news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Мэлёдыя дня

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


3 Ліпеня 2003
 
750-годзьдзе каранаваньня Міндоўга
 
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
Удзельнічае пісьменьніца Вольга Іпатава

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Напэўна такімі ж пагоднымі ліпеньскімі днямі, толькі 750 гадоў таму, у Наваградку адбылося каранаваньне вялікага князя літоўскага Міндоўга на караля. Каранаваўся ён каронаю, дасланаю папам Інакенціем IV. Шэраг навукоўцаў нават выказваюць меркаваньне, што адбылася гэта выключнай важнасьці для Беларусі падзея 6 ліпеня 1253 году. Зрэшты, суседняя краіна — Літва — менавіта ў гэты дзень ладзіць урачыстасьці. Менавіта Міндоўг ёсьць заснавальнікам Вялікага Княства Літоўскага — магутнай беларуска-літоўскай дзяржавай са сталіцай у Наваградку. Мая сёньняшняя госьця — пісьменьніца Вольга Іпатава, аўтарка гістарычнай трылёгіі раманаў “Альгердава дзіда”, лічыць Міндоўга самай значнай асобай у гісторыі Беларусі”.

(Вольга Іпатава: ) “Міндоўг заснаваў княства, якое было самай вялікай дзяржавай у Эўропе — ад Балтыйскага да Чорнага мора. Менавіта ягонае зьбіральніцтва вакол Наваградку сталася самай значнай працай, якую прадоўжылі нашчадкі й пасьлядоўнікі Міндоўга, у прыватнасьці Альгерд. Я б паставіла таксама й Альгерда побач, але ўсё ж Міндоўг быў пачынальнікам”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Вольга, дзякуй Богу, першая палова мінулага стагодзьдзя не прайшла дарэмна для гістарычнай адукацыі беларускай нацыі. Сёньня збольшага людзі ведаюць, якое значэньне мела ўтаварэньне Вялікага Княства Літоўскага, наколькі магутнай была гэта дзяржава. Таму прапаную вам пагаварыць пра асобу самога заснавальніка ВКЛ — вялікага князя, а пасьля і караля Міндоўга. Хто ён такі? Адкуль паходзіць?”

(Іпатава: ) “Мікола Ермаловіч піша, што ён меў сваё радавое гняздо ў Руце ля Карэлічаў (дзе й дасюль ёсць паселішчы ці вёскі Руткі — Вялікая і Малая). Гэта, дарэчы, і мая радзіма. І мой раман пачынаўся з усьведамленьня, што па гэтай дарозе Міндоўг ішоў у Наваградак. Ён, па сутнасьці, бег гэтай дарогай з 300-мі сваімі баярамі шукаць там, у Наваградку, шчасьця. Міндоўга прынялі, бо ведалі яго як харобрага ваяра і неўзабаве прапанавалі яму пасад. Але для гэтага ён змушаны быў прыняць праваслаўе (гэта адбылося ў 1246 годзе)”.

(Ракіцкі: ) “Натуральна, калі гаворка ідзе пра заснаваньне дзяржавы, то ня так гэта ўжо істотна — колькі якой крыві цякло ў ягоных жылах. І тым ня меней, ведаць пра гэта заўсёды хочацца. Дык што гэта за дзіўнае імя — Міндоўг (у гістарычных крыніцах можна яшчэ прачытаць Мендог)?”

(Іпатава: ) “Першая частка яго ймя і сёньня вельмі вядомая: Мен — гэта чалавек. Ёсьць некалькі вэрсіяў наконт паходжаньня яго імя. Прыкладам, беларускі гісторык Паўла Ўрбан выводзіць зь некалькіх крыніцаў, у тым ліку са старажытных эўрапейскіх моваў, дзе гэта значыць “гаспадар зямлі, гаспадар стала”.

Вельмі цікавая вэрсія была прапанаваная беларускім пісьменьнікам, які жыў на Поўначы, Іванам Лазковым. Ён вывучаў комі-пярмяцкія гаворкі і на іх аснове вывеў паходжаньне імя Міндоўг як “рудабароды”, што можа сьведчыць пра вугра-фінскае паходжаньне імя Міндоўга (а мы ведаем, што вугра-фінскі пласт быў таксама на нашай Беларусі, можа яшчэ трошкі раней за балцкі). Таму гаварыць пра тое, што гэта толькі літоўскае імя, я б ня стала. На маю думку (яна грунтуецца на думках некаторых гісторыкаў), менавіта літоўцы сталі выводзіць гэтае імя з індаэўрапейскіх моваў”.

(Ракіцкі: ) “Міндоўг прыняў праваслаўе… Карону яму даслаў папа Інакенці IV… Значыць, ён ужо быў каталіком, а напрыканцы жыцьця ён увогуле адрокся ад хрышчэньня. Чым жа была выкліканая, на вашу думку, вось такая ягоная рэлігійная мітусьня?”

(Іпатава: ) “Каталіцтва ён прыняў разам з каранаваньнем. Але я ня думаю, што тут мела месца рэлігійная мітусьня. Паглядзіце, якое становішча было ў сьвеце: Інакенці сам ваяваў у гэты час з германскім імпэратарам Фрыдрыхам ІІ, якраз у гэты час у Эўропе была пагроза мангола-татарскай навалы, што вымушала папу шукаць сабе саюзьнікаў. Што тычыцца Міндоўга: галіцка-валынскія князі, і разьбітыя Міндогам князі — яго родзічы, сабралі сілы, каб пайсьці на яго вайною, Тэўтонскі ордэн стаў на іхны бок. І такім чынам Міндоўг, беручы папу ў саюзьнікі, пазьбягаў гэтай небясьпекі.

Адным словам, для ўсіх бакоў гэта было выгадна, а Міндоўг рабіў усё, што было выгадна ягонай маладой дзяржаве. Галіцка-Валынскаму княству пераламалі хрыбет мангола-татары, якія да Наваградку ледзь-ледзь дайшлі, але нашыя землі яны не знішчалі й ня пляжылі, бо абараняла нашыя землі палітыка Міндоўга — палітыка вельмі дальнабачная”.

(Ракіцкі: ) “Чаму Міндоўг так імкнуўся стаць абавязкова каралём? Што гэта яму дадавала ў параўнаньні з тытулам вялікага князя, і што ягонае каранаваньне азначала для старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы?”

(Іпатава: ) “Ён станавіўся паўнапраўным уладаром у Эўропе (Эўропай кіравалі каралі). Міндоўг хацеў быць роўным, хацеў, каб ягоная краіна не была якім-небудзь захудалым княствам, а каралеўствам — на самой справе гэта было вельмі важна”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Вольга, Міндоўг спачатку ўзгадваецца ў летапісах разам са сваім старэйшым братам Даўспрункам і іншымі старэйшымі князямі Літвы. Але ўжо далей ягоная, кажучы сёньняшняй моваю, “кар’ера” расла імкліва. І неўзабаве ён дасягнуў аднаасобнай вярхоўнай улады. Што гэтаму спрыяла перадусім — гістарычныя абставіны ці ягоны характар?”

(Іпатава: ) “І тое, і другое. Паколькі ён сапраўды быў вельмі харобрым ваяром, то ў летапісах ён яшчэ да свайго кіраваньня ў Наваградку ўзгадваецца даўно. Гэты харобры ваяр меў большы, чым ягоныя старэйшыя князі, погляд на падзеі. Ён разумеў, што аб’ядноўваючы землі вакол Наваградку, трэба трымацца тых звычаяў, якія ёсьць у гэтым княстве, і ён прыняў праваслаўе. Язычнік… Ці кожны з тых князёў, пра якіх вы ўзгадваеце, адчайна мог пайсьці на такі крок? Гэты крок быў адчайны, таму што наваградзкія землі былі хрысьціянізаваныя толькі ў нейкіх асяродках. Прыкладам, той жа Наваградак — невялічкае наваградзкае княства. Вакол ляжала язычніцкая краіна! Таму гэта быў вельмі сьмелы для 1246 году крок.

І пасьля гэткім жа сьмелым быў крок прыняць каталіцтва, таму што праваслаўнае наваградзкае баярства выступіла рэзка й катэгарычна супраць. І ён змог іх пераканаць. Рэлігійныя справы на гэтым моманьце былі вельмі важныя, і Міндоўг быў чалавекам такой магутнай энэргетыкі, што мог зрабіць немагчымае ў тых умовах”.

(Ракіцкі: ) “У гісторыі шмат выпадкаў, калі на лёс краіны ўплывала і асабістае жыцьцё ўладароў. Што вы можаце з гэтай нагоды сказаць пра Міндоўга? Увогуле, як складвалася ягонае асабістае жыцьцё?”

(Іпатава: ) “Ягонае асабістае жыцьцё зьяўляецца адлюстраваньнем і моцных бакоў ягонага характару, і слабых. Моцныя — гэта напорыстасьць і ўпартасьць у дасягненьні пастаўленай мэты. Але ў асабістым жыцьці: у каханьні, у сям’і, яно сыграла для Міндоўга канодную ролю. Ён быў чалавек няўрымсьлівы, нават шалёны. І таму, закахаўшыся ў сястру сваёй жонкі, ён зрабіў дзікі ўчынак: калі памерла ягоная жонка і сястра прыехала на ейнае пахаваньне, ён папросту пакінуў у сябе замужнюю жанчыну. А муж яе быў больш дробны літоўскі князь Даўмонт, але таксама вельмі гераічны, прыгожы і вельмі сябелюбны. Ды тут і не сябелюбны закрычыць ад роспачы: яго ж зганьбілі на ўсю краіну! І, натуральна, Даўмонт, зьняслаўлены, толькі й думаў, як адпомсьціць Міндоўгу. Праз два гады падпільнаваў яго ў лазьні. І забіў усіх — Міндоўга, двух ягоных сыноў, і, дарэчы, сваю былую жонку таксама, хаця яна маліла аб жыцьці й даводзіла, што яе трымаюць у Наваградку сілаю...”

(Ракіцкі: ) “А як склаўся лёс Даўмонта пасьля гэтага жахлівага ўчынку?”

(Іпатава: ) “Склаўся вельмі шчасьліва: Даўмонт зьбег у Пскоў, і паколькі ён быў харобрым ваяром, яго прынялі пскавічы, ён абараняў неаднаразова Пскоў, і ўрэшце пскавічы аб’явілі яго сьвятым. І сёньня, як сьвяты Цімафей, ён ляжыць у галоўнай царкве гораду, а меч Даўмонта, на якім прысягалі Пскову, таксама дасюль захаваўся, але ў мясцовым музэі”.

(Ракіцкі: ) “Наіўна было б дапусьціць, што існуе нейкая магіла караля Міндоўга… Але, напэўна ж, нейкія мясьціны, зьвязаныя зь ягонай дзейнасьцю, ці проста зь ягоным жыцьцём, усё ж вартыя ўшанаваньня”.

(Іпатава: ) “Ад Міндоўга не захавалася нават магілы, хаця наваградцы шануюць курган Міндоўга, які знаходзіцца каля Фарнага касьцёлу, дзе жаніўся потым у 1422 годзе Ягайла. Ды існуюць і дзьве іншыя “магілы Міндоўга”, у летапісах называецца зусім іншае месца. Але гэта, можа, ня так ужо й важна — захавалася ж памяць аб ім”.

(Ракіцкі: ) “Вы, спадарыня Вольга, у сваім рамане “Залатая жрыца Ашвінаў”. выкарысталі адзіны ў Васкрасенскім летапісе запіс, што Міндоўг у 1262 годзе быў у Рыме. Але ці магло гэта быць?”

(Іпатава: ) “Чаму ж не. Калі ў яго былі сувязі з папам, калі яго каранавалі, то мелася магчымасьць паехаць у Рым і там сустракацца з папам. Яго прымалі як аднаго з каралёў Эўропы — гэта абсалютна магчыма”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі: “яго прымалі як аднаго з каралёў Эўропы”. Я падумаў: вось такая асоба — асоба эўрапейскага маштабу, добра вядомая ў Эўропе, а ў нас, па-сутнасьці, не сьвяткуецца 750-годзьдзе ягонай каранацыі. Можа таму, што ён зрабіў Беларусь эўрапейскай дзяржавай?”

(Іпатава: ) “Тут, відаць, шмат прычынаў. Мне вельмі горка, што апроч апазыцыі, якая стварыла Нацыянальны камітэт сьвяткаваньня гэтай падзеі, амаль што ня ўзгадваецца ў Беларусі гэтая падзея. Прызнаць сёньня Міндоўга, заснавальніка нашай дзяржавы — значыць прызнаць і сымбалі нашай дзяржавы: бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню.

А гэта кажа аб тым, што мы ідзем ня тым шляхам, якім ідуць усе цывілізаваныя народы, якія ўсё, што тычыць умацаваньня іхнай дзяржаўнасьці, падымаюць на шчыт — паказваюць: вось якія мы старажытныя. У нас, разумееце, тыя ж наваградцы гатовыя былі ўжо вельмі шырока сьвяткаваць сёлета. Я ведаю іхныя пляны, нават некаторыя праекты. Цяпер жа цішыня, як быццам нічога гэтага не было. Гэта значыць, што зьверху сказалі: “Не!” І ўсё заціхла й заглухла”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.