news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


5 Сьнежня 2002
 
Калінкавічы
 
Зьміцер Бартосік, Калінкавічы
 
Мала хто ведае, што пра горад Калінкавічы ў Беларусі ня чулі да 1925 году. Бо існавала мястэчка Каленкавічы. І застаецца загадкай, чым не задаволіла бальшавікоў старая назва. Ня іначай, падалася занадта эратычнай для эпохі камунізму. І памянялі каленкі на калінкі. Што праўда, ад былых Каленкавічаў засталося няшмат. Саракатысячны горад выглядае, як новабудоўля. Але кожны, хто патрапіць сюды, міжволі адзначыць чысьціню тратуараў і фасадаў. Што надае звычайнаму райцэнтраўскаму краявіду цывілізаваны выгляд. Я на свае вочы бачыў сьмецьцеўборачную машыну на ранішняй калінкавіцкай вуліцы. Напэўна, чысьціня – "канёк" мясцовых уладаў.

А яшчэ Калінкавічы славяцца сваёю станцыяй. І зьбіраючыся ў Мазыр, які ляжыць на супрацьлеглым беразе Прыпяці, білет Вы купіце ўсё адно да Калінкавіч. Але не кажэце, што Калінкавічы – гэта сатэліт Мазыра. Можаце пакрыўдзіць любога калінкавічука. Рэакцыя будзе такая, як у майго добрага знаёмага Алясея Маневіча – маладога чалавека, які вучыцца ў Мазырскім пэдінстытуце, узначальвае мясцовую моладзевую араганізацыю "Гарт" і лічыць сябе патрыётам свайго гораду. Гэта значыць, Калінкавічаў.

(Маневіч: ) "Ну ня можа ён быць сатэлітам Мазыра, хутчэй Мазыр будзе сатэлітам Калінкавіч. Таму, што ў Мазыры няма чыгуначнага вузла. Яны карыстаюцца паслугамі горада Калінкавічы. І зайздрасьці дакладна няма, ну толькі што, можа, кірмаш там большы. А так гэта два розныя гарады. Проста яны недалёка знаходзяцца адзін ад аднога, шмат жыхароў там вучыцца ці працуе".

Акрамя чысьціні, Калінкавічы ўражваюць колькасьцю някепскіх аўтамабіляў. Што гаворыць аб прадпрымальнасьці мясцовага люду. Адна з калінкавіцкіх легендаў апошняга часу апавядае пра тое, што яшчэ зусім нядаўна на нямецка-польскай мяжы быў указальнік на Калінкавічы. Адмыслова для калінкавіцкіх перагоншчыкаў патрыманых аўто.

Сёньняшні кляндайк для тутэйшых прадпрымальнікаў – не аўтамабілі, а камбікармы, якія вязуць з Расеі, каб прадаць у навакольных вёсках. Вось што мне расказала адна з прадпрымальніцаў, поўная сілаў саракагадовая кабета, уладальніца двух мікрафургонаў.

(Карэспандэнт: ) "Чым Вы гандлюеце?”

(Прадпрымальніца: ) “Камбікорм, отрубі, і ўсё, што зьвязана... зернавыя. Толькі такое ў нас. У нас выязны гандаль лічыца, на раён, на вёскі. Людзям, каб скот кармілі. Я хачу сказаць, што хто хоча зарабіць грошы, той знойдзе спосаб, як іх зарабіць. Хто лянівы, той не заробіць нічога”.

Што да калінкавіцкага палітычнага жыцьця, дык яно мала чым адрозьніваецца ад палітычных будняў іншых правінцыйных гарадкоў. Тут ёсьць актывісты трох асноўных палітычных сілаў – БНФ Вячоркі, АГП Лябедзькі і ПКБ Калякіна. У час прэзыдэнцкіх выбараў найбольш заўважнымі былі хрысьціяне-кансэрватары Пазьняка, якія, як сьцьвярджаюць мае калінкавіцкія сябры, гучней і ярчэй за ўсіх зьбіралі подпісы за вылучэньне спадара Зянона. Цікава, што пачатак тутэйшаму палітычнаму жыцьцю паклаў расеец Юры Кабанаў. Чыноўнік, які дзясятак гадоў таму не пабаяўся са свайго кабінэту стварыць сваеасаблівы штаб дэмакратычных сілаў.

(Кабанаў: ) “Правялі першае пасяджэньне Таварыства беларускай мовы. Шукалі тады, дзе ж правесьці пасяджэньне, зьвярнуліся да мяне, і я аддаў свой кабінэт. І вось у гэтым кабінэце маім дырэктарскім, я ж быў дырэктарам 25 гадоў дзяржаўнай рэгянальнай службы дзяржстандарту, палову Гомельскай вобласьці мы кантралявалі”.

На тым пасяджэньні Юры Кабанаў першым напісаў заяву аб уступленьні ў Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне", чым падаў прыклад для астатніх.

(Кабанаў: ) “І як толькі мы гэта стварылі, адразу разьнеслася: Кабанаў – бэнээфавец. І так на мне гэта і павісла. І вось прайшоў чарговы тэрмін прадленьня кантракта, і са мной не прадліў кантракт старшыня дзяржстандарту”.

Сёньняшні пэнсіянэр Кабанаў сваіх перакананьняў ня мяняе і не шкадуе аб мінулым. А адхланьне знаходзіць у маладых людзях. Такіх, як ужо знаёмы нам Аляксей Маневіч.

(Маневіч: ) “Займаліся мы правядзеньнем творчых сустрэчаў зь Віктарам Шалкевічам, з Уладзімерам Арловым. Звычайна гэта ўсё праходзіць у навучальных установах, гэта школы, гэта тэхнікум Калінкавіцкі, гэта Мазырскі ўнівэрсытэт. Звычайна ўсім падабаецца. Можа, спачатку не заўжды такая рэакцыя, але калі сустрэча пачынаецца, недзе з 20-й хвіліны ўсе пачынаюць успрымаць вельмі добра. Таму я лічу, гэта вельмі плённая справа, такія сустрэчы. Далучаецца моладзь да беларускай культуры. І зараз усё больш людзей, якія наведваюць такія мерапрыемствы”.

Гатовы падцьвердзіць Аляксеевы словы, бо сам неаднойчы выступаў у Калінкавічах. І быў прыемна зьдзіўлены тым прыёмам, які ладзіла маладая публіка. Вось што кажа іншы калінкавічук, учорашні школьнік Мікалай.

(Мікалай: ) “Калі казаць пра нашыя Калінкавічы, дык я маю вельмі шмат сяброў, якія цікавяцца беларускай мовай, беларускай культурай, беларускай музыкай. Тым, што ствараецца менавіта гэтымі людзьмі, якія хочуць прасунуць наперад нашую беларускую культуру. Ну, напрыклад, кнігамі Караткевіча, кнігамі, вядома, нашых клясыкаў, Купалы і Коласа, любяць іх чытаць. Ну, гісторыкаў беларускіх – Арлоў, Сагановіч. Гэта вельмі цікавыя рэчы. І тое, як там падаецца гісторыя, і так, як яе спрабуюць падаваць зараз, гэта дзьве вялікія розьніцы. І людзі яе адчуваюць. І ўжо ведаюць, дзе праўда, а дзе мана, дзе хлусьня”.

На адной з калінкавіцкіх вулак маю ўвагу прыцягнула адна крама. Называлася яна "Візіт" і аздобленая была рэклямным плякатам "Кока-Колы". Я зайшоў, каб спатоліць смагу, і за дзьвярыма аслупянеў. Ні колы, ні мінэралкі на паліцах не назіралася. Вітрыны вабілі адным, ня вельмі сымпатычным на выгляд, гатункам кілбасы і батарэямі нейкага соўсу. Тут жа прадавалася рабочая вопратка. Дзьве прадавачкі надзвычай прыязна сустрэлі візыцёра, гэта значыць мяне. Як высьветлілася, крама "Візыт" належыць Калінкавіцкай мэблевай фабрыцы, тыповаму дзяржпрадпрыемству з тыповымі праблемамі.

(Прадавачка: ) "На камбінат ідзіце, і нашыя рабочыя Вам раскажуць, як мы жывем, яны такога Вам нарасказваюць. У нас чуць не банкрут наш камбінат, нас амаль ужо закрываюць. Васямнаццаць рабочых дзён – сорак дзьве тысячы ў мяне, такі заробак. Як можна выжыць?”

(Карэспандэнт: ) "Але ж неяк выжываеце? Падзяліцеся сакрэтам”.

(Прадавачка: ) "Ну муж яшчэ ёсьць. Таксама недзе прамышляе, так сказаць. Не жывем, а выжываем”.

(Карэспандэнт: ) "Ну дзеці растуць разумныя?

(Прадавачка: ) "Ну так. Куды толькі гэтым дзецям падацца? У мяне дзіця 12 гадоў, яна добра вучыцца. А далей што?”

Куды ж у асноўным падаецца калінкавіцкая моладзь, мне распавёў малады сябра БНФ Дзяніс Рабянок.

(Рабянок: ) "Калі браць наш тэхнікум, дык 99% тых, хто заканчвае, па прафэсіі сваёй, якую яны там атрымліваюць, яны ўвогуле не працуюць. Таму што прафэсія там – аграном, заатэхнік. А там, як вы ведаеце, заробак ня большы за сорак тысячаў, у нашых калгасах. Таму, хоць гэтых спэцыялістаў паўсюдна не хапае, усё роўна ніхто не ідзе працаваць. Бо там ніякіх пэрспэктываў няма”.

(Карэспандэнт: ) “А навошта ж людзі ідуць вучыцца?”

(Рабянок: ) "Дзевяноста працэнтаў ідзе, каб не пайсьці ў войска папросту”.

(Карэспандэнт: ) “А якая, думаеш, мара ў людзей?”

(Рабянок: ) “Мара – гэта знайсьці добрую працу і атрымліваць шмат грошай. Вось і ўся мара. Ці ўладкавацца ў міліцыю, таму, што ў нас амаль уся міліцыя – выхадцы з нашага тэхнікуму”.

А яшчэ ў Калінкавічах ёсьць краязнаўчы музэй. Аднак, на вялікі жаль, асноўная экспазыцыя на рамонце. А ў адзінай дзеючай залі – выстава дзіцячага малюнка. Але музэйныя работніцы запэўнівалі мяне, што іхная ўстанова – гэта галоўны культурны цэнтар Калінкавіч.

(Супрацоўніца музэю: ) “Увогуле ў нас краязнаўчы музэй. У нас ёсьць гістарычная заля, археалёгіі заля будзе ў нас, этнаграфіі. Гэта ў нас самы такі ў горадзе культурны цэнтар. Да 9 мая, у Дзень незалежнасьці ў нас сутрэчы з вэтэранамі, бяседы за круглым сталом, і салодкі стол для іх робім. І клюб маладой сям'і мы арганізоўваем разам з БПСМ”.

Пакінуўшы ўстанову, дзе так соладка жывецца вэтэранам і маладым сем'ям, я заўважыў вельмі прыгожую старую, якая завіхалася на сваім гародзе. Баба Маня аказалася надзвычай кантактным чалавекам і на банальнае пытаньне "Як жыцьцё?", распачала пра жыцьцё і адказваць.

(Баба Маня: ) "Ох, маё жыцьцё, вам расказаць, дзеткі, ад пачатку да канца патрэбна во такая во Біблія. Усяк было. Вайна вельмі нішчыла. Сумна вайна. Так гэта во немцы настаўлялі дула. Майго гаспадара забралі расстрэльваць. Сьвякруху забілі, сятру яго забілі. А яго павялі, там дзевяць чалавек, дык яны паўцякалі. А яны вярнуліся па нас. Трымалі дванаццаць дзён у такой абгаранай хаце. Прынесьлі лапатачкі капаць ямы жывым. Каб жывых закопваць. Сабралася сяло, пападала. Аж едуць тры машыны, чорныя такіх. Гэта самы, як яны гаварылі, Гопман. Яны: "Што такое?" "Нашых баб нявінных вунь прышчыталі партызанамі і будуць закопваць жывых". Такі прыгавор, ліст ад канца да краю – вас трэба рэзаць і саліць...”

Я слухаў гісторыю бабы Мані, якая выжыла дзякуючы нямецкаму афіцэру Гопману, і не знаходзіў у сабе сілаў абарваць яе. Песьцячы вуха прыроднай беларускай моваю і разумеючы, што пасьля ўсіх жахаў, якія выпалі на долю тысячаў такіх кабет, наш час павінен здавацца ім раем.

(Карэспандэнт: ) “А калі жылося лепш за ўсё”.

(Баба Маня: ) “Пры Брэжневу было, жылося. У мяне восьмера дзяцей было, у войну трое пагінула, а пяць у мяне дзяўчат засталіся, дзякуй Богу, не паганыя. І ўнучак у мяне, і праўнучак ужо ў мяне. І ўсе не лайдакі, усе разумныя, харошыя. Дзякуй Госпаду Богу за маю сям'ю”.

Неўзабаве падыйшла адна з дачок бабы Мані. Настаўніца па прафэсіі, а ў вольны час салістка Калінкавіцкага фальклёрнага ансамбля "Галасы Палесься". Я папрасіў яе засьпяваць улюбёную песьню. І зусім не зьдзівіўся таму, што загучала песьня суседняга народу.

(Салістка "Галасоў Палесься": )

"Ой у вішнэвым у садочку
Там соловэйко шчэбетав
До дому я просылося
А він мэнэ всэ не пушчаў

О мілы мій, а я твоя
Пусты мэнэ, взышла зоря
Проснэться матанька моя
Будэ пытаць, дэ була я

А ты ёй дай такі отвіт
Якая чюдова майска ніч
Весна ідэ, красу нэсэ
І в тій красі радіе всэ...”


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.