фраза ягоная была такая, калі ён сыходзіў з БТ: "Я не хачу, каб людзі мне плявалі ў твар”. Гэта я дакладна памятаю, мы сядзелі на кухні, ён паліў... Вось так крэсьліцы стаялі, я стаяла побач з акном і мы абмяркоўвалі, што рабіць: пераходзіць ці не. Бо было боязна, а раптам не атрымаецца, і туды ня возьмуць, і назад ня вернешся... Але ён сказаў адназначна, што ня хоча, каб людзі яму плявалі ў твар. Бо былі такія выпадкі, калі ён здымаў акцыі як апэратар БТ, гэта на камэры было напісана, і яго маглі ўдарыць нагой ці плюнуць у твар".

Завадзкі наважыўся і прыняў прапанову Шарамета аб пераходзе на ОРТ. Спачатку яму было ня вельмі салодка.

(Шарамет: ) "Недзе месяцаў 6 былі ў нас праблемы прафэсійнага кшталту, бо ён прыйшоў да нас ад Лукашэнкі, зь Беларускага тэлебачаньня, і як ён там працаваў, нам была непатрэбная гэткая праца. Калі яны ставілі камэру і цэлую гадзіну альбо дзьве запісвалі Лукашэнку як статую, з адной кропкі. Мы яго перавучвалі і заўсёды казалі, што мы працуем для расейскіх тэлегледачоў, для якіх Лукашэнка – такі ж прэзыдэнт, як прэзыдэнт Казахстану ці Зымбабвэ, і таму трэба здымаць паводле міжнародных стандартаў. Але потым ён ужо працаваў вельмі добра, быў вельмі старанным апэратарам, і ўсе карэспандэнты ОРТ вельмі любілі зь ім працаваць.

Прыкладам, карэспандэнт, які зараз у нас працуе ў Кітаі, Павал Сьпірын. Ён прыйшоў да нас з газэты, дык ягоныя першыя тэлевізійныя рэпартажы былі з Чачэніі, куды ён паехаў з Завадзкім. Але Павал увогуле ня ведаў, як здымаць, куды ісьці. Да таго ж, гэта была Чачэнія, вайна, і вось усе ягоныя рэпартажы адтуль фактычна зрабіў Завадзкі. Тэкст пісаў Сьпірын, але Завадзкі сам езьдзіў, здымаў, браў інтэрвію і складаў плян для Сьпірына, што таму рабіць".

Першай сярод маіх суразмоўцаў сястра Дзімы Алена распавяла мне, што апошнія месяцы перад зьнікненьнем Дзіма стаў нейкім іншым – больш задумлівым і адначасова больш шчырым ды адкрытым. Дзіміна жонка Сьвятлана з гэтымі назіраньнямі пагаджаецца, яна кажа, што сапраўды гэта пачалося, калі ён стаў ездзіць ў Чачэнію.

(Алена Завадзкая: ) "Паказаваюць нават... адрэзаную галаву... Уяўляеце, як гэта магло быць – ляжыць адрэзаная галава... Рэпартаж быў пра Чачэнію па ОРТ і я адчула, што гэта Дзіма зьняў. І калі ён вярнуўся з Чачэніі, я кажу, там такія жахі паказвалі, дык ён прызнаў, што гэта ягоныя былі здымкі. Вы разумееце, што яму давялося пабачыць і перажыць? Таму, безумоўна, гэта магло паўплываць на тое, што ён стаў больш задумлівым. Магчыма, пачаў па-іншаму ставіцца да жыцьця. Бо мы ж як жывем? Нам увесь час чагосьці не хапае, грошай не хапае, ці яшчэ чаго... А чалавек, які пабачыў такія беды, як ў той Чачэніі, ён жа пачынае па-іншаму цаніць кожны дзень. Дзіма і з сынам стаў крыху іншы, больш зь ім стаў вазіцца, на рыбалку яго браў..."

Сам Зьміцер вудзіць рыбу таксама пачаў малым хлопцам. Звычайна летам сям’я жыла на лецішчы, а лецішча было не абы дзе, а ў Вязынцы, атпрыманае дзядулем, былым намесьнікам міністра юстыцыі БССР.

(Грузьдзіловіч: ) “Зараз я знаходжуся блізу таго месца, дзе часьцей за ўсё вудзіў рыбу Зьміцер Завадзкі. Гэта побач зь Менскім вадасховішчам, ля дарогі да плаціны. Тут сябра Завадзкага, былы тэлеапэратар Дзьмітры Сямага, цяпер прадпрымальнік, усталёўвае гандлёвыя шапікі. Зараз вясна, сьпяваюць птушкі, пад нагамі шыбуршыць сухое леташнее лісьце, і Дзьмітры ахвотна распавядае пра свайго сябра і адначасова вучня Завадзкага”.

(Сямага: ) "На прыродзе любіў здымаць. Траўка, казяўка... Ён усё гэта знойдзе, упадзе на калені, ляжа з камэрай, знойдзе і здыме, і гэта дадавала жыцьця ягоным сюжэтам. Мог дзьве-тры гадзіны здымаць, і нават хай рэдактар скажа, што хопіць, пайшлі ўжо, ён – не, трэба яшчэ нейкія пляны зьняць, знайсьці прыгожае”.

(Грузьдзіловіч: ) “Вось тут што б Дзіма зняў?”

(Сямага: ) “Ён бы пайшоў шукаць першыя вясновыя кветкі, гэта адразу. Тут, праўда, асабліва іх ня бачна, але ён бы знайшоў кветачку і прыгожа неяк яе б засьняў”.

(Грузьдзіловіч: ) “А вось тут недалёка за дрэвамі Менскае мора...”

(Сямага: ) “Мяркую, ён бы пайшоў шукаць які човен, парусьнік, бо проста вада ня ўражвае. Альбо рыбака бы знайшоў і здалёк яго зьняў, у дымцы. Каб было прыгожа і рамантычна".

Школьны сябра Завадзкага Юра Лабейка памятае, як Дзіма быў дыджэем, тады гэта называлася дыск-жакеем, на школьных вечарынках. Яму проста былі гарантаваныя сымпатыіі соцень дзяўчынак. Пакуль жыцьцё было яшчэ як на "Плянэце Галівуд".

Юра Лабейка памятае складзены разам з Дзімам Завадзкім верш, якім яны адкрывалі чарговы вечар.

(Лабейка: ) "Здравствуйте, добрый вечер!
Мы приглашаем вас на встречу
Для тех, кто к нам сюда пришёл,
Мы предлагаем дискошоу!"

Дыскатэка ў нас называлася "Плянэта". Да нас нават з усяго гораду езьдзілі, з цэнтру, зь Зялёнага Лугу. Быў у школе лябарант, які быў вельмі дасьведчаны ў электратэхніцы. Адзінае, што мы недзе ў 3-4 гадзіны раніцы хадзілі і скручвалі лямпы з крамаў. І Дзіма таксама, а як жа. Ён жа быў дыск-жакеем. І рабілі з гэтага каляровую музыку, бо набыць што ў краме было немагчыма. Ведаеце, такія нэонавыя лямпы на магазынах, вось мы іх скручвалі, а потым пад стольлю ў залі іх прыладжвалі, і была каляровая музыка. Настаўніца геаграфіі дала нам стары глёбус, мы абклеілі яго люстэркамі, падвесілі, ліхтар зрабілі, які сьвеціць, падбіралі добрую музыку, модную на той момант. Карацей, дыскатэка ў нас была выдатная”.

Дзіма менавіта на гэтай дыскатэцы і пазнаёміўся са Сьвятланай. Яму было 17, ёй 16. Аднойчы яны сустрэліся, каб далей ісьці толькі разам.

Праз год у іх нарадзіўся сын, а яшчэ празь некалькі месяцаў Дзіма пайшоў у войска. Ён служыў у Берасьці і кожны дзень чакаў ад яе лістоў. А яна пісала не часьцей як раз на тыдзень, бо ў маленькага Юркі пачалі рэзацца зубы, і спаў ён вельмі дрэнна. Яна кажа, што зь Дзімінай мамай Вольгай Рыгораўнай яны на дваіх спалі ня больш за дзьве тры гадзіны на дзень. А ён ня верыў, нэрваваўся, спрабаваў яе выхоўваць. А калі прыйшоў з войска, тут ужо яго пачала выхоўваць Святлана.

Сёлета ў жніўні Зьмітру Завадзкаму споўніцца 30 гадоў. З гэтых 30 гадоў ён 10 гадоў працаваў апэратарам на тэлебачаньні, спачатку беларускім, потым на расейскім канале ОРТ. Апэратараў цяпер модна называць камэрамэнамі, а вось Дзіма гэтым словам не карыстаўся. Магчыма таму, што ў школе ён меў праблемы з ангельскай мовай. Але, калі зрэдку выпадала пачуць на свой адрас "камэрамэн", ён не пратэставаў. Бо ў гэтым слове выразна гучыць павага да чалавека з камэрай, а Завадзкі сваёй прафэсіяй вельмі ганарыўся, і тым, хто яе зьневажаў, ён мог не дараваць. Іншая рэч, што прыродная сьціпласьць не дазваляла дэманстраваць пачуцьці. Ён проста своечасова рабіў выбар.

Павал Шарамет на мае настойлівыя пытаньні пра недахопы Завадзкага зноў і зноў паўтараў, што гэта "ідэальны, проста ідэальны чалавек". Адную нэгатыўную рысачку згадаў толькі Дзьмітры Сямага, ды і тое таму, што пагадзіўся з маёй просьбай не рабіць зь Дзімы ікону.

(Сямага: ) "Магчыма, у яго ёсьць такая якасьць, як самалюбства. Проста ён рухаўся наперад як прафэсіянал для свайго ўзросту настолькі хутка, што магчыма было і заганарыцца. На мяне гэта не распаўсюджвалася, але я заўважаў, што ён ужо глядзіць вакол крыху зьверху".

Гэты расповяд будзе не завершаны безь яшчэ аднаго голасу. Голасу Дзімінай мамы. Але яна трапіла ў шпіталь, яе хвароба зьвязаная з нэрвамі, і я проста не знайшоў у сабе сілаў патурбаваць жанчыну ў такі складаны момант. Замест Дзімінай мамы будзе казаць Дзімін сын Юра. Аднак гэта не інтэрвію, не просьба згадаць тату. У момант, калі пасьля гутаркі мы са Сьвятланай пілі на кухні гарбату, са школы вярнуўся Юра. Ён вучыцца ў пятым клясе. Вучыцца, як тата, па-рознаму. Ёсьць і пяцёркі, ёсьць і тройкі. Зараз Юра прынес са школы тройку. Тройку ён атрымаў за верш Рыгора Барадуліна пад ляканічнай назвай "Бацьку"... Гэта хлопчык зьвяртаецца да бацькі, які не вярнуўся з вайны. Маю просьбу хаця б з падручніка прачытаць верш Барадуліна "Бацьку" Юра Завадзкі выканаў, але не адразу. Яму дапамагла мама.

(Завадзкая: ) "Ня выйшаў ты і ў гэты раз мяне спаткаць, паднесьці рэчы.
Ля весьніц, толькі зноў твой вяз крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі. Глядзіш у даль з-пад шкла партрэта...
Ці бачыш, вырас сын які? Скажы хоць слова для прывета…”

(Юра Завадзкі : ) “…А я... чакаў з усіх дарог цябе у сорак чацьвертым летам.
Калоны ні адной ня мог я прапусьціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць "Сынок..." і крыкнуць радаснае "Тата!",
Бацькоўскім быў мне кожны крок... Усё ішлі, ішлі салдаты...
Каторы раз сыходзіў сьнег...Дамоў вярнуліся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег і чуў кароткае "Прыедзе...".

Калі ў крыўдзе мне сябры гразіліся падчас бацькамі,
тады хацелася наўзрыд заплакаць шчырымі слязамі.
Не плакаў я – ўсім на злосць, бо ў хаце быў адзін – мужчына.
Ня йшоў ты... Маці маладосьць глыбей заворвалі маршчыны.
Паверыць цяжка мне таму, што больш ня прыйдзеш ты дадому
А шапку я заўжды здыму перад магілай невядомай".

(Завадзкая : ) "Гляжу, ён вучыць верш і плача. Кажу, ты чаго. А потым ўчыталася... Калі я сяджу раву, то што казаць пра дзіця".

І ўсё ж, Юра і Сьвятлана ўсё роўна чакаюць Дзіму. І Вольга Рыгораўна чакае. І сябры Дзіміны і калегі перакананыя, што ёсьць справядлівасьць на сьвеце, ня можа гэтак проста зьнікнуць такі выдатны, прыгожы чалавек. Яны спадзяюцца на цуд, які калі-некалі у жыцьці здараецца. Дзіміна сястра Алена памятае, што такое было ў іхным дзяцінстве, калі насуперак ўсяму здараўся цуд у выглядзе сэрабрыстай шчасьлівай манэткі.

(Алена Завадзкая: ) “У нас была скарбонка, такая вялікая, жалезная, тата працаваў зваршчыкам на заводзе і там зварыў гэтую капілку. Гэткая жалезная, прастакутная плоская скрыня, якая ў прыбіральні прывінчвалася на балты да падлогі. А мы адкручвалі гэтыя балты і трэсьлі, рознымі хітрыкамі здабывалі адтуль дробязь. Трэслі, пакуль адтуль нейкая капейчына ня выскачыць…"

На завяршэньне ў нас ёсьць магчымасьць пачуць голас Зьмітра Завадзкага. Калі пазваніць на ягоны хатні тэлефон, там уключаецца аўтаадказьнік:

“Здравствуйте! Вы позвонили в квартиру Дмитрия Завадского. К сожалению, абонента нет дома. Оставьте свое сообщение после сигнала…”


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.