news programs realaudio contact archive
      Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



12 Ліпеня 2002
 
КРЫСТАФЭР СЬМІТ: МЕНСК ГАНДЛЮЕ ЗБРОЯЙ З ІРАКАМ. ЛУКАШЭНКА – НЯ ТОЙ ЧАЛАВЕК, ЯКІ АДПАВЯДАЕ СПАДЗЯВАНЬНЯМ БЕЛАРУСАЎ
Гандаль зброяй беларускіх уладаў, пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі – адны з асноўных тэмаў, абмеркаваных у Бэрліне, дзе на гэтым тыдні завершылася летняя сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. На пытаньні Радыё Свабода пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, барацьбу з тэрарызмам і палітычныя пэрспэктывы беларускіх уладаў адказаў амэрыканскі кангрэсмэн, кіраўнік дэлегацыі ЗША ў ПА АБСЭ Крыстафэр Сьміт.
 
Вольга Караткевіч, Бэрлін-Прага
 
Крыстафэр Сьміт – гэта палітык, для якога парушэньні правоў чалавека, правоў нацыі зьяўляюцца прыярытэтнымі. “Правы чалавека – гэта прынцып”, – сказаў мне ў гутарцы Крыстафэр Сьміт. Я яшчэ дадам, што на разгляд эўрапейскіх парлямэнтароў спадар Сьміт таксама прадставіў рэзалюцыі пра антысэмітызм у рэгіёне краінаў АБСЭ, пра права цыганоў на адукацыю, браў удзел у дыскусіях пра гандаль жанчынамі і, натуральна, зьвярнуў увагу дэпутатаў парлямэнтаў, сябраў АБСЭ на тое, што, відаць, ня ўсе краіны, што гандлююць зброяй з тэрарыстамі, улічаныя эўрапейскімі інстытуцыямі. Але найперш я запыталася ў Крыстафэра Сьміта пра “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Ён прадугледжвае істотную дапамогу беларускім дэмакратычным сілам і санкцыі супраць беларускіх уладаў – якая яго пэрспэктыва?

(Сьміт: ) “Акт у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі прадугледжвае выдзяленьне амаль 50 мільёнаў даляраў, каб паспрабаваць узмацніць нашае ўзьдзеяньне на дэмакратызацыю Беларусі. Гэта адбудзецца празь некалькі тыдняў і, я думаю, праз пэўны час гэта стане законам. Мы ня можам толькі гаварыць пра дэмакратыю, мы павінныя ўкладаць у гэта грошы – добрыя людзі ў Беларусі заслугоўваюць на такое кіраўніцтва, якое адпавядае іх спадзяваньням. А Лукашэнка – ня той чалавек”.

(Караткевіч: ) “Якія пэрспэктывы ўхваленьня гэтага Акту, падтрымкі яго амэрыканскім прэзыдэнтам Джорджам Бушам?”

(Сьміт: ) “Акт будзе ўхвалены, і, я думаю, што прэзыдэнт Буш падпіша яго ў якасьці закону. Прэзыдэнт вельмі рашучы ў пытаньні дэмакратызацыі і правоў чалавека. Ён у жаху ад таго, што ён бачыць. Гэтаксама і адміністрацыя прэзыдэнта, і Гэльсынская камісія ў парлямэнце бачаць сытуацыю з правамі чалавека, якія зьнішчаюцца ў Беларусі. Таму на Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ я падтрымваў рэзалюцыю, каб нацыянальны сход не прадстаўляў Беларусь, бо ён ня быў абраны народам. Выбары не былі ня толькі справядлівымі, яны былі па-за канстытуцыяй, сталі вынікам неканстытуцыйнай канстытуцыі. Гэта быў нелегітымны працэс. Гэта важна. Мы спадзяемся, што будуць дэмакратычныя і свабодныя выбары, з удзелам апазыцыі, зь яе доступам да сродкаў масавай інфармацыі. Лукашэнка павінен ведаць, што сьвет болей і болей (ня толькі ЗША, а іншыя краіны сьвету, Эўропы) разглядае Беларусь як краіну-парыю, кіраваную дыктатарам, які, падобна Чаўшэску і іншым такім жа былым дыктатарам, будзе ўзгадвацца бясслаўна. Ён дагэтуль мае магчымасьць быць рэфарматарам, зрабіць зьмены, а не выкарыстоўваць рэпрэсіі, катаваньні і зьняволеньні людзей”.

(Караткевіч: ) “Зразумела, што ўсе пункты Акту ў падтрымку дэмакратыі вельмі важныя. А на вашую думку, якія ж зьяўляюцца найбольш істотнымі?”

(Сьміт: ) “Я думаю, ключавое тут – адкрыць краіну, забясьпечыць свабоду прэсы, магчымасьць пісаць і даваць у эфір без страху быць арыштавыным, бо ты журналіст. Гэта вельмі важна. Павінна быць рэальная апазыцыя, якая мае магчымасьць выказацца, якая павінна ведаць, што выбары не скрадзеныя. Беларусь можа мець выдатную будучыню, але яна ня можа мець выдатнай будучыні пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Пэрспэктывы з гэтым лідэрам для краіны – гэта пераўтварыцца ў паліцэйскую краіну, у адзін вялікі ГУЛАГ”.

(Караткевіч: ) “Некаторыя эўрапейскія палітыкі спрабуюць заплюшчыць вочы на інфармацыю пра тое, што Беларусь гандлюе зброяй з краінамі, якія падтрымліваюць тэрарызм. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?”

(Сьміт: ) “Інфармацыя, якую я бачыў – засакрэчаную і не сакрэтную – сьведчыць, што Менск зьяўляецца галоўным пастаўшчыком зьнішчальнай зброі дыктатурам і тэрарыстам. Улучна з Іракам, для якога патэнцыйнымі цэлямі зьяўляюцца ваенныя самалёты ЗША і Вялікай Брытаніі, што патрулююць паветраную зону. Гэта пытаньне пэрсанальнае. Існуе згода на высокім узроўні, што Лукашэнка падтрымлівае тэрарыстаў. Пасьля 11 верасьня стаўленьне сьвету да тэрарызму зьмянілася, і агульная пазыцыя ў тым, што тэрарызм – гэта кепска, і ён павінен быць спынены. Лукашэнка ж дагэтуль дапамагае тэрарыстам. І зноў – людзі Беларусі шмат губляюць, пакуль Лукашэнка пры ўладзе, яны ня будуць мець высокага ўзроўню жыцьця, ня будуць мець свабоды, страх будзе й надалей прысутнічаць, як гэта было з людзьмі ў Румыніі, іншых краінах, якія не хацелі дыктатуры. Беларусь павінна рухацца да дэмакратыі, стаць часткай Эўропы, часткай усясьветнай цывілізацыі. І яна будзе вітаная з адкрытымі абдымкамі, калі цяперашняя дыктатура зьнікне”.

(Караткевіч: ) “Ці вы мелі нейкі пратэст з боку афіцыйнага Менску адносна “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” і пазыцыі ЗША?”

(Сьміт: ) “Мы ведаем, што ўрад Беларусі вельмі незадаволены. Гэта пытаньне прынцыпаў – правы чалавека. Нашыя крытэры: ліквідацыя атмасфэры страху, свабодная прэса, апазыцыя, якая не перасьледуецца, не арыштоўваецца з прычыны таго, што яе прадстаўнікі маюць іншае меркаваньне. Хай мінімум, але неабходныя крытэры правоў чалавека”.

(Караткевіч: ) “Ці можна гаварыць пра прагрэс у перамовах з Расеяй у беларускім пытаньні?”

(Сьміт: ) “Я думаю, болей і болей Лукашэнка зьяўляецца прычынай няёмкасьці для расейскага ўраду, ураду Пуціна. Ён не прымаецца ўсімі, хто верыць у дэмакратыю. Я думаю і спадзяюся, што Расея сама робіць уласныя захады дзеля адкрытасьці, галоснасьці. Чаму яны павінныя зьвязвацца з самай брутальнай і малапэрспэктыўнай дыктатурай у Эўропе? Расея раніць сябе, Пуцін раніць сябе, кантактуючы з дыктатурай. Яны перашкаджаюць сабе ў палітычным ды іншым сэнсе, падтрымліваючы рэжым Лукашэнкі. Ніхто не наіўны, што да існасьці рэжыму Лукашэнкі”.

(Караткевіч: ) “Спадар Сьміт, вы гаворыце пра Беларусь і правы чалавека ў ёй зь вялікімі такімі эмоцыямі...”

(Сьміт: ) “Паводле веры, мы – браты і сёстры. Я ведаю многіх лідэраў апазыцыі, сустракаўся зь імі, размаўляў. Асабліва з жонкамі зьніклых і рэпрэсаваных. Яны хочуць вярнуць сваіх любых. Усё часьцей Лукашэнку разглядаюць як яшчэ аднаго Мілошавіча. І вы ведаеце, дзе ён зараз. Я працягваю зьвяртацца да Лукашэнкі – нават, калі гэта ўжо даволі позьняя частка гульні, – стань рэфарматарам, зрабі некалькі крокаў да рэформаў, мы знойдзем пазытыўныя моманты і шляхі да паразуменьня, але не працягвай ісьці шляхам Мілошавіча і Чаўшэску. Абодвух цяпер ненавідзяць. Іх злачынствы сталі вельмі вядомымі. У гісторыі яны будуць мець жахлівую ацэнку”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.