news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


13 Студзеня 2004
 
На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1969
Сэрыя перадач, прысьвечаная юбілею Беларускай Свабоды.
 
Сяргей Шупа, Прага
 
(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Дарагія радыё-слухачы, вы чуеце свабодны голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету”.

1969 год. Як я ўжо згадваў у папярэдніх перадачах, на канец 1960-х гадоў прыпаў пік контарпрапагаднысцкага наступу савецкіх ідэолягаў на Радыё Свабода. Вось загалоўкі некаторых публікацыяў:

БІТАЯ СТАЎКА
У КРЫВЫМ ЛЮСТЭРКУ
ГАГНСТЭРЫ КАЛЯ МІКРАФОНА
ВАЎКІ Ў АВЕЧАЙ ШКУРЫ
ДЫВЕРСАНТЫ ЭФІРУ
ВЫНАХОДНІКІ ХЛУСЬНІ І ПАКЛЁПУ

Аўтар шэрагу публікацыяў Анатоль Стук у 1969 годзе сабраў свае матэрыялы за апошні год і выдаў іх асобнай брашуркай у бібліятэчцы газэты “Голас Радзімы” пад назовам: “Прафесія іх – здрада”.

Такое зацікаўленьне савецкіх прапагандыстаў працай беларускай рэдакыі зацікавіла кіраўніцтва радыё ў Мюнхене, і гэтай тэме была нададзеная асобная ўвага. У сакавіку 1969 году дараднік аддзелу інфармацыі Юджын Парта падрыхтаваў адмысловы мэмарандум у гэтай справе.

З усіх цяперашніх супрацоўнікаў Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа ў Празе Юджын Парта, мабыць, працуе на радыё найдаўжэй – ужо амаль 40 гадоў. Сёньня ён займае пасаду дырэктара аддзелу ацэнкі праграмаў Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа. Я сустрэўся зь ім і папрасіў расказаць – пра што гаварылася ў згаданым мэмарандуме.

(Парта: ) “Ад студзеня 1968 году да сакавіка 1969 году ў савецкім друку было 35 нападаў на беларускую рэдакцыю Радыё Свабода: 25 арыгінальных і дзесяць перадрукаў. Яны зьявіліся ў шырокім коле выданьняў. Замежная рэдакцыя менскага радыё, якая, як выглядае, была ў цэнтры гэтае кампаніі, выступіла з 8 матэрыяламі й двума паўторамі. Шэсьць артыкулаў зьмясьціла “Зьвязда”, два – “Голас Радзімы”. Зьявіліся таксама публікацыі ў “Нёмане”, “ЛіМ”, “Советской Белоруссии”, “Полымі”, “Чырвонай Зьмене” ды маскоўскіх “Голосе Родины”, “Литературной газете”, “Правде” і ў часапісе “Москва”. Пры ўважлівым аналізе ў гэтых нападах назіралася пэўная схема. Анатоль Стук, галоўны рэдактар радыё “Савецкая Беларусь”, быў аўтарам шасьці матэрыялаў, якія яшчэ былі пяць разоў перадрукаваныя. Выглядае, што Стук стаяў у цэнтры гэтае кампаніі, калі гэта можна так назваць. Каля паловы матэрыялаў зьявіліся ў выданьнях, скіраваных на аўдыторыю ўнутры Беларусі. Астатнія прызначаліся для беларусаў за мяжою. Мы таксама заўважылі, што беларуская рэдакцыя Радыё Свабода выклікала зацікаўленьне за межамі Беларусі, бо ў кампаніі таксама ўдзельнічалі “Литературная газета”, “Москва” і “Правда”.

Гутарку зь Юджынам Партам мы працягнем крыху пазьней, а зараз – наш радыёархіў. Сёньня мы будзем слухаць фрагмэнты ўрачыстай акадэміі памяці братоў Луцкевічаў, якая адбылася ў Нью-Ёрку 16 лістапада 1969 году.

(Прамоўца: ) “Я папрасіў бы цяпер сюды нашага вельмі паважанага нашаніўца і грамадзкага дзеяча доктара Янку Станкевіча, колішняга Янука Станкеўчыка, а сяньня – паважанага нашаніўца доктара Янку Станкевіча, прашу, калі ласка, сюды”. (Воплескі.)

(Янка Станкевіч: ) “Тое, што я скажу, ня будзе высіляючым, а толькі я адцемлю некаторыя мамэнты. Я пазнаёміўся з братамі Луцкевічамі ў 1909 годзе, калі апынуўся ў Вільні дзеля дальшых студыяў. І з таго часу аж да іх перадчаснай сьмерці заўсёды быў зь імі ў кантакце. Усе дасьледаваньні згодна сьцвярджаюць, што найцяжшым стагодзьдзем у гісторыі народу беларускага было стагодзьдзе дзевятнаццатае. А ў гэтым стагодзьдзі найцяжшай была другая яго, трохі меншая, часьць, што пачалася пасьля паўстаньня 1863 году. Асмалоўскі піша: “Яшчэ ў часы пісьменьніка Дуніна-Марцінкевіча ў 30-х, 40-х гадох мінулага 19-га стагодзьдзя шмат хто зь беларускіх паноў і падпанкаў гукаў беларускаю моваю і напоўна ўважаю яе за сваю родную”. Тое ж было ў 1850-х гадох аж да паўстаньня 1863 году, улучна. Дык у гэтым часе беларускія народныя масы не былі яшчэ пакіненыя сваёй інтэлігенцыяй, якой тады былі так званыя вышшыя клясы, дакладней кажучы, не зусім былі пакіненыя. Былі пакіненыя толькі часткава. Але фізычным вынішчэньнем у часе ліквідаваньня паўстаньня сьведамыя часьці беларускай інтэлігенцыі, а нямала і не інтэлігенцыі, забаронай беларускага друку і перасьледаваньнем усяго чыста беларускага, абдыманай і сыстэматычнай і ўсебакова праводжанай, неперабіраючых у сяродках русыфікацыі, Беларусь была даведзена да таго, што пад канец таго стагодзьдзя беларуская мова сярод пануючай клясы зусім забываецца. Ёю толькі гукаюць нацыянальна сьведамыя..”. (Шум глушылак.)

Праз колькі хвілінаў мы вернемся да ўспамінаў Юджына Парты, а зараз – панарама падзеяў у свеце ў 1969 годзе...

Год 1969 у сьвеце

Палітыка

СССР, ЗША і каля ста іншых краінаў падпісваюць дамову аб непашырэньні ядзернай зброі. – Адбываецца савецка-кітайскі канфлікт на востраве Даманскі. – 27-гадовы Муамар Кадафі становіцца дыктатарам Лібіі. – Ясір Арафат узначальвае Арганізацыю Вызваленьня Палестыны. – Прэм’ерам Ізраілю становіцца першая жанчына – Голда Мэір. – Сыходзіць у адстаўку прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь.

Навука і тэхналёгія

Экіпаж касмаплаву Апалон-11 – Ніл Армстронг і Баз Олдрын – першыя людзі на Месяцы. – У Вялікай Брытаніі ўпершыню адбываецца штучнае апладненьне яйцаклеткі чалавека. – Сетка АРПАНЭТ злучае чатыры амэрыканскія ўнівэрсытэты. На яе падставе некалі ўзьнікне інтэрнэт. – Першы палёт Канкорда і Боінга-747.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная ірляндзкаму пісьменьніку Сэмюэлу Бэкету. Выходзяць кнігі “Жанчына францускага лейтэнанта” Джона Фаўлза, “Хросны бацька” Марыё П’юзо, “Справа Партноя” Філіпа Рота, “Бойня нумар 5” Курта Вонэгута. Фільмы году: “Паўночны каўбой”, “Буч Кэсыды” і “Санданс Кід”. Папулярная музыка: У жніўні каля паўмільёну гледачоў сабраліся на фэстывалі ў Вудстоку. – На Гібралтары бяруцца шлюбам Джон Ленан і Ёка Она.

Песьня году – Beatles / Come Together


А зараз мы працягнем гутарку з даўнім супрацоўнікам нашага радыё Юджынам Партам. Нагадаю, у сакавіку 1969 году ён падрыхтаваў адмысловую справаздачу пра савецкія нападкі на беларускую рэдакцыю Радыё Свабода. Якія былі галоўныя тэмы гэтых нападак?

(Парта: ) “Пры разглядзе гэтых матэрыялаў зьвяртаюць на сябе ўвагу тры галоўныя тэмы. Па-першае, непасрэдныя нападкі на супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі, найбольш – супраць Станіслава Станкевіча. Гэтая тэма зьяўляецца ў дваццаці матэрыялах. Перад усім гэта абвінавачваньне ў супрацоўніцтве з фашыстамі падчас Другой сусьветнай вайны, а таксама абвінавачваньні супрацоўнікаў у буржуазным нацыяналізме. Па-другое, рэакцыя на паасобныя перадачы Радыё Свабода, прысьвечаныя ўнутрыбеларускім тэмам. Сярод гэтых тэмаў: становішча жанчынаў у Беларусі, малая колькасьць беларускіх кніг, прымусовая кампанія пасадкі дрэваў, жыльлёвае будаўніцтва ў калгасах, рэцэнзіі Станкевіча на літаратурныя творы, нізкая якасьць беларускіх лядоўняў і г.д. І трэцяе, што цікава, папярэджаньне аб тым, што нягледзячы на больш прыязны тон беларускіх перадачаў Радыё Свабода, яно заставалася варожай радыёстанцыяй. Гэткія папярэджаньні зьмяшчаліся ў 11 матэрыялах. У іх адзначалася, што тон перадачаў зрабіўся больш спакойны й прыязны, і што ўяўная аб’ектыўнасьць – гэта папросту прапагандысцкі прыём, і што антысавецкія мэты станцыі не зьмяніліся. Гэта была рэакцыя на зьмену палітыкі радыё. Паводле новага падыходу слухач павінен быў успрымаць радыёжурналіста як госьця ў хаце, а не як далёкага заакіянскага ідэалягічнага ворага. Савецкая рэакцыя сьведчыла, што новы падыход успрымаўся як вельмі небясьпечны. Гэткая палітыка была прынятая ў 1967 годзе і датычылы ўсіх рэдакцыяў. Магчыма беларуская рэдакцыя здолела найбольш эфэктыўна яе ўжыць, што мела водгук сярод слухачоў. І таму на гэта была такая рэзкая рэакцыя”.

Роспавед Юджына Парты я праілюструю характэрным тэкстам. Вось што пісаў нехта Э.Доўнар у артыкуле “Ці здох воўк” у газэце ЗЬВЯЗДА 2 красавіка 1969:

“Апошні час у перадачах радыёстанцыі “Свабода” гучаць такія матывы, што неспакушанаму слухачу можа паказацца, быццам у мюнхенскім лесе па ўласнаму жаданьню здох воўк. Здох ад раскаяньня за ўчыненыя злачынствы. І на яго месца нанялі добразычлівую авечку. Настолькі добразычлівую, што яна пачала клапаціцца аб савецкіх грамадзянах, аб росьце іх дабрабыту, аб тым, каб яны правільна карысталоіся савецкімі законамі, і г.д.... Ці сапраўды здох воўк у мюнхенскім лесе? Відаць, не. Проста на яго ўсьцягнулі авечую шкуру, і ён зьмяніў ваяўнічае выцьцё на “добразычлівае” бляяньне, але з усё тым жа подлым намерам”.

Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы шматгадовы супрацоўнік нашага радыё Юджын Парта, мы зь ім сёньня яшчэ сустрэнемся, а зараз – зноў наш архіў. На ўрачыстай акадэміі памяці братоў Луцкевічаў у 1969 годзе выступае колішні першы дырэктар нашага радыё Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

(Жук-Грышкевіч: ) “Спадар старшыня, Ваша прыасьвяшчэнства, паважаныя спадарыні і спадары! Мы сабраліся сёньня тут, каб ушанаваць памяць нашых вялікіх людзей, якія стварылі цэлую эпоху ў нашай гісторыі. Я асабіста, на жаль, Івана Луцкевіча не спактаў ужывых ужо, калі прыехаў у Вільню ў 1920 годзе, каб вучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі. Нашую беларускую гімназію выслалі; якраз у пярэднім годзе яе палякі зачынілі. Я быў вельмі шчасьлівы, што мог прыехаць у Вільню, каб прадаўжаць далей навуку. Але якраз тады, гэта была вясна 1920 году, красавік-май, выйшла кніжка “Іван Луцкевіч”. І я гэтую брашуру адразу пачытаў тады. Гэта страшэнна пашырыла мой гарызонт. Я чуў, што ў Вільні ў беларускім асяродзьдзі і па-за ім, усюды гаварылася пра Івана Луцкевічы, хоць ужо прайшоў год. І гаварылася ў тым сэнсе таксама, што як жа-ж далей будзе без такога кіраўніка, якім ён быў. Каб зразумець гэта сапраўды і здаць сабе справу, чаму гэты чалавек, паміраючы маладаым яшчэ адносна, 36 год жыцьця, меў такое вялікая значэньне..”. (Шум глушылак.)

Гэта быў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, запіс 1969 году.

1969 ГОД У БЕЛАРУСІ

У Гомелі заснаваны ўнівэрсытэт. – Заснаваны Прыпяцкі ляндшафтна-гідралягічны запаведнік. – Адкрытыя мэмарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс Хатынь і Курган Славы. – Каля Жыткавічаў упершыню ў Беларусі адкрытае радовішча бурага вугалю. – Уведзены ў дзеяньне першы энэргаблёк Лукомльскай ГРЭС.


А зараз – менскі эфір 1969 году. На адкрыцьці комплексу ў Хатыні выступіў адзіны ацалелы жыхар вёскі Іосіф Камінскі.

(Камінскі: ) “Дарагія таварышы і сябры! Як я іду Хатыняй, дык мне сэрца кроўю абліваецца. 22 сакавіка зьнянацку прыйшоў фашыст, акружыў вёску, абстраляў. Маёмасьць пазабіраў. Людзей пагнаў у сарай. Дзьверы зачыніў. Усю пазабіраў маёмасьць. Хаты пазапаліў. А тады і сарай запаліў. Зьверху запаліў. Дах саломенны. Агонь сыпецца на галовы – людзі дзьверы выламалі. Сталі людзі вылазіць. Стаў фашыст з аўтамату біць. Агонь гарыць, сьцяна гарыць, дах гарыць. Агонь нам сыпецца на галовы. Няма куды выходзіць. Б’юць у дзьвярах. Я ж мушу сына неяк выручаць. Памагаю яму. Спрабую выцягнуць з вагня, каб ён вылез. Як далі з аўтамату, як парэзалі. Кішкі. Я толькі нагнуўся яго выручаць, а ён сканаў у мяне на руках. Тады па мне страляюць. Куля увайшла мне ў плячо. А тады другі як даў мне прыкладам па галаве. Сагнаў. Спаліў усё. Сагнаў. Застаўся толькі попел. Ні кала, ні двара. Засталіся печкі з цэглы. Замардавалі 149 душ. І маіх пяць. Чацьвера дзяцей і жонку – пятую. Дарагія таварышы! Прашу, каб больш гэтага не палучылася. (Плача.) Каб мы дажылі. Каб больш гэтага не было”.

Нагадаю, тэма нашай сёньняшняй перадачы – нападкі ў савецкім друку на беларускую рэдакцыю Радыё Свабода. Аўтар адмысловага мэмарандуму 1969 году на гэтую тэму, вэтэран нашага радыё Юджын Парта, гаворыць пра высновы наконт прычынаў тых нападак.

(Парта: ) “Седзячы ў Мюнхене можна было рабіць толькі больш або менш блізкія дапушчэньні, аднак заўважалася нейкая схема. Улады былі вельмі адчувальныя да матэрыялаў радыё на ўнутрыбеларускія тэмы і таксама, як я ўжо зазначаў, новая палітыка “госьць у хаце” магла разглядацца ўладамі як сур’ёзная прапагандысцкая пагроза. Інакш кажучы, раней яны выстаўлялі радыё ў карыкатурным сьвятле, а цяпер мусілі таксама паглядзець на яго вачыма слухача. Ужываць далей старыя стэрэатыпы было цяпер вельмі цяжка. Новы падыход быў перадусім разьлічаны на інтэлігенцыю і моладзь. Магчыма гэта найбольш непакоіла ўлады. І яны палічылі неабходным правесьці контарзахады. Тут яны вырашылі выкарастаць, як ім здавалася, слабое месца Радыё Свабода – меркаванае супрацоўніцтва ягоных супрацоўнікаў зь немцамі. Аднак гэтых пэрсанальных нападаў, як выглядала, было недастаткова для дыскрэдытацыі станцыі. І ва ўмовах агульнага недаверу насельніцтва да савецкіх сродкаў масавай інфармацыі Радыё Свабода трэба было дыскрэдытаваць з фактамі ў руках. Яны мусілі выкрыць недакладную інфармацыю, таму ўважліва аналізаваліся паасобныя перадачы, вышукваліся недакладнасьці й памылкі. Магчыма гэта была арганізаваная кампанія. І выглядае, што згаданы Анатоль Стук, кіраўнік радыё “Савецкая Беларусь”, адыгрываў ключавую ролю каардынатара. Ён і людзі вакол яго мелі доступ да матэрыялаў замежнага вяшчаньня. Пашыралі іх, арганізоўвалі перадрукі. Але галоўныя загады ішлі, напэўна, непасрэдна з Цэнтральнага камітэту камуністычнай партыі. Сам бы ён ня ўзяў бы на сябе адказнасьці прадпрыняць нешта такое самастойна”.

Гаварыў Юджын Парта, дырэктар аддзелу ацэнкі праграмаў Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа.

I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце яшчэ адзін фрагмэнт урачыстай акадэміі памяці братоў Луцкевічаў, якая адбылася ў Нью-Ёрку 16 лістапада 1969 году.

(Прамоўца: ) “Я хацеў бы папрасіць на сцэну нашага дэкляматара, прадаўжальніка роду Луцкевічаў і роду Андрусышыных, Багдана Андрусышына, які прадэклямуе верш, напісаны таксама крышку старэйшым за яго, таксама адным з прадстаўнікоў маладога пакаленьня на Бацькаўшчыне, у вершы якога, на маю думку, адлюстроўваюцца ў вялікай меры тыя пачуцьці, якімі мы сяньня тут жывём. Багдан Андрусышын!” (Воплескі.)

(Андрусышын: )
“Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
З узгоркаў сьнег схаваўся ў роў,
І кожны горб шуміць, як вулей,
Ад спрэчкі кветак і чмялёў.
Загіне, хто ў мінулым дрэмле:
Буяна травы ймкнуць да зор
Навыперадкі, напярэймы,
Узахапы і насупор.
Сок крочыць па мільёнах лесьвіц,
Па клетках – аж да верхавін,
Каб падарыць сусьвету песьні,
Здабытыя зь зямных глыбінь.
Ляжу каля лясных узбочын,
Ляжаць і ждуць мяне гады,
І п'юць ускінутыя вочы
Ўсю повень неба і вады.
Мне цяжар шчасьця грудзі сьплюснуў,
Сьпляліся валасы з травой,
І мятлушка сядзіць на вуснах,
Каб разам уздыхаць са мной.
Даволі марнай жыць пагоняй,
Жывецца або не – жыві!
Кароўка божая ў далоні,
Як кропля божае крыві.
І зноў бязьмежны сьвет чакае,
Сьвет сэрцаў, песень і бароў.
Дай мне, вясна, шляхі бяз краю,
Дай сэрцу вечную любоў.
Зямля гудзе, як цёплы вулей,
Зьнікаюць крыўды, боль і зло...
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
Каб дзецям жыць лягчэй было”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.