RFE/RL |
На сваім вяку мне давялося бачыць мноства тэатраў – Джорджа Стэйлера,
шэкспіраўскі мэмарыяльны тэатр, Лёнданскі нацыянальны, Парыскі. Першым
спэктаклем у Менску для мяне была “Паўлінка” у складзе вялікіх беларускіх
актораў – Глебава, Дзядзюшкі, Ржэўскай, Платонава.
Ідуць гады і, натуральна, чалавек усё часьцей зьвяртаецца да свайго дзяцінства. Шчымлівым сантыментам усплывае наш школьны спэктакаль “Папялушка”, які гралі дзеці на сцэне мястэчка Бытэнь. Гэта было ў 1947 годзе. Бачу, як праз нашае мястэчка аматары-артысты, удзельнікі нашага спэктаклю несьлі туфельку, абцягнутую фальгой, срэбную. У Бытэні тады не гарэла сьвятло, і урокі мы адраблялі пры нафтавай лямпе. Аднак Бытэнь не была глухой. Таму што быў пры школе знакаміты хор, якім кіравала Соф’я Фігнэр, немка ці полька з паходжаньня, ва ўсялякім выпадку, яна гаварыла з акцэнтам. Хор сьпяваў клясыку. Жадаючых сьпяваць было вельмі многа. І кіраўнічка брала ўсіх з адной умовай – ты павінен быў добра сябе паводзіць, хадзіць чыстым, выпрасаваным, мець пры сабе чыстую насоўку і заўсёды начышчаны абутак. А яшчэ ты быў павінен прыгожа, нахіліўшы галаву, вітацца са старэйшымі, дапамагчы старэйшаму, калі ён нес нешта цяжкае, саступіць яму месца, і, натуральна, добра вучыцца. Мы стараліся выконваць умовы кіраўніцы хору, таму што сьпяваць было шчасьцем. А яшчэ была бібліятэка. А яшчэ ад маці, ад “Папялушкі”, ад кніг мяне павяло паступаць у Ленінградзкі інстытут тэатра й музыкі. Я прыехала ў Ленінград і даведалася, што конкурс велізарны – 20 чалавек на адно месца. Паступаў усё сталічны люд, я ж з правінцыі, з Бытэні. Першы экзамен – трэба было напісаць рэцэнзію на спэктакаль “Атэла” у пастаноўцы Пушкінскага тэатра. Зразумела, што я гэты спэктакаль ня бачыла. Ну, што? Сьлёзы на вачох, аднак, падумаўшы трошкі, супакоіўшыся, я на першай старонцы напісала, што я жыву ў Бытэні, дзе няма тэатру, але што я бачыла аднайменны фільм. І далей – пра фільм. Вярнулася ў пакой інтэрнацкі ды пачала зьбірацца дадому. Але на ўсялякі выпадак праз тры дні я прыйшла на калёквіюм. Стаю ў натоўпе перад дзьвярыма і хвалююся. Нарэшце выйшла сакратарка прыёмнай камісіі, павяла вачыма паверх нашых галоваў і моцным голасам запыталася: “Кто здесь Готовчиц?” Я нават адразу не зразумела, што мяне выклікаюць, настолькі экзатычна па-руску прагучала маё прозьвішча. Прымала іспыт прафэсура інстытута начале з Сяргеем Сяргеевічам Данілавым, аўтарам падручніка па гісторыі рускага тэатра. Ён задаваў мне шмат пытаньняў, і, нарэшце, апошняе: – Вот сейчас много говорят о том, что театр умирает, что его заменит телевидение и кино. Что Вы на это можете сказать? Я крыху падумала і адказала: – Ёсьць лацінская прымаўка, – Данілаў выцягнуўся праз стол і так запытаўся, – Кака-ая? На што я спакойна працягвала: – Лацінская. Жыцьцё чалавека кароткае, – казала я, – жыцьцё мастацтва бясконцае. А тэатр – гэта мастацтва. Данілаў тады са згодай заківаў і мяне прынялі. Ізабэла Гатоўчыц
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |