Я хацеў бы распавесьці пра тое, як рабіліся першыя беларускія, назавем
іх непадцэнзурныя, друкаваныя выданьні ў сярэдзіне 80-х.
Гэта быў даволі рамантычны працэс. Па-першае, трэба было знайсьці кватэру
з маладой сям’ёй, дзе…ну ніхто ня будзе перашкаджаць. Па-другое, я ўжо
ня ведаю чаму, усё гэта рабілася звычайна па начах з тым, каб у шэсьць
гадзінаў вечара пачаць і працаваць да дзевяці раніцы, а потым пайсьці на
працу. Ясна, што не было ніякіх кампутараў, прынтэраў. Уся капіравальная
тэхніка знаходзілася на ўліку, людзі, якія працавалі з капіравальнай тэхнікай,
давалі спэцыяльныя падпіскі, і сам тэхналягічны працэс выглядаў даволі
складана. Усе матэрыялы друкаваліся калёнкамі на друкавальнай машынцы,
пры гэтым іх трэба было надрукаваць максымальна акуратна, бо любая праўка
патрабавала як мінімум перадрукаваць увесь радок, а часамі абзац, і трэба
было лавіць, каб гэтая калёнка не паехала ўніз; каб газэта выглядала акуратна,
трэба было друкаваць вельмі і вельмі дакладна. Па-другое, усе гэтыя калёнкі
расклеіваліся на аркушах паперы, трэба было выцінаць нажніцамі. Карацей,
гэта было мастацтва аплікацыі, якое патрабавала вельмі вялікай акуратнасьці.
І вось я прыгадваю такі выпадак. Мы рабілі ня памятаю якое выданьне,
гэта ўжо была раніца, можа шэсьць, можа сем гадзінаў раніцы, газэта ўжо
была зробленая, усё ўжо было расклеена, загалоўкі былі зробленыя, я рабіў
апошнюю карэктуру. І я заўважыў, што ў нейкім абзацы, ня памятаю ў якім,
не стаяла кропка. І тады я заправіў у друкавальную машынку чысты аркуш
паперы, паставіў на машынцы кропку, выцяў квадрацік два мілімэтры на два
мілімэтры, акуратна ўклеіў яго на месца, і тады газэта пайшла на капіраваньне.
Вось такі ўспамін. Я ня думаю, што такая тэхналёгія калі-небудзь можа
быць паўтораная ў ХХІ стагодзьдзі.
Алесь Суша, Менск
|