news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


20 Траўня 2004
 
У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ “БЫКАЎ НА СВАБОДЗЕ”
Сёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі “Быкаў на Свабодзе”. Пра кнігу расказвае яе складальнік – Сяргей Навумчык. Таксама наш карэспандэнт зьвязаўся з Ірынай Міхайлаўнай Быкавай, якая цяпер у Нямеччыне ў гасьцях у беларускага навукоўца і колішняга сябра Быкава – Барыса Кіта, якому нядаўна споўнілася 94 гады.
 
Алена Радкевіч і Сяргей Навумчык, Прага
 
Укладальнікам і рэдактарам кнігі “Быкаў на Свабодзе” быў Сяргей Навумчык. Ён цяпер са мной побач у студыі, і я перадаю яму мікрафон.

Bykau on Liberty (Навумчык: ) “Кніга – вынік калектыўнай працы супрацоўнікаў Свабоды. Вялізную працу зрабіла стыль-рэдактарка Аляксандра Макавік. Справа ў тым, што мова вусная, гутарковая і мова пісьмовая – гэта крыху розныя рэчы, і тут важна было пры пераносе Быкаўскіх інтэрвію са стужкі на паперу захаваць аўтэнтычнасьць. Часам у нас былі вялікія спрэчкі з-за якога-небудзь аднаго слова, але Аляксандра Макавік – як філёляг вельмі кваліфікаваная, да таго ж, вельмі настойлівая – яна мяне пераконвала звычайна, і я спадзяюся, што, голас Быкава на паперы мы захавалі.

Трэба адзначыць пра працу мастака Генадзя Мацура – аднаго з найлепшых кніжных мастакоў сёньняшняй Беларусі, фотаздымкі Сяргея Шапрана зь Менску, Уладзіслава Яндзюка з Прагі... І канечне, некалькі дзясяткаў журналістаў Свабоды – і тых, хто раней працаваў, і сёньняшніх нашых калегаў. І, натуральна, кніга была б немагчымая без дапамогі Ірына Міхайлаўны Быкавай.

(Радкевіч: ) “Сяргей, якія старонкі, разьдзелы кнігі табе падаюцца найбольш цікавымі?”

(Навумчык: ) “Самае цікавае і самае каштоўнае – гэта, канечне, словы самога Васіля Ўладзімеравіча. Ягоныя ацэнкі, ягоныя роздумы, ягоныя Быкаўскія прароцтвы. Сярод іх ёсьць такія, якія могуць быць прынятыя і як аксыёмы – скажам, пра тое, што дэмакратыя ня мае адэкватных сродкаў у барацьбе з таталітарызмам.

Але я скажу, магчыма, парадаксальную рэч – “Быкаў на “Свабодзе” – гэта тая кніга, якую я б параіў ну калі не чытаць, дык гартаць з канца. Там, якраз зьмешчаны пайменны паказьнік. Гэта – некалькі сотняў асобаў, якія мелі дачыненьне да Быкава.

Тут і ўсясьветна вядомыя імёны – як Генрых Бёль ці Міхаіл Гарбачоў, і асобы вядомыя вузкаму колу, але якія былі вельмі дарагія Быкаву – як, напрыклад, незабыўны Ўладзімер Кармілкін, летапісец апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня. Канечне, ёсьць асобы, якія згадваюцца вельмі часта – гэта, найперш, сябры Быкава, блізкія яму людзі – Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Зянон Пазьняк, Уладзімер Арлоў, Сяргей Законьнікаў, канечне ж, родныя Быкава, і супрацоўнікі “Свабоды”, якія рабілі інтэрвію ды рэпартажы.

Але я са зьдзіўленьнем убачыў, што рэкорд паводле колькасьці згадак у кнізе б’е адзін мой колішні калега па Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, які, я дакладна ведаю, ніводнага разу не сустракаўся з Быкавым.. Ён быў дырэктарам саўгасу Гарадзец Шклоўскага раёну. Можа быць, няхай гэтае прозьвішча не гучыць на сёньняшняй вечарыне. Можа так здарыцца, што праз 200 гадоў тое прозьвішча толькі і будуць памятаць што ў кантэксьце біяграфіі Быкава, і гэта будзе ТАКАЯ ПАМЯЦЬ, што зробіцца самым зьнішчальным прысудам. Праўнукі гэтага чалавека могуць прад’явіць яму маральны рахунак за Быкава.

Я ня ведаю, колькі гадоў самай маладой асобе ў паказьніку – напэўна, гэта нехта са студэнтаў Беларускага гуманітарнага ліцэю, але дакладна ведаю, колькі самаму старому – больш як 94 гады. Гэта – вядомы навуковец Барыс Кіт, зь якім Быкаў пасябраваў у Нямеччыне.

У гэтыя дні Ірына Міхайлаўна Быкава якраз у Нямеччыне, а сёньня яна сустракаецца з Кітом паблізу Франкфурту, і ў нас цяпер на тэлефоннай сувязі будзе Нямеччына. Адзінае, што, магчыма, будзе не зусім добрая чутнасьць, бо там, здаецца, праблема з батарэйкай у мабільным тэлефоне, ну але паспрабуем, я спадзяюся, што і ў Доме літаратара будзе чуваць”.

(Навумчык: ) “Як маецеся? Як здароўе?”

(Кіт: ) “Вельмі добра! Дзякую. (усьміхаецца). Мы тут сабраліся ўсе і вельмі прыгожа праводзім час.

(Навумчык: ) “Разам з Ірынай Міхайлаўнай?”

(Кіт: ) “Разам зь ёй таксама!”

(Навумчык: ) “Адна з апошніх кнігаў Васіля Ўладзімеравіча – гэта "Цярновы шлях Барыса Кіта". Які пэрыяд з вашага жыцьця найбольш уразіў Васіля Ўладзімеравіча? Пра што ён найбольш пытаўся ў вас?”

(Кіт: ) “Пра маю працу на Беларусі, калі я быў настаўнікам і дырэктарам у гімназіі, у Віленскай, у Наваградзкай, Маладэчанскай. У пяцёх гімназіях я быў дырэктарам і настаўнікам. Гэта для яго было вельмі цікава”.

(Навумчык: ) “Выглядае, што яго цікавілі ня столькі навуковыя вашы заслугі, неацэнныя, чаго варты адзін толькі "Апалон-11" зь першай высадкай чалавека на Месяц, але ў першую чаргу вашая праца ў Беларусі?”

(Кіт: ) “Так, гэта адно. Але, безумоўна, тое, што я рабіў у Амэрыцы – гэта таксама было яму вельмі цікава. З гонарам магу сказаць, што лічуся адным зь першапраходцаў амэрыканскай астранаўтыкі”.

(Навумчык: ) “Спадар Барыс, цяпер вас чуюць ня толькі слухачы Свабоды, але і тыя, хто сабраўся ў Доме літаратара на вечарыну, прысьвечаную Васілю Быкаву і прэзэнтацыі кнігі “Быкаў на Свабодзе”. Канечне, сувязь паміж Франкфуртам і Менскам – гэта ня тое, што сувязь паміж Зямлёй і Месяцам, але што б вы маглі пажадаць сваім землякам?”

(Кіт: ) “Самага найлепшага. А найбольш – рупіцца пра сваю Бацькаўшчыну, усяе Беларусі, трымацца беларускай нацыянальнай сьвядомасьці”.

(Навумчык: ) “Дзякуй вялікі, спадар Барыс. Калі там побач Ірына Міхайлаўна, дайце ёй слухаўку, калі ласка”.

(Быкава: ) “Ало.”

(Навумчык: ) “Ірына Міхайлаўна, добры дзень”.

(Быкава: ) “Добры дзень”.

(Навумчык: ) “Я вас ня буду надоўга адцягваць ад гутаркі з Кітом... Нам пастаянна задаюць пытаньне – ці варта было ў Васіля Ўладзімеравіча адымаць час сваімі інтэрвію на Свабодзе, мо лепш бы ён гэты час захаваў для літаратуры. Як успрымаў гэта Васіль Уладзімеравіч?”

(Быкава: ) “З адказнасьцю”.

(Навумчык: ) “Дыпляматычны адказ”.

(Быкава: ) “Ну, калі з ахвотай успрымаў... Але заўсёды з адказнасьцю і з сумленьнем”.

(Навумчык: ) “Ці слухалі вы Свабоду часта?”

(Быкава: ) “Кожны дзень амаль”.

(Навумчык: ) “Кніга "Доўгая дарога дадому" была апошняй прыжыцьцёвай кнігай Быкава. За год вось цяпер яна ўжо выходзіць чацьвертым накладам. Гэта абсалютна ўнікальны для беларускага кнігавыдавецтва выпадак. Ірына Міхайлаўна, наколькі я разумеў са словаў Васіля Ўладзімерваіча, перад ім, калі ён пісаў не было ніякіх архіўных дакумэнтаў і нават даведнікаў?”

(Быкава: ) “Не было, вядома, нічога. Я ж вось цяпер тут у Нямеччыне – зьбіраю, у каго што ёсьць. Вось узяла вялікі стос лістоў усякіх, арыгіналы, усё, што ёсьць. Гэта цяпер мая справа – сабраць тое, што тут было пакінутае ў свой час у Нямеччыне”.

(Навумчык: ) “Як маецеся ўвогуле?”

(Быкава: ) “Мы зараз у старым замку, у цудоўнай рэстарацыі. Усё добра. Толькі Васіля не хапае. Вельмі адчуваецца, што няма. Тое, што было – было. Але яго няма. Мы яго памятаем. Ён з намі”.

(Навумчык: ) “Трымайцеся”.

(Быкава: ) “Як магу, трымаюся. Дзякуй Вам вялікі”.

(Навумчык: ) “У нас на сувязі ў Нямеччыне былі Барыс Кіт і Ірына Міхайлаўна Быкава. І мне падаецца, што сабраць усё зьвязанае зь імем Быкава, памяцьцю Быкава – гэта абавязак ня толькі блізкіх Васіля Уладзімеравіча, але усіх нас, ягоных сучасьнікаў.

І я не здарма запытаўся Ірыну Міхайлаўну пра тое, а ці варта было забіраць час у Быкава? Часам, я памятаю, на пачатку 1990-х гадоў было аналягічнае пытаньне – а ці варта было ўцягваць Быкава ў палітыку?

Дык вось, Васіль Уладзіміравіч ніколі не рабіў таго, у чым ня быў перакананы, і ў чым не адчуваў патрэбы. І адрываць Быкава ад палітыкі, ад публіцыстыкі – гэта значыць вельмі звужаць асобу Быкава. Быкаў лічыў адной з найважнейшых падзеяў беларускай гісторыі – аднаўленьне Незалежнасьці Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў, якое зьдзейсьніў Народны Фронт. І калі пагадзіцца з гэтай ягонай ацэнкай, дык трэба пагадзіцца і з тым, што гэтае аднаўленьне, наагул, працэс Адраджэньня нацыянальнага, быў бы проста немагчымы – ён ня тое што быў бы іншы, у іншы час – ён, паўтаруся, быў бы немагчымы без асобы Васіля Быкава. І кніга “Быкаў на Свабодзе” – яшчэ адно пацьверджаньне гэтаму”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.