news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



13 Траўня 2001
 
Мова як апошняя ахвяра дэмакратыі.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Заўважная ў Менску тэндэнцыя апошняга часу - апазыцыйныя акцыі па-расейску. Газэты, улёткі, налепкі, надпісы на платах... Там, дзе раней гаспадарыла беларушчына, цяпер нейк натужна і вінавата, быццам сябе саромеючыся, праяўляецца мова Лермантава і Пушкіна. Зьява ўсё больш прыкметная і адчувальная не ў кантэксьце палітыкі, а ў кантэксьце этыкі і эстэтыкі, нават літаратуры. Я спрабую ўявіць сябе на месцы менскага падпольшчыка, які ноччу фарбаю выводзіць на сьцяне рытарычнае пытаньне па-расейску: "Где Гончар?" Здымак гэтага графіці надрукавала ўся дэмакратычная прэса. І вось мае пачуцьці - чаго ў іх болей? Страху перад мянтамі, якія запратораць на пяць сутак у разьмеркавальнік, ці тае вусьцішы, якую адчувае хворы, калі перастае слухацца рука, ці таго азарту грэшніка, што спакусіўся на нешта недазволенае і сьвятое? Далібог, гэты клубок пачуцьцяў варты пяра Дастаўскага - мне жыва бачыцца такі фрагмэнт у ягоным рамане "Бесы". Дазволю сабе меркаваньне, што на глебе сёньняшняга нашага грамадзкага жыцьця мусіла б нараджацца менавіта такая літаратура.

У сёлетніх перадвыбарчых жарсьцях апошняй ахвярай беларускай дэмакратыі становіцца беларуская мова.

Гісторыя пытаньня адносна непрацяглая і ўся адбылася на нашых вачох. З пачаткам перастройкі беларуская дэмакратыя выйшла на сьвет з паўпадпольных, маладзёжных і культурніцкіх беларускіх суполак. Як тады казалі - зь нефармалаў. Менавіта мова стала першым апазнавальным атрыбутам дэмакратыі. Яна, мова, дарэчы, і цяпер, - адназначны палітычны лякмус. На мове гавораць змагары за Беларусь. На мове гаворыць апазыцыя. Некалі гэтыя дзьве катэгорыі насельніцтва былі неаддзельныя. Але сытуацыя пачала зьмяняцца.

За гэтыя 10-15 гадоў зьмянілася пакаленьне і самі дэмакраты, над якімі ўсё больш фатальна аформіўся знак бясплённасьці іхных высілкаў. Вулічныя змаганьні, улёткі ды налепкі - усё міналася, а нейкага якаснага зруху ў грамадзтве так і не наставала. І тады ўзьнікла пытаньне - а можа плёну няма таму, што дэмакратыя гаворыць з народам "на розных мовах"?

Хто першы, хто пазьнейшы, але - абруселі. Аднак вынікі мінулых гадоў паказалі, што і апошняя ахвяра плёну не дае. Не растуць наклады абруселых газэт, дый графіці на платах, шчыра кажучы, не выклікаюць даверу. Быццам гэта не мясцовая арганізацыя "Зубр", а даўнія сябры беларускай дэмакратыі - маскоўскія антыфашысты пасьпяшаліся на дапамогу. Бо хто б гэта ў нас скандзіраваў "незавісімость"?

Натуральна, мэханіка моўных працэсаў нашмат складанейшая, чым простая зьмена знакаў. Як паказалі вынікі апошняга перапісу, а таксама дасьледаваньні "Вострае Брамы", беларусы не гавораць на мове Лермантава і Пушкіна. Паводле вобразнага выразу Адама Глёбуса, гаворачы па-расейску, у душы яны гавораць па-беларуску.

Верагодна, існуе і простая формула гэткага моўнага канфлікту. Мова гаворкі і мова пісьма - гэта дзьве зусім розныя мовы. Гэта вельмі добра ведаюць супрацоўнікі беларускіх газэт, якія працуюць з рэдакцыйнай поштай.

Для сёньняшняй перадачы сталы аўтар "Вострае Брамы" Зьміцер Бартосік падрыхтаваў сваё дасьледаваньне на тэму рускамоўнай беларускай дэмакратыі.

(З.Бартосік: ) "Уважаемые белоруссы. Мы, ваши старшие русские братья, такие же граждане Белоруссии, как и вы сами, от всей своей братской души поздравляем вас с итогами последнего рефередума, где вы, в большинстве своем, проявили природную мудрость и немалое мужество, изъявив желание окончательно дорасти до великой русской культуры, придав языку Пушкина и Толстого статус государственного".

Прыкладна такі тэкст зьбіраўся адзін мой сябра раздрукаваць у выглядзе ўлётак і парасклейваць па ўсёй нашай сталіцы. Ідэя нарадзілася пасьля травеньскага рэфэрэндуму дзевяноста пятага году, як эмацыйны адказ. Як магчымае папярэджаньне будучай, лёгка прагназаванай хвалі русіфікацыі. Як нясьцерпнае жаданьне пасьля бойкі яшчэ раз махануць кулаком. Махануць наастатак, але каб надоўга запомнілася. Каб у тых, хто прачытае ўлётку, ня толькі ня большала радасьці ў душы ад такога "брацкага віншаваньня". Але й каб крыху праясьнілася, што гэта такое - пляваць у сваё.

Задума засталася нязьдзейсьненаю. Але я згадваю пра яе кожнага разу, калі на вочы трапляюцца дыхтоўна зробленыя налепкі, што заклікаюць "сказать диктатору нет". Сказаць, канечне, вельмі хочацца. Прычым ня толькі дыктатару, але й тым змагарам.

Я разумею, чаму мой прыяцель-нацыяналіст ня зьдзейсьніў тады, у дзевяноста пятым, сваю задуму. Шмат чаго можна было спрагназаваць, але толькі ня першасную ролю расейскай мовы ў змаганьні за дэмакратычную будучыню. Наадварот, менавіта тады як ніколі ярка была бачная мяжа паміж тым, што можна рабіць, а што - ні ў якім разе. І моўны чыньнік у тым падзеле выглядаў на асноўны. Тым больш, што з намі быў амаль мільён беларусаў, якія прагаласавалі за нашу адзіную мову.

... Я згадваю адзін эпізод са свайго пачатковага беларускамоўнага жыцьця. Гаспадыня кватэры, дзе я здымаў пакой, вэтэранка вайны й працы, неяк сказала мне: "Гатовая паспорыць, што кагда ты ўпярвые ўслышал беларускую мову, дык яна табе не панравілася. Яна далжна была паказацца цібе грубай". Сама яна, колішняя вясковая дзяўчына, лічыла сябе расейскамоўнаю мінчанкай. На вельмі павышаных танах я выдаў ёй прыкладна наступнае: "Калі мне нешта й падаецца грубым і ненатуральным, дык гэта менавіта ваш язык. Не называйце яго рускім. А што тычыцца вашай мовы, якой вы здрадзілі, дык можаце мне паверыць, калі расейскую зь беларускай памяняць месцамі, дык я б зараз пачуў ад вас тое самае. Вы б спрачаліся, что кали я вепршыню пачюл русский язык, дык ён мне вельми не спадабался, бо вельми резки". На такой патаснай ноце я скончыў сваю гнеўную прамову на кухні. Але як ні дзіўна, старая на мяне не пакрыўдзілася. А яе маўчаньне я прыняў як згоду.

Ня ведаю, ці пераканаў я несьвядомую сямідзесяцігадовую старую ў рэчах, якія, на першы погляд, не патрабуюць асаблівых доказаў. Але тое, што гэтыя рэчы хутка прыйдзецца даказваць маладым, прыгожым, пісьменным людзям, якія даўно й спрытна займаюцца дэмакратыяй, ніяк не чакаў. Нядаўна на праспэкце сустрэў аднаго знаёмага маладзёвага актывіста, які ўручыў мне чарговую ўлётку за "наше будущее". На маё нямое пытаньне ён адказаў, што, маўляў, не сустракаў яшчэ ніколі ў сваім жацьці чалавека, які б прасякнуўся беларушчынай, прачытаўшы беларускамоўную ўлётку. Да беларушчыны, маўляў, прыходзяць толькі праз культурныя акцыі. А таму трэба заваёўваць некранутую цаліну - расейскамоўную грамаду. Пагадзіцца зь ім я ня мог, бо ня бачыў яшчэ ў Беларусі расейскамоўнай грамады. І ніколі не прыму за сваю тую мову, на якой гаворыць і менская вуліца, і менскія эфэмрадыёстанцыі, ня кажучы пра сёньняшні істэблішмэнт. Выключэньне тут складаюць газэты. Наша незалежная прэса, якая сапраўды гаворыць зь менчуком і гомельцам выключна па-расейску. Нібы з масквічом ці тамбоўцам.

З адвечным Купалавым пытаньнем "Чаму вам дзіка яго мова?.. Якой азваўся беларус", я вырашыў прайсьціся па некаторых рэдакцыях дэмакратычных газэтаў. Сьпярша завітаў у самы масавы тыднёвік "Свободные новости" да Аляксандра Ўліцёнка".

(Уліцёнак: ) "Што да выбару мовы і стаўленьня да нашай пазыцыі з боку палітыкаў, з боку замежных нейкіх фондаў, што наладжваюць нейкія сэмінары, даюць нам магчымасьць пабачыць сьвет... То я хачу сказаць, што ніколі не сустракаўся з сытуацыяй, калі б вызначальную ролю ў прыманьні таго альбо іншага рашэньня мела мова. Вось мы, маўляў, каб мы былі беларускамоўнымі, то нам бы, напрыклад, не дазволілі зьезьдзіць у Англію, паназіраць за ходам выбараў у мясцовыя парлямэнты... Дарэчы, пра Англію. Падчас гэтай паездкі мы пабывалі і ва Ўэльсе, і ў Шатляндыі, і ў старай добрай Англіі, у самой непасрэдна. Тут цікава нагадаць пра Шатландыю. Гэта ж вельмі самабытная такая нацыя, самабытная культура, якая разьвіваецца ў англамоўным рэчышчы. Там суцэльная ангельская мова - газэты выдаюцца й людзі там размаўляюць... Але адначасова жыве мова шатляндзкая. І дух Шатляндыі, дух самастойнасьці, які там ёсьць. Гэта дух дакладна атаясамляючай сябе асобнай нацыі. Не англічанамі, а шатляндцамі. Ён настолькі выразны, што я ўвесь час задаваўся пытаньнем - а вось чаму ў нас, калі мы жывем у рускамоўным асяродзьдзі. У нас дух беларушчыны занядбаны. Мабыць, справа ў традыцыях. Мабыць, справа ў цяжкім лёсе нашага народу, нашай краіны. І ў рэшце рэшт - нашай дзяржаўнасьці. І я таксама думаю, што калі Беларусь захавае сваю незалежнасьць, яна здолее ўвайсьці ў эўрапейскі дом на першай пары нават рускамоўнай. Рускамоўная Беларусь у эўрапейскім агульным доме - гэтая карціна бачыцца мне рэальнай. Але я таксама думаю, што калі гэта будзе рэальны сувэрэнітэт, калі будзе ў нас рэальная незалежнасьць, справа пойдзе такім чынам, што ў рэшце рэшт беларуская мова, яна будзе набіраць свае абароты і мы атрамаем сытуацыю, якая будзе зусім непадобная на тую, што адбываецца сёньня. У мовы ёсьць, пры ўмове незалежнасьці нашай краіны, у беларушчыны ёсьць будучыня".

(З,Бартосік: ) "А пры ўмове залежнасьці, значыцца, няма. Вось толькі куды падзець тую першую "Нашу Ніву". Ці хаця б "Свабоду", да былога рэдактара якой, спадара Герменчука я й накіраваўся. Цяпер ён рэдагуе часопіс.

- Часопіс "Кур'ер" вельмі прыгожае выданьне, якое прыемна ўзяць у рукі й адразу пачаць чытаць. Але мне, як беларускаму чытачу, не хапае беларускай мовы. Вы думаеце, што калі зрабіць яго хаця б 50х50 беларускамоўным, дык ён адразу напалову згубіць сваіх чытачоў? І ўпадзе наклад?"

(І.Гермянчук: ) "Рэч у тым, што частка аўдыторыі наракае на тое, што замала беларускамоўных тэкстаў. Другая частка аўдыторыя кажа: як добра, што беларускіх тэкстаў няшмат. І таму тут нейкім чынам мусіш выбіраць балянс. Такія ўмовы дыктуе рынак. Такія ўмовы дыктуе чытач. Часткова нават такія ўмовы дыктуе рэклямадаўца. Напрыклад, у нас ёсьць некалькі рэклямадаўцаў, якія просяць ставіць іх рэклямныя модулі на рускамоўныя тэксты. Нават ёсьць такія нюансы".

(З.Бартосік: ) "Чым выклікана іхнае жаданьне?"

(І.Гермянчук: ) "Я думаю так, што рэклямадаўцы сыходзяць з таго, што рускамоўны тэкст незалежна ад яго прафэсійнай якасьці пачытаецца шырэй. Ну, часткова можна з гэтым пагадзіцца. Але зь іншага боку паўстае й праблема якасьці беларускамоўных тэкстаў. Я б з задавальненьнем друкаваў якасныя аналітычныя артыкулы на беларускай мове. Але яшчэ праблема і ў тым, што ў нас на мэдыйным рынку сярод журналістаў, з майго пункту гледжаньня, ёсьць толькі пара журналітаў-аналітыкаў, каторыя могуць якасна, зразумела, даступна, чытэльна напісаць па-беларуску.

У свой час я выдаваў "Свабоду", ад пачатку 90-х гадоў, цалкам на беларускай мове, і нават "тарашкевіцай". І наклад дасягаў ледзь ня ста тысячаў. І, кажуць, вось аргумэнт, маўляў, паглядзі - на беларускай мове газэта мела й папулярнасьць, і чыталася. Але давайце ўзгадаем тыя часы, пачатак 90-х гадоў. Калі атмасфэра ў грамадзтве ў дачыненьні да беларускай мовы была дабразычлівая. Усе лічылі гэта прагрэсіўным. Што так мусіць быць. У сярэдзіне 90-х гадоў, пасьля рэферэндуму 95-га году вельмі рэзка зьмянілася стаўленьне да беларускай мовы ў грамадзтве".

(З.Бартосік: ) "А ці не дапускаеце Вы думку вяртаньня тых шчасных часоў, калі можна друкаваць беларускамоўнае выданьне такім накладам? Ці мы гэтыя часы беззваротна праехалі. А можа мы іх не праехалі, а самі справакавалі, што немагчымае гэтае вяртаньне?"

(І.Гермянчук: ) "Ну, я думаю, што такое рэзкае вяртаньне, якое адбылося адразу пасьля краху камунізму й распаду СССР, гэта адбылося на працягу літаральна года-двух, кагда ў грамадзтва зьявілася такая вельмі пэрспэктыўная атмасфэра й дабразычлівая атмасфэра для беларускай мовы, для беларускага адраджэньня, я думаю, што такі паварот цяпер наўрад ці магчымы. Я думаю, што гэта будзе адбывацца ўсё ж такі больш паступовым шляхам. І я думаю, што многае, канечне, будзе залежаць ад тых, хто піша й выдае па-беларуску. Я думаю, што будзе залежаць у большай ступені папулярнасьць у грамадстве беларускай мовы ад якасьці тых беларускамоўных прадуктаў. Я думаю, што якасны беларускамоўны прадукт будзе папулярызаваць беларускую мову значна больш і значна эфэктыўней, чым сотні тэкстаў на гэтую тэму. Праблема ў прафэсійнай якасьці гэтых беларускамоўных прадуктаў".

(З.Бартосік: ) "Вы адзіныя, хто друкуеце каляровую на добрай паперы рэкляму. Там швэйцарскія гадзіньнікі, здаеца, так? Вы не спрабавалі пераканаць іх, што беларускі тэкст у такім аздабленьні шыкоўным, такая беларускамоўная рэкляма будзе значна выгадней адрозьнівацца й вылучацца сярод астатніх падобных рэклям глянцавых усялякіх "Плэйбояў" і гэтак далей? Ці іх немагчыма пераканаць?"

(І.Гермянчук: ) "Пераконваць іх мы не спрабавалі. Хаця б па той прычыне, што, мяркуючы па нашых назіраньнях, калі б выданьне было цалкам беларускамоўнае, то наўрад ці б яны згадзіліся даваць рэкляму. Гэта адно. Другое, у іх ёсьць таксама свае стэрэатыпы. Яны як бы ня хочуць пазыцыяніраваць на рынку зь беларускамоўнымі слоганамі. Яны лічаць, што тут ёсьць, я так думаю, што яны лічаць, што тут можа быць нейкае палітычнае адценьне".

(З.Бартосік: ) "У мяне няма падставаў сумнявацца ў шчырасьці словаў спадара Герменчука. Асабліва тых, дзе ён сам вырашыў за рэклямадаўцаў, якая мова будзе мець больш таварны выгляд. Але не пакідала ўражаньне, што шаноўныя рэдактары флагманаў незалежных палітычных СМІ шукаюць самі сабе апраўданьня. Таму я вырашыў пайсьці ў абсалютна непалітычную, цалкам несур'ёзную, "весьма мінскую" газэту "Отдыхай". Дагэтуль не заўважаў на яе старонках нашай мовы, але там сталі зьяўляцца вялікія й даволі зьмястоўныя інтэрвію з нашымі людзьмі. Напрыклад, з Валянцінам Тарасам ці Артурам Вольскім. Рэдактар "Отдыхая" Кацярына Высоцкая сустрэла мяне радасным паведамленьнем, што "гатовая дажэ дапускаць беларускую рэч в нашэ ізданіе". І што неўзабаве выйдзе вялікае інтэрвію з Рыгорам Барадуліным".

- Гаворачы пра зьяўленьне беларускай мовы на старонках "Отдыхай", ты сказала слова "дажэ"-нават. Гэта што, анамалія? Беларускамоўнасьць пакуль што ня зьвязваецца з папулярнасьцю, камэрцыйным посьпехам і гэтак далей?"

(К.Высоцкая: ) "Гэта першая ластаўка, першы крок. Але мы плянуем і надалей зьяўленьне такіх матэрыялаў на старонках нашага выданьня. Што тычыцца тваёй папраўкі са словам «нават». Так, хочам мы таго, ці не, але безумоўна камэрцыйны посьпех выданьню можа прынесьці расейская мова. Паводле ўсіх сацапытаньнях, расейскія выданьні, АИФ, Камсамолка й гэтак далей, займаюць першыя радкі ў рэйтынгах. Такая рэальнасьць. Але тым ня менш, я ўпэўнена, што на мясцовым рынку немагчыма й непатрэбна змагацца з расейскімі выданьнямі. Іх век, кароткі-не кароткі, але ён вызначаны. Да нейкага моманту яны будуць тут дамінаваць, безумоўна. Але настане той момант, калі ў краіне адбудуцца перамены. І беларускамоўныя выданьні паднімуцца. Таму мы ня хочам упусьціць гэты момант. Мы ня хочам застацца ў эшалёне з гэтымі расейскамоўнымі выданьнямі. Таму мы пачынаем частковае ўвядзеньне беларускай мовы".

(З.Бартосік: ) "Як гэта ні дзіўна, але пазыцыя расейскамоўнай касмапаліткі Высоцкай падалася мне найбольш шчырай і дальнабачнай.

Вяртаючыся дадому, я заўважыў у пад'езьдзе, побач зь ліфтам сьвежую зуброўскую налепку. «Территория свободная от лукашизма». Тое, пра што марыў мой прыяцель, змагар з русіфікацыяй і нязьдзейсьнены правакатар, за яго зрабілі значна больш вобразна і афарыстычна. Ня край, не краіна, не дзяржава. А "территория". Вольная можа нават ня столькі ад лукашызму, колькі ад нормаў і прынцыпаў.

(С.Дубавец: ) "Зьміцер Бартосік ня хоча жыць на тэрыторыі, калі гэтак называюць ягоны дом, горад і ягоную краіну.

У сёньняшніх прыкладах сучаснага апазіцыянізму, як я ўжо казаў, беларуская мова выглядае апошняй ахвярай беларускай дэмакратыі. Дакладней, пазбаўленьне ад беларушчыны - выглядае апошняй надзеяй на перамогу. Я ўжываю гэткія словы, бо надта часта цяпер чую іх у менскіх палітызаваных асяродках. Там усе жывуць да часу ікс, да прэзыдэнцкіх выбараў і нават не варожаць пра тое, што будзе пасьля. У такім кантэксьце адмаўленьне ад беларушчыны нагадвае мне паводзіны самагубцы. Бо кожнаму зразумела, што пасьля якраз беларушчына, беларуская мова і застанецца. І пасьля выбараў, і пасьля апазыцыі. Бо мова - гэта не катэгорыя палітычнае тактыкі. Яе тэрмін не вымяраецца месяцам і годам. Яна - прадстаўніца сьвету вечнага, нашмат мудрэйшага за самага мудрэйшага сярод нас, жывых. І яна, як прынцып, пры любых тваіх праліках і хібах, пры любых зьменах вонкавае сытуацыі, заўсёды вынесе, выцягне, выратуе цябе - ня сёньня, дык заўтра. Адзінае, чаго яна патрабуе, гэта вернасьці сабе. Дэмакратыя бяз мовы існуе да часу ікс, калі ці пан, ці прапаў. Дэмакратыя з мовай мае шанцы на доўгае жыцьцё і на перамогу. Але ня мае шанцу прапасьці.

Некалі Ўладзімер Дубоўка любіў паўтараць такую фразу: "Нам няма чаго губляць, акрамя расейскай мовы". Пасьля гэтая фраза фігуравала ў ягонай крымінальнай справе, як злачынства, за якое ён на доўгія гады быў адпраўлены ў сыбірскія каменныя капальні. Фраза ягоная зразумелая і сёньня. Сэнс яе не прапаў. Што да тых працэсаў, пра якія мы вялі гаворку ў сёньняшняй перадачы, дык тут іншы прынцып: няма чаго губляць, апроч беларушчыны. Сэнс выразу і сэнс такой лёгікі незразумелы. Як чалавеку, што зьбіраецца жыць, ніколі да канца не зразумець матывацыі самагубцы. Пішы прапала.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.