На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу. Паводле афіцыйных паведамленьняў, кіраўнік краіны абмяркуе з прэзыдэнтам Уга Чавэсам пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва. Камэнтары:
“Паехаў кансультаваць, як трэба правільна рэфэрэндумы праводзіць”;
“Адзін беларускі чыноўнік высокага рангу аднойчы заявіў, што абляцеў на гэлікоптары ўсю Вэнэсуэлу, і нідзе не выявіў прыкметаў земляробства. Маўляў, для беларусаў там не распачаты край супрацоўніцтва. Відаць, не разумее чыноўнік, што каноплі вырошчваць куды больш прасьцей і выгодней, чым памідоры”.
Газэта ”Советская Белоруссия” выступіла ў абарону музычнага фэстывалю “Рок-кола”, які 17 гадоў запар ладзіўся ў Полацку, і сёлета быў закрыты мясцовымі ўладамі. Фармулёўка – “чужасьць праваслаўю і культуры Полацкага краю”. Камэнтар:
“Што ж гэтыя цёці і дзядзі (чыноўнікі) лічаць ня чужым для “праваслаўя і культуры нашага краю”? І ці не зашмат бяруць на сябе людзі, якім падаецца, што яны “праваслаўныя герархі”?
Шмат каго з беларускіх карыстальнікаў папулярнага сайту блогаў “Жывы Журнал” хвалюе продаж рэсурсу амэрыканскімі ўладальнікамі расейскай карпарацыі “SUP”. Некаторыя выказваюцца пра верагоднасьць цэнзуры блогаў у часе палітычных кампаніяў у Расеі. ant1killer у сваім дзёньніку задае пытаньне: “Ці пагадзіліся б вы пісаць замест свайго ЖЖ на іншы сайт, створаны менавіта для беларускіх блогераў?” Камэнтары:
“Пэўна так, калі ўсе фрэнды пяройдуць”;
“Не. Патрэбны сайт павінен быць дастаткова моцны і з надзейнай падтрымкай. Ну і калі ён вядомы для замежнікаў, таксама толькі лепш будзе”;
“Не люблю рэзервацыяў :)”;
“Гэта ўжо нейкі канцлягер. Я б не пісаў адназначна. У мяне ёсьць сябры з розных краінаў, ды і наагул гэта ўжо атрымліваецца, што ёсьць татальны кантроль над блогамі. Гэта будзе дастаткова узламаць сайт, каб прычыніць адначасова ўсе блогі”;
На сайце блогаў “Жывы журнал” зьявіўся блог newgadzet-by, які знаёміць карыстальнікаў (цытую)“з IT-навінамі з усяго сьвету -- у журнале будуць апісвацца новыя тэхналёгіі, тэхніка, дызайн, акрамя гэтага будзе шмат іншай цікавай інфармацыі”. Стваральнік падкрэсьліваюць прынцыповасьць вядзеньня блогу беларускай мовай: “Для беларускай часткі праекта ставіцца мэта адраджэньня беларускай мовы”.
Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.