|
|
6 Сакавіка 2002
|
АРХЕОЛЯГ МІХАСЬ ЧАРНЯЎСКІ ПРА БУДУЧЫНЮ КУРАПАТАЎ |
У будучыні магчыма ідэнтыфікаваць парэшткі расстраляных у Курапатах людзей і зрабіць сьцяну памяці, на якой будуць напісаныя імёны ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, — мяркуе археоляг Міхась Чарняўскі.
|
|
|
Ганна Соусь, Менск |
|
Кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук археоляг Міхась Чарняўскі не спадзяецца на тое, што пры цяперашняй ўладзе стануць вядомыя імёны тых, хто аддаваў загады й расстрэльваў бязьвінных людзей у Курапатах, як, дарэчы, і імёны іхных ахвяраў. Але ў будучыні, калі будуць рассакрэчаныя архівы КГБ, праўда стане вядомай.
(Чарняўскі: ) "Калі ведаць па сьпісах, хто тут расстраляны, то паводле генэтычных кодаў можна будзе вылічыць, узяўшы аналіз тканак жывога чалавека — унука ці праўнука. Гэта вялікія грошы. Але каб такое не паўтарылася, трэба й грошы выдаткаваць. Тады ўжо нейкую вялікую сьцяну трэба рабіць, і на гэтай сьцяне пісаць усе прозьвішчы... Можа, нават і зараз за межамі Курапацкага комплексу, у агароджы дзе-небудзь ля падземнага пераходу зрабіць вялікую сьцяну. І на ёй — тысячы прозьвішчаў расстраляных у Менску ў 1937-41 годзе".
Міхась Чарняўскі бачыць будучы мэмарыял у Курапатах такім:
(Чарняўскі: ) “Ня варта нешта будаваць на саміх магілах, бо сам лес, схілы й ямы напоўненыя пакутамі. Гэтая мясьціна ўжо ёсьць мэмарыялам. Там толькі павінна быць чысьценька, і людзі павінны хадзіць моўчкі са зьнятымі капелюшамі. І канешне, каб гэтыя магілы былі нейкім чынам пазначаныя".
Паводле археоляга Міхася Чарняўскага, трэба пэўным чынам пазначыць тэрыторыю ўрочышча там, дзе яе перасякае кальцавая дарога:
(Чарняўскі: ) "Там будуць рабіць апорныя сьценкі. Я там паставіў бы знак — ня больш за 60 км хуткасьці. І вось на гэтых сьценках проста выклаў бы велізарнымі літарамі "Курапаты" зь левага й з правага боку, каб кожны, хто ехаў, прыпыняў рух. І людзі, асабліва чужыя, якія ўпершыню едуць празь Беларусь, бо гэта будзе транскантынэнтальная магістраль, бачылі, што тут месца пакутаў беларускага народу".
Сам Міхась Чарняўскі ўпершыню даведаўся пра Курапаты ў другой палове 70-ых гадоў ад Зянона Пазьняка, які працаваў тады ў аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі. Тады археолягі сьцерагліся казаць пра трагедыю ў Курапатах, бо баяліся, што ўлады зробяць з Курапатаў чарговы кар'ер.
(Чарняўскі: ) "Як быццам ніхто ня ведае, дзе расстрэльвалі, але чамусьці, калі выдзяляюць зямлю пад кар'ер, дык як раз там, дзе растрэльвалі".
Паводле Міхася Чарняўскага, гэткі кар'ер быў зроблены пад Вялейкай, дзе ў 1941 годзе перад наступам немцаў расстрэльвалі палітычных вязьняў, і яшчэ шмат дзе ў Беларусі. Што да Курапатаў, якія ўлады не пасьпелі й ня здолелі зраўняць з зямлёй, то Міхась Чарняўскі дагэтуль памятае свае пачуцьці, калі ўпершыню трапіў ва ўрочышча:
(Чарняўскі: ) "Успомніў нашых археолягаў, нашую інтэлігенцыю найперш. І была такая думка, што вот тут — нашае Адраджэньне 1920-х гадоў".
Сам Міхась Чарняўскі таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў. У 70-я гады, калі ва Ўкраіне пачаліся рэпрэсіі ў дачыненьні да мясцовых патрыётаў, якіх называлі "нацыяналістамі", Міхась Чарняўскі распачаў збор грошай у іх падтрымку. За гэта яго пакаралі папраўчымі працамі — больш за год давялося разгружаць цэмэнт і працаваць муляром. Пасьля гэтага шмат гадоў імя Міхася Чраняўскага выкрэсьлівалі з розных навуковых працаў і не давалі магчымасьці надрукавацца. |
|
|
|
|
|
|