|
СКАСАВАЛІ АДЗІНУЮ БЕЛАРУСКАМОЎНУЮ ФМ-СТАНЦЫЮ |
Нягледзячы на намаганьні Міністэрства інфармацыі, скіраваныя на большую прысутнасьць беларускай музыкі ў ФМ-эфіры, вынікаў пакуль не відаць. Затое амаль да нуля скарацілася прысутнасьць у ФМ-эфіры беларускага слова. Днямі перастала існаваць адзіная беларускамоўная ФМ-радыёстанцыя “Сталіца”.
|
|
|
Валер Каліноўскі, Менск |
|
Падарожнікі, якія прыяжджаюць у Беларусь, напрыклад, на аўтамабілях, слухаючы свае радыёпрыймачы, могуць і не зразумець, у якой краіне знаходзяцца, — у папулярным ФМ-дыяпазоне ад мінулай суботы няма ніводнай беларускамоўнай ФМ-станцыі. Апошняй было дзяржаўнае радыё “Сталіца”, якое ўваходзіла ў структуру Белтэлерадыёкампаніі. Цяпер яе месца ў эфіры на распараджэньне старшыні БДТРК Ягора Рыбакова заняў новы расейскамоўны праект “Радыюс-ФМ”.
Калектыў радыё “Сталіца” скарочаны, частка журналістаў перайшла ў АТН, частка звольненая. Сама станцыя вяшчае ў дыяпазоне ўльтракароткіх хваляў, які мала хто слухае, а ў верасьні чакаецца чарговая рэарганізацыя “Сталіцы” ў праект больш ідэалягічнага напрамку. Гаворыць былая супрацоўніца радыё “Сталіца”:
(Супрацоўніца: ) “Дзьякаў сказаў, што ён да верасьня набярэ іншых людзей, і нікога са старых, ён сказаў, што ніводнага старога голасу на “Сталіцы” гучаць ня будзе. І ці будзе зусім там “Сталіца” пасьля верасьня, ніхто ня ведае”.
Радыё “Сталіца” была ў ФМ-эфіры даволі пасьпяховай і папулярнай станцыяй, якая прымалася амаль па ўсёй краіне. У прыватнасьці, міністар інфармацыі Беларусі Міхаіл Падгайны назваў “Сталіцу” адкрыцьцём у беларускім эфіры. Асабіста ён нэгатыўна выказваўся наконт плянаў кіраўніцтва БДРТК замяніць “Сталіцу” расейскамоўным праектам, але ён тут нічога не вырашаў. Кіраўнік БДТРК Ягор Рыбакоў абвесьціў і дамогся стварэньня новай камэрцыйнай радыёстацыі замест “Сталіцы”. Праўда, запуск “Радыюс-ФМ” зацягнуўся на месяц, але ўрэшце гаварыць пра канкурэнтаздольнасць гэтай станцыі на беларускім ФМ-рынку пакуль не выпадае. Затое зьнішчаная адзіная беларускамоўная ФМ-станцыя.
Таварыства беларускай мовы выступіла з пратэстам з нагоды закрыцьця ФМ-станцыі “Сталіца”. Пратэставала яно і з нагоды імклівага скарачэньня беларускамоўных праграмаў на БТ. Цяпер амаль усе дзённыя і нядзельныя выпускі навінаў БТ пераведзеныя на расейскую мову. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў:
(Трусаў: ) “Гэта яшчэ адно зьвяно антыбеларускай кампаніі, якая сьвядома рэжысуецца з боку ўладаў… Рыбакоў — гэта марыянэтка. Мы зь ім перапісваемся рэгулярна, ад Рыбакова нічога не залежыць. Я думаю, што ёсьць сілы, якія кіруюць Рыбаковым, а калі б яму загадалі па-беларуску ўсё рабіць, ён бы рабіў бы ўсё па-беларуску, тым больш што ён скончыў беларускамоўны філфак, паводле адукацыі ён настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Рыбакоў, як і Навіцкі — чысты выканавец. Ад яго нічога не залежыць. Нічога. Я зь ім перапісваўся, і зь Зімоўскім, але зразумеў, што самі яны можа гэтага і не рабілі б, проста ім загадваюць. Хутчэй за ўсё, ёсьць нейкі патаемны каардынацыйны цэнтар, які сьвядома хоча зьнішчыць усё беларускае”.
Алег Трусаў прагназуе, што на працягу лета і восені гэтая палітыка будзе ўзмацняцца, але ўрэшце перамагчы беларускую мову ўладам ня ўдасца, кажа ён. Таварыства беларускай мовы падлічыла, што ў эфіры тэлебачаньня, якое прымаецца ў Беларусі, беларуская мова гучыць толькі ў 7,9% перадачаў. Пры тым, што ў 2000 годзе такі паказчык складаў 10,3%.
Навучаньне на беларускай мове таксама скарачаецца — цяпер толькі 26,3 вучняў вучацца па-беларуску, што складае пагрозу для выжываньня мовы, — канстатуе Алег Трусаў. Аб гэтым ТБМ напісала ў лісьце былому прэм’еру Навіцкаму 24 чэрвеня, але не дачакалася адказу. 25 чэрвеня той зьліквідаваў адзіны беларускамоўны ліцэй імя Якуба Коласа, а на мінулым тыдні быў накіраваны ў адстаўку.
Ягор Рыбакоў, апраўдваючы закрыцьцё беларускамоўнай станцыі “Сталіца”, зазначаў, што новы праект будзе камэрцыйным, маючы пры гэтым на ўвазе, што нібыта беларускамоўныя праекты ня могуць быць пасьпяховымі. Аднак досьвед закрытага ўладамі “Радыё 101,2” сьведчыць, што беларускамоўны ФМ-праект можа быць самаакупным і прыбытковым. |
|
|
|
|