[ svaboda logo ] [ svaboda.org ] [ Belarusian ]
  серада, 20 жніўня 2008
Чалавек    [ раздрукуйце старонку ] -    - тэкставая вэрсія
пятніца, 7 сьнежня 2007, 15:13
Вянок памяці: Валянцін Блакіт Валянціна Аксак, Менск Пасьля цяжкой і працяглай хваробы сёньня пайшоў з жыцьця Валянцін Блакіт (сапраўднае імя і прозьвішча — Валянцін Болтач). Празаік, публіцыст, паэт, былы галоўны рэдактар часопісу “Вожык”, першы выдавец знакамітае ананімнае паэмы “Сказ пра Лысую гару” займаў адкрытую нацыянальна-адраджэнскую пазыцыю.

Валянцін Блакіт нарадзіўся 7 кастрычніка 1938 году на Гарадзеншчыне, у вёсцы Вострава Шчучынскага раёну. Працаваў у мясцовых раённых і абласной газэтах. Пасьля дзесяць гадоў — у партыйных органах. У той час зь ім зблізіўся паэт Генадзь Бураўкін, які тады кіраваў беларускім тэлебачаньнем і радыё.

“Усё добрае, што рабілася на беларускім тэлебачаньні і радыё на карысьць беларушчыны, усё гэта было зь яго абсалютным удзелам, актыўным удзелам, разумным удзелам. Ён часта прыкрываў нас ад дурных чыноўнікаў, ён падтрымліваў нас тады, калі мы памыляліся, але мы ведалі, што там, дзе гаворка ідзе пра будучыню Беларусі, там, дзе гаворка ідзе пра спрыяньне сапраўдным талентам, Валянцін заўсёды-заўсёды ёсьць як, можа непрыкметны, але вельмі важны наш і паплечнік, і абаронца”.

Пятнаццаць гадоў Валянцін Блакіт быў галоўным рэдактарам часопіса “Вожык”, а потым — намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса “Нёман”, зь якога сышоў разам зь іншымі супрацоўнікамі на знак пратэсту супраць гвалтоўнага зьліцьця літаратурных выданьняў у падцэнзурны ўладзе холдынг. Гаворыць даўні сябар Валянціна Блакіта паэт Сяргей Законьнікаў:

“Я любіў Валянціна за тое, што ён быў надзвычай прыстойным чалавекам — сардэчным, спагадлівым, шчырым, праўдзівым і, самае галоўнае, бескампрамісным у адстойваньні і абароне праўды. Такіх людзей ня так шмат. Валянцін заўсёды меў тую пазыцыю, якую сёньня павінен мець кожны беларус. Ён стаяў за нашу родную мову, за нашу культуру, за тое, каб мы былі годным народам на зямлі. І тое, што ён мог зрабіць дзеля гэтага, ён зрабіў”.

У Валянціна Блакіта засталіся жонка, сын і ўнук. І кнігі, апошняя зь іх — мэмуарная — будзе друкавацца ў незалежным часопісе “Дзеяслоў”.


 Знайдзі артыкул паводле
або
 Гл. таксама
7.12.2007 [Культура]
7.12.2007 [Чалавек]
7.12.2007 [Культура]
5.12.2007 [Начная Свабода]
5.12.2007 [Чалавек]
5.12.2007 [Чалавек]
3.12.2007 [У што я веру]
1.12.2007 [Культура]
30.11.2007 [Дом літаратара]
галоўная