news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


2 Сьнежня 2002
 
Талачын
 
Міхал Чарвінскі, Талачын
 
Назвы населеных пунктаў у навакольлі Талачына гучаць напамінам пра мінулаю славу. Друцак, Падбярэзьзе, Азярцы, Новае ды Старое Саколіна нагадваюць, што менавіта адсюль разьвяліся па сьвеце слаўныя ў навуках ды іншых справах Друцкія-Падбярэскія, Друцкія-Азярэцкія ды Друцкія-Сакалінскія. Герб Друцкіх падчас апошняй геральдычнай кампаніі нават увасобіўся ў гарадзкім гербе Талачына.

Пасьля сьвяткаваньня 1000-годзьдзя старажытнага Друцку ў мінулым годзе ў Талачыне засталіся і, трэба аддаць належнае мясцовым уладам, добра захаваліся шматлікія набыткі, напрыклад, адмысловыя сьметніцы ў выглядзе кветак-званочкаў… Чым жа вядомы сам Талачын? Першы мой суразмоўца на чыгуначнай стацыі ня стаў паглыбляцца ў дэталі:

(Карэспандэнт: ) “Чым вядомы Талачын?”

(Мужчына сталага веку: ) “Талачын, ды й ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Ну а што пра яго людзі кажуць?”

(Той жа мужчына: ) “А што яны будуць казаць? Усяго хапае, і сьліў, і яблыкаў, і хлеб урадзіў. Галодныя не сядзяць”.

Аднак жанчыны на станцыі былі больш гаваркія:

(Жанчына: ) “Чым вядомы? Ну, шляхі зносінаў добрыя, прыехаць можна і зь Менску, адусюль. Знаходзіцца ён на такім, як гаворыцца, скрыжаваньні”.

(Другая жанчына: ) “Друцак тут знаходзіцца, нядаўна тысячагодзьдзе адзначалі. Ну, чым яшчэ ён вядомы? Помнікі архітэктуры дужа добрыя, яны, праўда, ня помнікі – яны дзейнічаюць. Касьцёл вельмі прыгожы, царква добрая, музэй добры, гісторыка-краязнаўчы. Сьвята-Пакроўская царква знаходзіцца, касьцёл Святога Антонія. Ну што яшчэ? Прамысловасьць ёсьць, болей-меней разьвітая, у параўнаньні зь іншымі райцэнтрамі тут усё-такі добра: і масласырзавод, і элеватар такі славуты, кажуць, толькі чатыры такіх элеватары ў рэспубліцы, і адзін зь іх у Талачыне… Хлебазавод, вінны завод, ці як ён там называецца, дужа добрае віно талачынскае, па ўсёй рэспубліцы яго ведаюць і цэняць, яно без араматызатараў”.

Набыткам Талачына ад суседзтва з чыгункай стала так званая “Цыганская народная рэспубліка”. Так некаторыя мае суразмоўцы называлі цыганскую супольнасьць Талачына. Яна складаецца з цыганскіх сем’яў, што жывуць тут ужо ад ХІХ стагоддзя, так што супрацоўнікі краязнаўчага музэя нават запісалі ў свае пляны зьбіраньне прадметаў мясцовае цыганскае матэрыяльнае культуры. Некаторыя цыганскія старажылы вярталіся ў родныя мясьціны з нацысцкіх лягераў. У Талачыне яны ня маюць свайго барона, але вялікім аўтарытэтам ва ўнутраных справах цыганскай грамады карыстаюцца старыя цыганы. На пытаньні пра асноўныя заняткі можна пачуць: “хто крадзе, хто гандлюе”. Мяжа маёмаснага падзелу пралягла і праз цыганскую грамаду. Як кажуць самі цыганы, некаторыя зь іхных супляменьнікаў маюць надзвычай вялікія магчымасьці, і, добра пашукаўшы, у Талачыне можна купіць нават самалёт. Маладзейшыя прадстаўнікі цыганскае грамадзкасці ў прыватных гаворках выказваюць сур’ёзную незадаволенасьць вынікамі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў і палітыкай Аляксандра Лукашэнкі . Як і беларусы, яны тлумачаць паразу апазыцыі пазыцыяй пэнсіянэраў і баяцца назваць сваё прозьвішча. Тут жа я пачуў скаргі на няроўнае стаўленьне да цыганаў з боку мясцовай міліцыі, маўляў, за адно і тое ж злачынства цыгана караюць больш жорстка, чымсьці чалавека іншай нацыянальнасьці. Аднак сьмеласьць маіх суразмоўцаў не вытрымлівала выгляду ўключанага дыктафона, і ў лепшым выпадку яны не абвяргалі выпадкаў дыскрымінацыі ў адносінах да сваіх супляменьнікаў.

(Карэспандэнт: ) “Я чуў, што міліцыя ў Талачыне ставіцца да цыганаў няроўна, як да іншых людзей. Ці так гэта?”

(Цыган: ) “Магчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Вам не даводзілася сутыкацца з такім неаб'ектыўным стаўленьнем да сябе з боку міліцыі?”

(Цыган: ) “Асабіста мне – не, не даводзілася. Але я чуў пра такое”.

(Карэспандэнт: ) “А што канкрэтна вы чулі?”

(Цыган: ) “Да цыганаў адносіны вядомыя. Неадназначныя, што я магу сказаць…”

Намесьнік начальніка Талачынскага РАУСу Васіль Горлач распавёў наступнае:

(Горлач: ) “Дзесьці зь сярэдзіны сямідзясятых гадоў першыя цыганы зьявіліся тут, зараз іх пражывае каля 45-50 сем’яў колькасьцю да 150-160 чалавек. Пастаянная міграцыя, як правіла, ніхто зь іх не працуе, пастаянна ўваходзяць у канфлікт з законам. Праблема была і застаецца – гэта наркаманія, і цяпер большасьць асобаў цыганскай нацыянальнасьці ці самі спажываюць, ці збываюць наркатычныя рэчывы. Нават у гэтым годзе да крымінальнай адказнасьці прыцягнутая цыганка за продаж наркатычных рэчываў. За шэсьць месяцаў да крымінальнай адказнасьці за розныя злачынствы, у тым ліку цяжкія і асабліва цяжкія, прыцягнута 17 асоб цыганскай нацыянальнасьці”.

Васіль Горлач кажа, што частка талачынскіх цыганаў вандруе па ўсёй тэрыторыі Беларусі ды суседняй Расеі, а то й далей, і практычна зь любой кропкі СНД талачынская міліцыя атрымлівае інфармацыю пра зьдзейсьненыя імі крадзяжы. Тыя цыганы, якія жывуць асёдла, называюць сваіх вандроўных супляменьнікаў “партызанамі”. “Партызаны” паміж вандроўкамі звычайна туляцца ля чыгуначнай станцыі ў старой хатцы, аж пакуль тая не заваліцца. Паводле Горлача, адзін з самых распаўсюджаных у “партызанаў” заняткаў называецца “езьдзіць на Чачню”, што на самой справе абазначае зьбіраць па цягніках ды ў буйнейшых гарадох міласьціну пад выглядам уцекачоў з Чачэніі. Так звычайна і тлумачаць адсутнасьць каго зь іх –“паехаў на Чачню”.

(Горлач: ) “Ну а чаму мы праводзім зь імі працу больш жорсткую, то выснова сама сабою напрошваецца – таму што яны не такія законапаслухмяныя, як бы нам хацелася”.

Гэтак завяршыў тэму намесьнік начальніка талачынскай міліцыі.

У Талачыне надзіва багата для раённага цэнтру камэрцыйных шапікаў, больш за 20 агульным лікам. Насупраць таго ж райвыканкаму ля цэнтральнай плошчы гораду разьмешчаны цэлы рынак з шапікаў. Прадукты харчаваньня ў шапіках пераважна расейскія, кошты адпавядаюць менскім. А вось цэнтральны рынак ў Талачыне гіронія гарадзкіх пляніроўшчыкаў зьмясьціла паміж міліцыяй ды царквой і якраз насупраць касьцёла. Сам рынак упрыгожаны адмысловымі вежачкамі ды выглядае падобным да старажытнага замку. Паводле гістарычных зьвестак, сама назва Талачына мае гандлёвае, “рынкавае” паходжаньне. Дырэктарка музэя Ірына Пікулік кажа:

(Пікулік: ) “Існуе дзьве вэрсіі. Адна – ад слова “талака”, гэта калі людзі зьбіраюцца грудам і робяць нейкую калектыўную працу, напрыклад хату будуюць, альбо лес валяць. А другая – ад слова “толочея”. Талачын славіўся сваімі кірмашамі, “толочея” — гэта і ёсьць кірмаш. Можа быць, ад гэтага і назва “Талачын” паходзіць…”

Ня так даўно Талачынскі райвыканкам адзначыўся на ўсю вобласьць тым, што партрэт аднаго з гарадзкіх прадпрымальнікаў зьмясьцілі на Дошку гонару: падобная ўвага да прадпрымальніцкае працы на Віцебшчыне ёсьць выняткам. Самога ўганараванага такім чынам прадпрымальніка завуць Сяргей Маісееў, яму 39 гадоў. Летась ён адчыніў краму ў Талачыне, а сёлета – першую ў Талачынскім раёне міні-кавярню зь більярдам, у суседнім з Талачыном Коханаве. Адзінае, чым могуць патлумачыць талачынцы такую павагу да яго з боку ўладаў, гэта надзвычайная для сучасных часінаў сумленнасьць у адносінах зь дзяржавай. Паводле словаў аднаго са старэйшых супрацоўнікаў мясцовай газэты Алеся Мазура, з трох соцень зарэгістраваных у раёне прадпрымальнікаў Сяргей Маісееў уваходзіць у лік 66-ці, якія завялі сабе безнаяўныя рахункі ў банку ды ў лік тых трох прадпрымальнікаў, якія кладуць на іх атрыманыя наяўнымі грашыма прыбыткі. Аднак тыя прадпрымальнікі, што гандлююць на мясцовым рынку, пра гэты факт ня ведаюць альбо не надаюць яму вялікага значэньня, а адносіны ўладаў да сябе ацэньваюць стрымана.

(Прадпрымальнік: ) “А што ўлады? Тут жа ўлады маленькія, нашыя. А так -- нас ніхто не чапае, усё нармалёва”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці апраўдвае сябе гандаль у Талачыне?”

(Першы прадпрымальнік: ) “Не апраўдвае”.

(Другі прадпрымальнік: ) “Вось чалавек “па нулях” адстаяў сёньня цэлы дзень”.

(Першы прадпрымальнік: ) “А з 1-га, пры новых законах, пры новых падатках, і на соль ня хопіць”.

(Другі прадпрымальнік: ) “Гарадзкім нічога ня трэба, яны едуць у Менск “тарыцца”. Вёсцы грошай не даюць. Грошай у вёсцы няма. Як у мінулым годзе перад выбарамі “бабак” далі, дык і гандаль тады быў. А зараз грошай няма, дык зернем заробак аддаюць, буракамі”.

(Першы прадпрымальнік: ) “Няма грошай і гандлю няма. Якія ў нас тут заробкі, у Талачыне. Дзьве арганізацыі толькі добра атрымліваюць, вінзавод і масласырзавод, і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “На што спадзяецеся на будучыню?”

(Першы прадпрымальнік: ) “На сябе”.

(Другі прадпрымальнік: ) “На маладосьць”.

(Першы прадпрымальнік: ) “На Маскву. Вось у нас паўгораду працуе ў Маскве. Уся моладзь. Раней моладзі было болей, а цяпер усе зь сямнаццаці, як школу скончылі, і ўжо ў Маскве. Хто на будоўлі, хто на рынку, прыяжджаюць адтуль на нармалёвых машынах”.

Другая палова моладзі, якая яшчэ ня зьехала ў Маскву, паводле словаў маіх суразмоўцаў, занятая на блізкіх да Талачына міжнародных аўтамабільных магістралях. Характар гэтае занятасьці найлепш вядомы талачынскай міліцыі. Намесьнік начальніка Васіль Горлач кажа: “Само геаграфічнае разьмяшчэньне раёну, тое, што ён разьмешчаны на дзьвюх магістралях, міжнародных, старой і новай, якая адчынілася з 1996 года, спрыяе таму, што, як правіла, моладзь чапляецца да замежных грамадзянаў дзеля атрыманьня платы за запраўку аўтамашын, і злачынствы яны зьдзяйсьнялі, крадзяжы з аўтатранспарту ў начны час, гэта, так бы мовіць, міграцыя безнагляднай моладзі па чыгунцы. Былі моманты, калі ў нас назіралася і прастытуцыя”.

Цяпер жа і адкрытая мяжа з Расеяй дадала яшчэ адну характэрную рысу ў агульны малюнак талачынскай злачыннасьці. Васіль Горлач працягвае:

(Горлач: ) “Зараз няма ні мытнага кантролю, ні памежнага кантролю, розьніца ёсьць у коштах на мясную прадукцыю, таму мяса вывозіцца з нашага раёну. Зараз ёсьць такі нелегальны бізнэс, як вываз мяса, жывёлы за межы раёну. Таму тут і крадзяжы жывёлы ў раёне, ды і ня толькі ў нашым раёне, гэта і Дубровенскі, Аршанскі, усе памежныя раёны ад гэтага церпяць. Гэта праблема з праблем”.

У простых талачынцаў – свае праблемы. Яны скардзяцца на завысокія цэны ды на нізкія заробкі, на адсутнасьць жытла, грамадзкага транспарту і працы. На каго ж спадзяюцца талачынцы ў вырашэньні гэтых праблемаў, ці спадзяюцца на якія-кольвек арганізацыі ці ўстановы? Дзьве маладыя спадарыні адказалі так:

(Першая: ) “А што яны нам дапамогуць?”

(Другая: ) “Галасавалі во за Лукашэнку…”

(Першая: ) “Калі бацькі не дапамогуць, то дзяцей толькі мы і гадуем, нам ніхто іх не гадуе”.

(Карэспандэнт: ) “А галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах? За каго?”

(Другая: ) “Ну за каго ж… За Лукашэнку галасавалі. Думалі, што жыцьцё нам дасьць лепшае. А што атрымалася?”

(Карэспандэнт: ) “Ці пацьвердзіліся вашыя спадзяваньні?”

(Другая: ) “Не, не пацьвердзіліся, і болей галасаваць за яго ня будзем. Гаварыў, што цэны падымаць ня будзе. Цэны падымаюцца, а заробкі якія нізенькія! 50 тысяч у нас – гэта самы вялікі заробак. Як пражыць на гэты заробак? За сьвятло заплаці, заплаці за газ, газэту тую выпішы. Дзяцей у школу няма за што апрануць, абуць…”

Падзялілі іхную думку і прадпрымальнікі на мясцовым рынку:

(Карэспандэнт: ) “А вы галасавалі за Лукашэнку?”

(Першы прадпрымальнік: ) “Так”.

(Другі прадпрымальнік: ) “Я – супраць усіх галасаваў”.

(Першы прадпрымальнік: ) “Не апраўдвае ён даверу. Перад выбарамі ўсё адмяніў, а зараз год прайшоў, якраз у верасьні год, і ўсё зноў уводзіць. Хіба гэта справа?”

(Карэспандэнт: ) “Што вы будзеце рабіць у такой сытуацыі?”

(Першы прадпрымальнік: ) “Мы зь ім зьбіраемся ў Маскву ехаць, пасьля Новага году. Да Новага году пратрымаемся. І тут шмат хто зьбіраецца”.

Такім чынам, прыватны бізнэс зробленую падчас прэзыдэнцкіх выбараў памылку спадзяецца вырашыць праз эміграцыю. Іншыя талачынцы эміграваць не зьбіраюцца, але й іншых магчымасьцяў зьмяніць сваё становішча ня бачаць.

(Карэспандэнт: ) “Хутка мясцовыя выбары. Вы спадзяецеся, што пасьля іх нешта зьменіцца?”

(Спадар: ) “Нічога. Мне здаецца, нічога”.

(Карэспандэнт: ) “Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ці былі надзеі, што нешта памяняецца?”

(Спадар: ) “Былі надзеі, былі…”

(Карэспандэнт: ) “Ці спраўдзіліся?”

(Спадар: ) “Вы ведаеце, крыху. Гэта адразу пасьля выбараў, а цяпер усё зноў заціхла. Вы ведаеце, далі, як кажуць, галоднаму костку. Ён яе абгрыз, а цяпер усё, ужо няма чаго есьці. Кінулі тым пэнсіянэрам, і вось яны ўжо галасуюць. І прагаласавалі – лепш няма. А цяпер што – цэны павялічваюцца, пэнсіі мізэрныя, ну вось і усё”.

(Карэспандэнт: ) “Вы баіцёся, што тое самае будзе і пасьля мясцовых выбараў?”

(Спадар: ) “Так, тое самае будзе. Да лепшага ня зьменіцца. Нават можа быць яшчэ і горш...”

(Карэспандэнт: ) “Хутка мясцовыя выбары. Вы пойдзеце на выбары?”

(Другі спадар: ) “Я заўсёды хаджу. Але справа ў тым, што адны й тыя ж твары... І галасаваць тут, у прынцыпе, няма за каго. Тут няма новых асоб, іх не разварочваюць. Тут за каго прапануюць, за тых і галасуюць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Талачыне апазыцыйныя палітычныя партыі?”

(Другі спадар: ) “Я ня памятаю, але, здаецца, былі: БНФ, ці нехта яшчэ. Я сустракаўся з адным чалавекам тут. Ня дужа шмат іх, яны ёсьць, здаецца, але апазыцыя тут слабенькая”.

Па больш дакладную інфармацыю пра мясцовую апазыцыю я ўрэшце зьвярнуўся да мастака і апазыцыянэра са стажам Сержука Давыдчука, які, хоць і жыве ў суседнім Коханаве, ёсьць чалавекам несумненна добра абазнаным у тутэйшым палітычным жыцьці. Апазыцыйны спэктар Талачына ён абмаляваў так:

(Давыдчук: ) “Хто ёсьць у Талачыне, гэта “БОТЖ”, жаночая тусоўка, якая атрымала факс пад тыя выбары, а пад гэтыя ўжо ксэракс. Філія БХК была, здаецца. Што дакладна – КХП, яна як бы традыцыйная ў Талачыне, можа быць, найстарэйшая. Спадар Рылько, ён ня так даўно ў дадатку да “БДГ” – “Для служебного пользования”, здаецца, называецца, – сёмы нумар апошні, на цэлую старонку вязьнем салжаніцынскім клясыфікаваны. Ну а што такое КХП увогуле ў Талачыне? Пікет апошні быў летась хіба…”

Анатоля Рылько я стрэў на ганках мясцовага краязнаўчага музэю пасля імпрэзы, прысьвечанай памяці мастака і вядомага фалькларыста Лявона Баразны. Анатоль Рылько – вядомы ў Беларусі чалавек, былы палітвязень. Яшчэ ў пяцідзясятыя гады падчас галасаваньня на выбарах у Вярхоўны Савет ён, тады афіцэр-авіятар, напісаў на бюлетэні ўсё, што думаў пра Сталіна і ягоных паплечнікаў. За гэта патрапіў спачатку ў піцерскія “Кресты”, а потым у апісаную Салжаніцыным “шарашку” – турэмнае канструктарскае бюро. Вызвалены пасьля сьмерці Сталіна, ён прыехаў жыць ў Талачын, непадалёк ад якога нарадзіўся. Тут і дачакаўся перабудовы, а з пачаткам утварэньня Беларускага Народнага Фронту адразу ж увайшоў у ягоныя шэрагі. Цяпер ён кіруе мясцовай суполкай Кансэрватыўна–хрысьціянскай партыі БНФ. На маё пытаньне, чаму ягоная партыя не асабліва актыўна дэманструе сваю апазыцыйнасьць у горадзе і чаму пра яе мала ведаюць людзі, спадар Рылько адказаў так:

(Рылько: ) “Што Вы маеце на ўвазе пад словам “неактыўна”? У нас пікеты праходзяць, ёсьць усе здымкі, засьнята. А як зразумець “актыўна”? Мы лічым, што мы праводзім так, як патрабуе ад нас наш лідэр і наша сумленьне”/

Згаданая раней імпрэза ў краязнаўчым музэі адбылася ў рамках, напэўна, самай буйной мастацкай і палітычнай падзеі ў Талачыне за апошні час – адзначэньня 30-ых угодкаў з дня гвалтоўнай сьмерці вядомага мастака і фальклярыста, ураджэнца Талачынскага раёну Лявона Баразны, які насьмельваўся спавядаць адраджэнскія погляды ў застойныя 1970-ыя. Сябры і аднадумцы мастака, сярод якіх Зянон Пазьняк ды Мікола Купава, лічаць, што гэта й сталася асноўнай прычынай ягонае сьмерці ў Менску ў 1972 годзе. Алесь Пушкін, які быў ініцыятарам сёлетняга ўшанаваньня памяці вядомага мастака, кажа, што мясцовыя ўлады адрэагавалі на гэта досыць нэрвова:

(Пушкін: ) “Па горадзе было расклеена 25 афішаў. І спадар Юры Палякоў расклейваў, ён гаворыць, што іх зрывалі, бо гэта разглядалася як нейкія апазыцыйныя дзеяньні. Мясцовыя ўлады, калі патэлефанавала дырэктрыса аб тым, што будзе праводзіцца мерапрыемства, адразу сказалі, каб праводзілі ў музэі, толькі не на пляцоўцы ля музэю”.

Паводле ягонага жаданьня, Лявон Баразна быў пахаваны на радзіме – у Талачыне. На ягонай магіле ў 1992 годзе, на 20-ю гадавіну сьмерці, быў усталяваны помнік, створаны вядомым беларускім скульптарам Валяр’янам Янушкевічам. У Менску складаецца зборнік успамінаў пра Лявона Баразну, у Амэрыцы рыхтуецца да выданьня адзін з альбомаў этнаграфічных замалёвак Баразны. Дзякуючы арганізаванай вядомымі мастакамі Алесем Пушкіным ды Юрыем Паляковым імпрэзе ў мясцовым музэі зьявіўся адмысловы мэмарыяльны куток, дзе выстаўленыя ягоныя жывапісныя працы і фотаздымкі. А самае галоўнае, асоба Лявона Баразны адкрылася землякам.

Пасьля імпрэзы адна мясцовая жыхарка сказала пра гэта так: “Ведаеце, мне вельмі сорамна, што я мала ведала пра гэтага чалавека, хоць лічу сябе неяк больш ці менш да мастацтва схільнай. Я вельмі шчасьлівая, што гэта ёсьць у нас сёньня”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.