RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Бывайце здаровыя



Алькагалізм у Беларусі й сьвеце

Удзельнічаюць: галоўны нарколяг Беларусі Ўладзімер Максімчук, кіраўнік дасьледнае групы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Кэй Гаос.

(эфір 24.06.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў.

Алькагалізм!
Што гэта – хвароба ці сацыяльная зьява? Чаму ў Беларусі штогод ад яго памірае амаль столькі ж людзей, колькі ад раку? Чаму з кожным годам алькагалізм пашыраецца ў Беларусі ўсё больш і больш? Ці зьявіліся апошнім часам новыя мэтоды змаганьня з алькагалізмам?

Сярод галоўных забойцаў беларусаў алькагалізм знаходзіца на трэцім месцы, саступаючы толькі сардэчна-ссудзінным хваробам і раку. Кожную гадзіну ад затручваньня алькаголям у Беларусі паміраюць 2 асобы.

Але статыстыка гэтая вельмі недакладная. Значная колькасьць тых, хто памёр ад раку пячонкі ці тоўстай кішкі, хваробаў ворганаў страваваньня, мочаполавой сыстэмы і нават інфэкцыйных хваробаў, у якасьці першапрычыны сьмерці мелі алькагалізм. Нават тыя, хто пасьпяхова некалі перамаглі алькагалізм і пазбавіліся дрэннае звычкі, пазьней ужо ніколі ня змогуць адчуваць сябе цалкам здаровымі людзьмі.

Зьнішчальнае дзеяньне алькаголю на арганізм чалавека вельмі простае. Ужо праз поўгадзіны пасьля таго, як алькаголь трапіў у арганізм чалавека, ён праз крывяносную сыстэму дасягае мозгу. Праз кроў трапляе ён практычна ў кожную клетку чалавечага цела і там пачынае сваю разбуральную працу.

Паводле дадзеных Брытанскай лекарскай асацыяцыі, злоўжываньне алькаголем можа быць першапрычынаю гэпатыту й цырозу пячонкі, гастрыту, язвы страўніка, запаленьня падстраўнікавае залозы, шэрагу хваробаў мозгу й нэрвовае сыстэмы, падвышанага ціску крыві, зьнішчэньня крываносных ссудзінаў, астэапароза, дыстрафіі і такіх хваробаў скуры, як псарыяз і экзэма. Амаль заўсёды празьмерныя дозы алькаголю адмоўна ўплываюць на полавыя ворганы й часта прыводзяць да імпатэнцыі.

Што ш гэта такое – алькагалізм? Хвароба (часам цяжкая), дрэнная звычка ці сацыяльная зьява? Здавалася б, піцьцё гарэлкі – справа дабрахвотная. Усе ведаюць пра надзвычайную шкоднасьць алькоголю для здароўя, але цяжка часам пазбавіцца гэтае звычкі.

Дзеля таго, каб даведацца пра афіцыйнае стаўленьне беларускіх мэдычных уладаў да гэтае праблемы, я патэлефаніў у Менск у Міністэрства аховы здароўя галоўнаму нарколягу Беларусі Ўладзімеру Максімчуку. На маё пытаньне: “што такое алькаголь – хвароба ці сацыяльная зьява?”, ён адказаў:

(Максімчук: ) “Алькагалізм лічыцца хваробаю, бо ён характарызуецца моцнай прагаю да сьпіртовых напояў і адначасна – нэгатыўнымі зьменамі ва ўсіх ворганах і структурах арганізму. Сьпіртовыя напоі – гэта слабы наркатычны сродак. У чалавека зьяўляецца залежнасьць ад іх, трэба прымаць усё большыя і большыя дозы. І на адпаведнай стадыі гэтая дрэнная звычка ператавараецца ў хваробу, якая характарызуецца сваімі сымптомамі.

У нашага міністэрства няма адзіных бясьпечных нормаў прыёму алькаголю. Кожны чалавек непаўторны ў біялягічных характарыстыках свайго арганізму. Зразумела, ёсьць “бясьпечная” доза сьпіртовых напояў, але, калі для аднаго яна можа быць бясьпечнаю, дык для іншага – з падвышанай чульлівасьцю – яна можа быць небясьпечнаю. У кожным выпадку, мы мяркуем, што злоўжываньне – гэта прыём алькаголю больш за два разы на тыдзень”.

Прыгадаем, што ў Вялікабрытаніі, напрыклад, існуюць абсалютна афіцыйныя, зацьверджаныя Брытанскім міністэрствам аховы здароўя бясьпечныя нормы спажываньня алькаголю. Гэта прыблізна 20 мл. чыстага алькаголю штодня. Норма гэтая адпавядае 45 мл. 40-градуснае гарэлкі, шклянцы віна ці поўлітроваму куфлю піва.

А якія новыя тэндэнцыі назіраюцца ў Беларусі ў разьвіцьці хваробы-алькагалізму? Галоўны нарколяг Беларусі Ўладзімер Максімчук адказвае:

(Максімчук: ) “Паводле статыстычных ворганаў, у апошнія гады ў Беларусі спажываньне алькаголю павялічылася. Колькасьць хворых алькаголікаў штогод павялічваецца амаль на 15%”.

Паводле інфармацыі, якую мы атрымалі з канфідэнцыйных крыніцаў, колькасьць асобаў, якіх можна залічыць у Беларусі ў катэгорыю алькаголікаў, перавышае 1 млн. чалавек, і як падкрэсьліў галоўны нарколяг Беларусі, гэтая лічба стала павялічваецца ў вельмі хуткім тэмпе. Калі тэмпы гэтыя (прыгадаю: 15% у год) не затрымаць, дык блізкі той час, калі беларусы могуць ператварыцца ў нацыю алькаголікаў.

Падобная сытуацыя выклікае выразную заклапочанасьць і Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Вось як пракамэнтаваў яе па телефоне з Капенгагэну (там, дарэчы, знаходзіцца сядзіба Эўрапейскага аддзелу арганізацыі) кіраўнік адмысловае дасьледнае групы ў гэтай справе Кэй Гаос…

(Гаос: ) “На Захадзе апошнія гады спажываньне алькаголю стабілізавалася, а ў некаторых краінах нават назіраецца скарачэньне спажываньня, а ў шэрагу нават выразнае скарачэньне – напрыклад, Францыя. Францускі прыклад цікавы тым, што гэтая краіна раней мела самы высокі ўзровень спажываньня алькаголю ў сьвеце.

Зусім іншая тэндэнцыя дамінуе ў краінах былога Савецкага Саюзу, у некаторых краінах Усходняй Эўропы. Але мы ня ведаем усёй праўды, ня ведаем, колькі там п’юць людзі, колькі там прадукуецца алькаголю нелегальна. І калі мы сустракаемся з афіцыйнымі прадстаўнікамі ворганаў аховы здароўя гэтых краінаў, мы разумеем, што яны таксама ня ведаюць да канца – што там адбываецца”.

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, сёньня ў разьвітых краінах Эўропы й Паўночнай Амэрыкі кожны чацьверты мужчына й кожная сёмая кабэта п’юць значна больш за адпаведную бясьпечную норму, і гэтым падвяргаюць свае жыцьцё, сваё здароўе непатрэбнай рызыцы.

Алькагалізм – шматлікі. Ён – шматнацыянальны. Ён прыходзіць да вас ў выглядзе цудоўнага сродку дзеля пазбаўленьня ад клопатаў, прыносіць часовую радасьць і задавальненьне. Але раней ці пазьней, калі залежнасьць ад алькаголю ператвараецца ў хваробу, ён прыносіць трагедыю, трагедыю для вашага здароўя, для вашых блізкіх.

* * *

У другой частцы нашае праграмы, калі мы звычайна падаем навіны ўсясьветнага мэдычнага жыцьця, сёньня пазнаёмім вас з афіцыйнай інструкцыяй амэрыканскага міністэрства аховы здароўя ўсім тым, хто занепакоены сваімі стасункамі з гарэлкаю.

Рэкамэндацыі мужчынам:
- Спажываньне штодня прыблізна аднае шклянкі віна (200 мл., ці адпаведнае колькасьці іншых сьпіртовых напояў) не ўяўляе пагрозы вашаму здароўю. Спажываньне большае колькасьці алькаголю не рэкамэндуецца.
Гэтыя рэкамэндацыі датычаць пераважна мужчынаў у веку больш за 40 год. Памяркоўнае піцьцё алькагольных напояў можа быць сродкам прадухіленьня сардэчна-ссудзінных хваробаў.

Рэкамэндацыі кабетам:
- Спажываньне малое шклянкі віна (прыблізна 150 мл.) для кабетаў усіх векаў не ўяўляе пагрозы вашаму здароўю. Спажываньне большае колькасьці алькаголю не рэкамэндуецца.
- Пра пазытыўны ўплыў алькаголю на здароўе жанчынаў можна гаварыць толькі ў дачыненьні да кабетаў, якія перажылі клімакс.
- Цяжарныя кабеты і тыя, хто зьбіраецца зацяжарыць, могуць бясьпечна піць толькі мінімальныя дозы алькаголю раз–два разы на тыдзень.

Сытуацыі, у якіх піць алькаголь абсалютна не рэкамэндуецца:
- Перад тым, як вы зьбіраецеся кіраваць аўтамабілям;
- Напярэдадні плаваньня;
- Перад заняткамі актыўным спортам;
- Перад карыстаньнем тэхнічнымі і электрычнымі прыладамі;
- Перад працаю;
- Напярэдадні прыняцьця лекаў.

І крыху пра сродкі, дапамагаючыя пазбавіцца алькагалізму:

“Акампрасайт” – францускі лек, які дапамагае алькаголікам, якія лечацца, устрымацца ад ужываньня сьпіртовых напояў. Ён пасьпяхова прайшоў тэсты ў ЗША. “Акампрасайт” падаўляе тыя аддзелы галаўнога мозгу, якія адказныя за цягу да алькагалізму. Ва ўсім сьвеце яго прыймае да 1 млн. чалавек: у Эўропе, Азіі і Афрыцы. Найлепш ён дапамае тым, хто вырашыў канчаткова пазбавіцца дрэннае звычкі, але дапамае і тым, хто хоча па-просту скараціць штодзённае спажываньне алькаголю.

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org