[ svaboda logo ] [ svaboda.org ] [ Belarusian ]
  серада, 20 жніўня 2008
Чалавек    [ раздрукуйце старонку ] -    - тэкставая вэрсія
пятніца, 7 сьнежня 2007, 17:33
Чаму адмовіліся рэабілітаваць Ларысу Геніюш? Галіна Абакунчык, Менск Генэральная пракуратура Беларусі адмовіла ў рэабілітацыі Ларысы Геніюш. З просьбай рэабілітаваць паэтку да генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча зьвярталіся Аргкамітэт па ўшанаваньні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларускі Хэльсынскі камітэт. Сябры грамадзкіх арганізацыяў называюць рашэньне пракуратуры палітычна матываваным і маюць намер зьвяртацца ў міжнародныя праваабарончыя структуры.

Сябры грамадзкіх арганізацыяў заяўляюць, што ў 70 гадавіну кульмінацыі сталінскіх рэпрэсіяў слушным было б аднавіць справядлівасьць і вярнуць паэтцы добрае імя, аднак сёньняшнія ўлады гэтага рабіць не жадаюць, кажа адзін з заяўнікаў Васіль Якавенка:

“Яна не выпадковая асоба, яна — палымяная патрыётка нашай зямлі, нашай радзімы. Але менавіта гэта і бянтэжыць тых, хто сёньня разглядае справы ў высокіх інстанцыях. Ім гэта не патрэбна. Бо якраз людзі без аблічча, безь ніякага нацыянальнага пафасу іх задавальняюць найбольш. Вось з гэтай прычыны і адмовілі”.

У лісьце заяўнікам паведамляецца, што Генэральная пракуратура ня мае паўнамоцтваў адмяняць рашэньні Вярхоўнага суду, які ў 1999 годзе адмовіў Ларысе Геніюш у рэабілітацыі. Такім чынам, сёньняшнія ўлады адмовіліся ініцыяваць перагляд і, фактычна, паставілі кропку ў гэтай справе. Такое рашэньне — палітычна матываванае, і вось чаму, кажа юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:

“Там таксама цудоўна разумеюць, што юрыдычных падставаў, каб прызнаць яе вінаватай і затым адмаўляць у рэабілітацыі, сёньня не існуе. Гэта вядомая паэтка і патрыётка. Але палітыка — справа іншая. Бо набліжаецца стагодзьдзе з дня народзінаў Геніюш, і дзяржава ня мае права на афіцыйным узроўні праводзіць мерапрыемствы ў яе гонар, назваць яе імем вуліцу, паставіць помнік, бо Ларыса Геніюш не рэабілітаваная. Таму ў гэтым выпадку прынялі не юрыдычнае, а палітычнае рашэньне”.

Як паведаміў Гары Паганяйла, скаргу на дзеяньні суду ў Беларусі праваабаронцы бліжэйшым часам накіруюць у Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

У 2003 годзе з просьбай аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвяртаўся на імя Аляксандра Лукашэнкі. Аднак іхні зварот пераадрасавалі Вярхоўнаму суду, які паведаміў, што Геніюш была “абгрунтавана прызнаная не падлягаючай рэабілітацыі”.

Ларыса Антонаўна Геніюш (дзявочае прозьвішча Міклашэвіч) нарадзілася 27 ліпеня (9 жніўня) 1910 году ў маёнтку Жлобаўцы каля в. Воўпа (цяпер Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл.). Скончыла Ваўкавыскую гімназію ў 1928 годзе. Узяла шлюб зь Янкам Геніюшам і ў 1937 годзе пераехала ў Прагу, дзе ён вучыўся, а потым працаваў лекарам. У 1937—1948 гадах жыла ў Празе, мела стасункі зь беларускай эміграцыяй, брала ўдзел у працы ўраду БНР на эміграцыі. У сакавіку 1943 году стала Генэральным сакратаром ураду і займалася захаваньнем архіву БНР. Апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі, беларускімі працаўнікамі і ваеннапалоннымі. 5 сакавіка 1948 яе з мужам арыштавалі ў Вімпэрку (Чэхія), а 12 жніўня перадалі савецкім уладам. Утрымлівалася ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 году — у турме ў Менску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністар Дзяржбясьпекі БССР Цанава, які беспасьпяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР. У лютым 1949 году Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зьняволеньня ў лягерах. На гэткі ж тэрмін быў асуджаны і яе муж Янка Геніюш. Пакараньне адбывала ў лягерах Інта і Абезь (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР. У 1956 яе з мужам часткова рэабілітавалі, зьменшыўшы тэрмін пакараньня да ўжо адседжаных 8 гадоў. Пасьля вызваленьня сям’я пасялілася на мужавай радзіме ў Зэльве. Ларыса Геніюш прынцыпова адмовілася прыняць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхіі. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, тут бывалі частымі гасьцямі паэты і пісьменьнікі, мастакі, навукоўцы. Вершы Ларысы Геніюш друкаваліся ад 1939 году ў беларускіх пэрыядычных выданьнях “Раніца”, “Беларускі работнік”, “Новы шлях” і інш. У 1942 годзе ў Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі. Пісала вершы і ў зьняволеньні. Толькі ў 1967 годзе праз хадайніцтва Максіма Танка надрукаваны яе другі — і першы ў савецкай Беларусі — зборнік “Невадам зь Нёмана”. Найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў былі выдадзеныя пасьмяротна. Памерла 7 красавіка 1983 году, пахавана ў Зэльве.


“Беларускую літаратуру хацелі зьнішчыць як зьяву”, 3.11.2007
Леанід Маракоў: “Зразумела, чаму гэтая ўлада рэабілітуе наркамаў НКВД”, 27.10.2007


 Знайдзі артыкул паводле
або
 Гл. таксама
7.12.2007 [Культура]
7.12.2007 [Чалавек]
7.12.2007 [Культура]
5.12.2007 [Начная Свабода]
5.12.2007 [Чалавек]
5.12.2007 [Чалавек]
3.12.2007 [У што я веру]
1.12.2007 [Культура]
30.11.2007 [Дом літаратара]
галоўная