чацьвер, 18 сакавіка 2010
Палітыка
-
Пашлі сябру!
-
тэкставая вэрсія
аўторак, 22 чэрвеня 2004, 17:38
Ахова Лукашэнкі затрымала карэспандэнта Радыё Свабода
Ул. інф.
А 10-й гадзіне раніцы наш карэспандэнт Юры Сьвірко прыйшоў у Дом ураду, каб трапіць на паседжаньне сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Ён паказаў пропуск на ўваход у палату зь пячаткай службы бясьпекі й запісам “сапраўдны да 31 снежня 2004 г.” ды пасьведчаньне аб рэгістрацыі МЗС, якое сапраўднае да 9 красавіка 2005 году, дзе напісана “Радыё Свабода, ЗША”. Убачыўшы назву радыё, ахоўнік у форме службы бясьпекі прэзыдэнта заявіў, што карэспандэнта не прапусьціць.
Калі наш карэспандэнт дастаў дыктафон, уключыў яго і спытаўся, на якой падставе яму забаронены ўваход у Палату прадстаўнікоў, ахоўнік забраў дыктафон Радыё Свабода і выбег зь ім на двор да помніка Леніну, а журналіста адразу схапілі нейкія людзі ў цывільным, заламалі рукі й выпіхнулі з будынку.
У Дом ураду ў гэты момант уваходзіў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен, які стаўся сьведкам падзеяў. Супрацоўнік службы бясьпекі, які назваў сябе Сяргеем, зьнішчыў усе запісы на мінідыску ў дыктафоне нашага карэспандэнта — на вачах у кіраўніцы дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Уты Цапф, якая прыехала падчас скандалу. Дыктафон Юрыю Сьвірку вярнулі, і ён зноў паспрабаваў прайсьці ў будынак. Тады нейкі начальнік у цывільным забраў у яго абодва акрэдытацыйныя пасьведчаньні й заявіў, што яны больш несапраўдныя. Ута Цапф сказала, што такога яна яшчэ ніколі ня бачыла. Прадстаўнікі АБСЭ прайшлі ў палату і прасілі іх дачакацца.
Пазьней гэты ж начальнік у цывільным, з рацыяй у руцэ запатрабаваў ад нашага карэспандэнта “ачысьціць памяшканьне”. Калі Юры Сьвірко папрасіў таго паказаць ягонае пасьведчаньне, замест гэтага адзін з бар’ераў на ўваходзе ў Дом ураду быў раптам адсунуты, з боку памяшканьняў Цэнтарвыбаркаму выбегла 6 чалавек у цывільным, прычым адзін зь іх быў у спартовым касьцюме, яны зноў схапілі журналіста, ледзь не зламалі руку, а потым пацягнулі праз Цэнтарвыбаркам да ўваходу ў Прэзыдэнцкую бібліятэку. Там стаяў УАЗ з чырвоным міліцэйскім нумарам МН0773, карэспандэнта “Свабоды” запхнулі на задняе сядзеньне, дзе побач зь ім селі яшчэ трое ў цывільным. “Уазік” пэўны час стаяў на тэрыторыі Дому ўраду, а потым выехаў і прыпаркаваўся каля Чырвонага касьцёлу.
Двое ахоўнікаў засталіся пільнаваць журналіста, якому было забаронена тэлефанаваць з мабільнага і адказваць на тэлефанаваньні. Нарэшце вярнуўся іх начальнік і сказаў: “Дзе вы жывяце? Мы вас туды зараз адвязем. І за гэта грошай ня возьмем — лічыце, што гэта таксі”. Юры Сьвірко назваў вуліцу Энгельса, дзе знаходзіцца ягоная кватэра, і “ўазік” адвёз журналіста туды — там, каля рэдакцыі газэты “Народная воля”, яго выпусьцілі.
архіў
галоўная
угару
Знайдзі артыкул паводле
- месца -
Берасьцейская вобласьць
Віцебская вобласьць
Гарадзенская вобласьць
Гомельская вобласьць
Літва
Магілёўская вобласьць
Менск, Беларусь
Менская вобласьць
Польшча
Расея
Сьвет
Украіна
Эўропа
або
- тэмы -
Адукацыя
Беларусь – ЗША
Беларусь – Расея
Беларусь – Эўропа
Бізнэс
Вайна з тэрарызмам
Выбары
Газ і ПЭК
Гісторыя
Голас народу
Грамадзтва
Здароўе
Кампутары і тэхналёгіі
Крымінал і здарэньні
Курапаты
Літаратура
Лукашэнка
Мастацтва і культура
Міжнародная прэса
Мова
Моладзь
Музыка
Мэдыі
Палітыка
Правы чалавека
Пратэсты
Прафсаюзы
Рэлігія
Спорт
Чарнобыль
Эканоміка
Гл. таксама
7.12.2007 [Грамадзтва]
Што новага чакае наведнікаў нашага сайту з панядзелка?
7.12.2007 [Грамадзтва]
Аляксандар Фядута: “Спроба Лукашэнкі згуляць у Сталіна – памылка”
7.12.2007 [Грамадзтва]
“Хто хацеў пусьціць пад адхон электрычку Менск-Стоўбцы?”
6.12.2007 [Чалавек]
Аляксандар Фядута: “Сёньня часы ўжо больш людажэрныя, чым за Брэжневым”
6.12.2007 [Грамадзтва]
Агляд недзяржаўнага друку
5.12.2007 [Грамадзтва]
“Начная Свабода” з Валерам Каліноўскім. 5 сьнежня
5.12.2007 [Грамадзтва]
Чацьвер на Свабодзе
5.12.2007 [Начная Свабода]
Начная аБЛОГа 5 сьнежня
5.12.2007 [Грамадзтва]
Начная аБЛОГа 5 сьнежня
5.12.2007 [Грамадзтва]
Мікалай Чаргінец судзіцца зь недзяржаўнымі журналістамі
галоўная
Radio Free Europe / Radio Liberty © 2010 RFE/RL, Inc. All Rights Reserved.