[ svaboda logo ] [ svaboda.org ] [ Belarusian ]
  пятніца, 29 жніўня 2008
Грамадзтва    [ раздрукуйце старонку ] -    - тэкставая вэрсія
пятніца, 31 жніўня 2007, 5:42
У Бабруйску будуць суседнічаць праваслаўная і габрэйская гімназіі Радыё Свабода, Магілёў Сёньня ў Бабруйску адкрыецца першая ў Беларусі праваслаўная гімназія. Гэта вынік супрацоўніцтва міністэрства адукацыі і Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы. У першую клясу гімназіі прыйдуць вучыцца 17 дзетак. Плянуецца, што на адкрыцьці будуць прысутнічаць прадстаўнікі ўлады, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ды Менскай духоўнай акадэміі.

Навучаньне ў гімназіі будзе праходзіць згодна з плянамі, зацьверджанымі Міністэрствам адукацыі. Прадметы агульнаадукацыйнай праграмы дапаўняюцца вывучэньнем асноваў праваслаўнай культуры і Закону Божага. Тэрмін навучаньня ў гімназіі - чатыры гады. Фінансаваць яе зьбіраецца праваслаўная царква.

Ва ўправе адукацыі заяўляюць, што ніякага дачыненьня да гімназіі ня маюць. А вось што паведаміў супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму:

“Што тычыцца мясцовай ідэалягічнай улады, дык я вам кажу: гэта стваралася пад эгідай Рускай праваслаўнай царквы. Мы інфармавалі бабруйцаў пра адкрыцьцё гэтай гімназіі, але менавіта прапрацоўка гэтага пытаньня – гэта лепш гаварыць з прэсавай службай япіскапа Бабруйска-Быхаўскага”.

Так нарэшце высьветлілася, што заснаваў гімназію Сьвята-Мікольска-Сафійскі прыход. Навучальная ўстанова разьмясьцілася ў адрамантаваным вернікамі будынку былога дзіцячага садку. Гаворыць адна з супрацоўніц:

“Тыя, хто меў ахвоту ў нашу гімназію паступіць, тыя паступілі. Усіх бацюшка блаславіў. Ніякага асаблівага адбору мы не рабілі. Адзінае, што мы прыпынілі набор, калі набралі адну клясу. У нас не стае памяшканьняў. Мы разьлічваем мець пачатковую школу з чатырох клясаў”.
”Гэта правільна, калі габрэйскія дзеці будуць вучыцца ў габрэйскіх гімназіях, а праваслаўныя ў праваслаўных, абы там не выкладалі антысэмітызму”

Ксёндз бабруйскага касьцёлу Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі Юры Быкаў ня бачыць нічога кепскага ў адкрыцьці праваслаўнай гімназіі:

“Установы могуць адчыняцца, і ў гэтым няма нічога дрэннага – абы яны працавалі на духоўнасьць. Гэта добра, калі павышаецца духоўнасьць на Беларусі. Школа якаясьці павінна быць, альбо гімназія, я пакуль што ня бачу патрэбы каталіцкай гімназіі ў Бабруйску”, – зазначыў ксёндз Юры Быкаў.

У бабруйскіх габрэяў ёсьць свая гімназія, побач зь якой цяпер разьмесьціцца і праваслаўная. Тут таксама нічога кепскага ў такім суседзтве ня бачаць.

“Гэта правільна, калі габрэйскія дзеці будуць вучыцца ў габрэйскіх гімназіях, а праваслаўныя ў праваслаўных, абы там не выкладалі антысэмітызму”, – зазначылі “Свабодзе” ў бабруйскай габрэйскай грамадзе.

Праваслаўныя не задаволеныя супрацоўніцтвам зь Міністэрствам адукацыі, 12.07.2007
Чаму ў Беларусі абвастраюцца рэлігійныя дачыненьні?, 11.06.2007


 Знайдзі артыкул паводле
або
 Гл. таксама
8.12.2007 [Грамадзтва]
7.12.2007 [Грамадзтва]
18.8.2007 [Чалавек]
18.7.2007 [Грамадзтва]
26.4.2007 [Грамадзтва]
8.4.2007 [Грамадзтва]
12.2.2007 [Грамадзтва]
8.4.2005 [Чалавек]
19.1.2005 [Культура]
галоўная